«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віну над крэслена, без двукосся — на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру... штосьці яшчэ горшае!.. I як ні многа я чытаў i слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названая яшчэ ад на прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых — партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў...
У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». I яна там, для «тройкі» — галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» — гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала i суд i прысуд адразу...
A быў жа яшчэ i нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. I радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу i той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, a быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які i следства вёў, i пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся...
З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы i ў «заявлении», i ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека... Няўжо i гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць i зламаць упартую ахвяру?
Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, i сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, i шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.
У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць i развагі аднаго з тэарэтпыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як зламаўся, як ён мог не зламацца i як гэта, бачыце, добра было б, каб i тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.
Назаву два імені.
У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:
«...Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе i ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін i так. Да таго ж на следстве мяне не білі. A калі б білі (як з другой палавіны 1937 года i пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы i як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».
Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:
«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».
I далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці,— такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:
«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым i падпісаў лішняе...»
Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасціі
Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, i мне яго, роднага, вельмі шкада.
Аднаго з тых, каго было так многа, многа...
Праклён i ўсім катам, i кожнаму ладу, які на гэтым трымаецца!
Я абавязаны яму жыццём.
Быў дзень, калі я, настолькі малы, што змог пралезці паміж радкаватымі металічнымі прутамі старога балкона, праціснуўся так i, з другога боку, упёршыся нагамі i ўчапіўшыся рукамі, пачаў пагойдвацца наперад ды назад. Пакуль не стала страшна i не закрычаў!.. Валодзя выбег на мой крык, паспеў схапіць за каўнер паліцечка. Старога, сіняга, якое я даношваў пасля двух старэйшых.