A нарыў прарвала. Ён выспяваў спакваля, з зімы, з таго часу, калі маладзейшы брат гаспадара прыехаў з Мінска, дзе ён жыў з грамадзянскай вайны. Першы раз пабыў тыдзень, паехаў. Напрадвесні прыехаў зноў — i не спяшаўся ад'язджаць. Яму трэба было, больш бяспечна, пабыць як найдаўжэй не там, дзе яму штосьці, відаць, пагражала. Але ён, маўклівы па характары ці з патрэбы, брату i братавай нічога не тлумачыў — проста жыў у ix, пакуль жылося, дый хлеб еў не за так, памагаючы ў гаспадарцы, балазе не забыўся яшчэ на сваёй чысцейшай рабоце ні цэпа, ні сякеры, ні сахара.
Брата i братавуху пачаў забіраць неспакой, падазрэнне, што ён гэта хоча, мосціцца тут, каб забраць сваю палавіну зямлі, якая ўсе дваццаць год пры Польшчы была толькі іхняй. Гэты пякучы нарыў, скула растрывожанай небяспекай уласнасці прарвала самым агідным чынам — здрадай... У адзін звычайны, рабочы, сонечны дзень, калі сады цвітуць, a людзі возяць гной пад бульбу, з мястэчка прыехалі конна тры паліцаі.
Немец шырозным фронтам стаяў далека адгэтуль на ўсходзе, яшчэ i ціснуў, пёр на той усход далей, а тут, у Заходняй, у глыбокім ды ціхім вясковым тыле, гаспадарылі свае. Нядаўнія свае, хлопцы з сялянскіх хат, з суседніх вёсак, пад камандай аднаго толькі жандара, паслугачы з чужою зброяй у руках, якія былі ўжо неаднойчы акрываўлены. Першыя паліцаі прымалі ўдзел у ліквідацыі актывістаў — i тых, што пры панах былі ў камуністычным падполлі, i тых, пераважна з беднаты, што пасля Верасня таксама дапамагалі іначыць жыццё на савецкі лад. Ix, пад камандай немцаў, якія прыехалі з раённага гарадка, вешалі, стралялі, секлі ім галовы шаблямі. Большасць паліцаяў, кожны ў сваю пару, служылі ў польскай арміі, са зброяй былі знаёмы. Хто з уланскім карабінам i шабляй, хто з пехацінскай вінтоўкай ды штыхом. А тут жа, у мностве кінутай у адступленне зброі, былі яшчэ i пісталеты. У панскім войску з пісталетамі хадзілі старшыя унтэры ды афіцэры. Цяпер наган ці TT мог начапіць кожны бобік. Адчуванне ўлады, здаўна знаёмай служывым мужчынам «силы оружия», напаўняла i перапаўняла мелкія душы яшчэ адной разнавіднасці двухногага са зброяй. I крыві прыбывала. Пасля першай масавай акцыі — расправы з актывістамі, прыйшла другая, яшчэ больш масавая — вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў мястэчках н'аваколля. А потым ужо былі толькі паасобныя катаванні i расстрэлы, рэдкія, як для забавы, каб не забыцца, як гэта рабіць. Адзін з найбольш старанных ды ўмелых казаў тады, i гэта пайшло па людзях жахам i агідай: «Страляю — i хочацца!..»
Дык вось гэта ён з двума іншымі, падначаленымі яму, прыехаў тады, па сігнале расправіцца з яшчэ адным бальшавіком.
Калісьці, i так нядаўна яшчэ — i шэсць, i чатыры, i два гады таму назад, — хлопец ён быў як хлопец, i проста кавалерам быўшы, i спраўным уланам у водпуску, прыходзіў у нашу вёску гуляць, i калі чым адрозніваўся ад каго іншага, дык нейкім ледзь не дзявочым голасам i рэдказубым хіхіканнем. Ён быў равеснікам нашага Мішы, нават цёзкам яго, лез, ліпнуў у дружбу, заходзіў з хлопцамі i ў нашу хату.
Тады, вясною сорак другога, наш Міша з жонкай i маленькім сынам жыў ужо ў суседняй вёсцы. Колю, старэйшаму, гаспадару з дваіма дзецьмі, i мне, яшчэ дзецюку, які пасля ўцёкаў з Нямеччыны начамі пісаў ці пачатае перад службай у польскім войску, перад вайной i палонам, ці новае што, зусім патаемнае,— нам з Колем сустракацца з такім знаёмым было зусім недарэчы. I мы на вуліцу не выйшлі.
Выйшла яна, наша маці.
Я глядзеў праз акно, адзін у хаце. Як сёння бачу старую —ссутуленую, з кіёчкам. Кульгае, спяшаецца, як заўсёды спяшалася на ўсё патрэбнае, важнае.
Мне не адразу стала зразумелым, што гэта яна туды, дзе крык на суседнім двары. Не памятаю, ці быў тады страх за самую яе, ці сорам, што мы з братам, які ці затуліўся недзе на панадворку, ці з жонкай i малымі на агародзе за хлявом, i я, што стаю ў хаце, не затрымалі старую; пачуцці гэтыя заварушыліся ў душы цяпер, калі запісваю,— i страх, i сорам, уперамешку з цвярозай развагай, заднім розумам, з такой адлегласці ў часе.
Пра тое, што было далей, на тым двары, — тут ужо мае ўяўленне зыходзіць з расказу таго засядзелага мінскага госця. Пасля вайны сяды-тады прыязджаў на радзіму, але не ў сваю вёску, а да швагра ў суседнюю, дзе жыў i наш Міша. Не помсціў брату з братавай... Ды я спачатку не пра гэта.
Наша маці, калі паліцаі, спешыўшыся на вуліцы, на двары білі яго нагайкай (яшчэ адна традыцыйная «сила оружия») i прыкладамі двух карабінаў,— маці ішла на ix ад незачыненай брамкі, i яны — нечаканасць? — спыніліся. Сусед-мінчанін пра гэта потым расказваў нам так: