Я той чорны каракулевы каўнерык запомніў на ўсё жыццё. А на балкон той i на брук пад ім глядзеў у сорак дзевятым. I яшчэ раз, праз сорак гадоў, калі мне пазванілі пра муштук, успомніў таксама...
А мог жа я таксама i памерці разам з ім, нашым найстарэйшым. Калі б здзейснілася тое, што бацька вырашыў, калі з жонкай i меншымі ад'язджаў у вёску. Каб Ігнат, уладзіўшыся на прыходзе, забраў на выхаванне, на вучобу Мішу, а Валодзя, калі закончыць свой інстытут i стане працаваць, а я тым часам падрасту, забраў мяне. Коля застанецца пры бацьках, каб вырасці гаспадаром.
Бацька памёр праз два няпоўныя гады. Мяжа паміж Загорам i Адэсай варожа ўмацавалася. I з нашай замежнай вучобай нічога не выйшла.
У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.
Ёсць i такое яшчэ.
У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.
Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і... зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.
У пасляваенным, літаратарскім, варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.
Ну, a ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», a «нямецкі шпіён». Ды таму, хто i сам быў два гады ў Германіі...
Як тут не радавацца жыццю?!
Магло ж быць i трохі не так...
1990
ЗА СВЕТЛУЮ ПАМЯЦЬ
Пра маці — зноў, праз дваццаць два гады пасля апавядання-эсэ «Ты жывеш».
Маладою яна была дужая, а смелая — заўсёды.
Жывучы ў вёсцы адна (мужык у горадзе, на чыгунцы), пабойвалася за малых. Неяк зімовым вечарам, у яшчэ незамкнёную хату нехта загрукаў, а потым i ўлез, уварваўся. Нейкі праезджы — у бурцы, аблеплены снегам, не адразу пазнала, што нецвярозы.
— Дай, баба, бляску на дарогу!
А яна — за край пустога чыгуна, які стаяў на прыпеку.
— Такога бляску дам,— размахнулася,— што ў вачах табе заблішчыць!..
Прагнала i замкнулася.
Расказвала пра гэта, прадучы, як пра даўнейшае. Змалку помняцца тыя бляск i чыгун.
У пачатку двадцатых гадоў, калі Адэса стала, нарэшце, надзейна савецкай, хтосьці з пільных «пазнаў» на вуліцы ў высокім, спраўным студэнце сельскагаспадарчага інстытута... нядаўняга белага афіцэра.
Гэта быў наш Валодзя, найстарэйшы з пяці братоў.
Пакуль справа выяснілася... Маці расказвала мне, найменшаму, ужо ў вёсцы, як тая страшная справа выяснялася. Многа чыгуначнікаў падпісалася пад заявай, што гэта ніякі не афіцэр, а сын рабочага, студэнт. Была i яшчэ адна акалічнасць. Не памятаю, ці гэта ў грамадзянекую, калі Адэса была чарговы раз некім акупіравана, ці яшчэ раней, наш бацька дапамог аднаму з камуністаў, сыну знаёмага па службе земляка, а той камуніст, па прозвішчы Кергет, з падпольнага стаў уплывовым i змог адудзячыцца. Словам, Валодзю даволі хутка выпусцілі. А пакуль справа выяснялася — усё для маці праходзіла вельмі няхутка. I ў чарзе каля турмы настаялася з перадачамі, i наглядзелася, наслухалася. Памятаю: «Як скажуць: «Выбыл в ЧК», дык яна, бедная, тут i самлее!..» Ездзіла да яго i на ліман, дзе вязні працавалі на здабычы солі. Змалку засела ў памяці незвычайнае слова, якое вось знайшоў у Грынчанкі, «украінскага Даля»,— кагат, вялікая горба. «Тачкамі, бедныя, соль тую вазілі ўверх, на кагаты». Відаць, вялікія яны былі, бо наш студэнт зваліўся з поўнай тачкаю з таго кагата, натоўкся дужа i вывіхнуў вялікі палец ці нават усю руку ў запясці«А галадалі як у турме! Кілька салёная без хлеба, а потым піць не даюць...»
I яшчэ што помніцца з матчынага расказу — вобыск у нашай кватэры.
Бацькі, відаць, не было, ён заўсёды быў «у дарозе». Інакш мама ўспомніла б яго, бо матрыярхату ў нашай сям'і не было — яна неаднойчы казала, што жыла са сваім вельмі дружна. Але ж i прывыкла за час замужжа да разлук, то карацейшых трохі, а то ўсё больш доўгіх, калі ён ездзіў ці на поўнач, у Пецярбург, пасля Штраград, ці на поўдзень, у Баку, у Батум. Гэта я пра той час, калі з пятнаццатага i да лета дваццаць другога ўся наша сям'я жыла ў Адэсе, разам. Прыйшлі з вобыскам ды з рэквізіцыяй, калі маці была адна, з трыма малымі хлопцамі. Калі ж i быў яшчэ дома Ігнат, другі са старэйшых братоў, таксама студэнт, дык ён, відаць, маўчаў: яму было лепш памаўчаць. А яна не хацела... «Жыдовачка нейкая, маладая яшчэ, а з ляворверам,— расказвала мне потым, па-вясковаму, без усякай палітыкі. — Усё маё найлепшае на стол паклала. Хусткі мае, i квяцістую, i каўровую, у вялікую клетку, i шалі два, цёмны i светлы... I кажа: «Эта я ўсё бяру». А я кажу: «А я не дам!..»