Выбрать главу

Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак — 16.IX.937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі i юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, i я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеде «Літаратура i мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы i ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку большменш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.XII (ст.ст.) 1900-га i выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу — у справе паперка — папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.

Ну, а як жа дзень нараджэння?

Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Мінску, Гродне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у ix з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі i копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння — 10 (22) ліпеня 1899 года.

Муштук — касцяны, ім ні зарэзацца, ні парэзацца нельга, таму яго ў вязня i не забралі. Выскрабці на ім тую сакраментальную дату пасля таго, як той вязень зусім аслеп ад катаванняў, сам ён не мог. Выходзіць — або ён зрабіў гэта неўзабаве пасля арышту ў белацаркоўскай турме, або i раней, вярнуўшыся ад пракурора Вялікапалавецкага раёна, з гутаркі пра «шкодніцтва на рабоце», бо быў жа яшчэ два з палавінай месяцы дома. А магло быць i так, што па просьбе яго, аслеплага, калі ад пералому да смерці было яшчэ столькі дзён i начэй, гадзін i мінут для роздуму, успамінаў, адчаю, надзеі... хоць бы на лагер, можа, тады гэтую няхітрую гравіроўку мог зрабіць хто-небудзь з сяброў па камеры...

У Курапатах, у некалькіх правераных захаваннях, сярод мноства астанкаў не знойдзена ніводнага «рэчавага доказу з індывідуальнай адзнакай», на якім стаяла б прозвішча ці хоць імя ахвяры. Толькі на адной расчосцы, таксама касцяной, ёсць надпіс, таксама выскрабены нечым, на польскай мове:

Ciężkie są chwile więźnia. Minsk, 25.04.40. Myśl o was doprowadza mnie do rozpaczy. А на другім баку расчоскі: 26.IV.40. Rozpłakałem się — ciężki dzień. Тут свой падтэкст, які мяне, пры пэўным веданні Польшчы наогул, а тым больш палякаў у Заходняй Беларусі, хвалюе з іншымі здагадкамі ды меркаваннямі...

У Быкаўні, сярод знойдзеных імянных «вещдоков», чатырнаццаты па ліку — муштук. З прозвішчам, з ініцыяламі, з датай, але нічога на ім пра «цяжкія хвіліны», думкі пра родных, пра плач... Такое тут — зноў жа ў падтэксце. I ён, падтэкст гэты, не толькі ў лесе гэтых двух, курапацкага паляка i быкаўнянскага беларуса,— усенародны ён, усясветны!..

Муштука, што цяпер затаіўся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала, магло i не быць — ужо i знойдзенага, i абвешчанага ў друку. Нібыта падказаў мне хтосьці мудры — папрасіць у следчага аддаць рэліквію родным. Ён сказаў тады пра экспертызу, а пазней, калі мне муштук аддалі, растлумачыў па тэлефоне, у чым яна, экспертыза, заключалася б. Вельмі проста — дзеля таго, каб навукова ўдакладніць, што муштук сапраўды касцяны, яго спачатку трэба было б раскрышыць...

А так ён сведка i катаванняў, i падзямельных стрэлаў, i начнога закопвання, i сам выйшаў з таго палітычнага пекла, i мяне ўжо двойчы — цераз ліловую, з мноствам наклеек, крыху зацапаную папку — уводзіў туды ж...

Ці вытрымаў бы я яшчэ i трэці раз?

Выпісваю блакнотнае:

«Бывае так горка i цёмна ад тое папкі, што ўчора нават... праўда, упершыню, падумалася: няхай бы лепш я, ужо адзін, апошні з сясцёр i братоў, застаўся лепш пры тым варыянце Валодзевага канца, які мы ведалі да знойдзенага муштука!.. Хоць «ведалі» не падыходзіць — толькі меркавалі...»

За пятнаццаць месяцаў, падораных муштуком i папкай, я многа чытаў блізкага майму болю, патрэбнага для маёй задумы. Турэмныя ды лагерныя ўспаміны тых людзей, што выжылі. Яны — i нямногія з ліку забітых ды замучаных, ix адначаена i многа, калі далічыць i тых, пра каго яны расказалі, a ўлічыўшы ix права i абавязак гаварыць i за тых, што самі ўжо нічога не скажуць, ix — вялікае мноства. Бо праўда ix — найвялікшая.

Гэтая праўда свяціла i мне, дапамагаючы ад свайго, сямейнага ісці шырэй. I тое, чым я хачу падсумаваць свае пошукі, свой роздум, мне цяжка дый i не трэба аддзяляць ад таго, што я ўзяў ад народжанай у пакутах праўды другіх людзей, ад ix вопыту, што мне дапамагала ў цяжкія хвіліны.

Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве i ў Мінску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку — выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» i з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку — заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні i акрэсленне ваеннага трыбунала,— прысуд i забойства, расследаванне i рэабілітацыя, яшчэ ад на чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937-1956. I шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага Крымінальнага кодэкса), i шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так i падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Ca спасылкамі на розныя архіўныя нумары i абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь артикула, ушчэмлена паміж тымі «вінамі» — служба ў белых i дэзерцірства ад чырвоных — пры разглядзе справы на рэабілітацыю праігнаравана зусім, не згадваецца аніяк...