Выбрать главу

Мне, відаць, дастаткова тое апоры, якую меў, перш за ўсё, ты — безвыходны i рызыкоўны давер да чалавека, той давер, тая ўдзячнасць, якія ты там адчуу i вынес адтуль у прыцемак зруйнаванага горада, з-паміж руінаў якога табе яшчэ трэба было звышасцярожна ды звышрызыкоўна выбрацца — ці зусім, у вёску сваю, ці да адной з надзейных явак...

Пішу, i вось якраз цяпер успомнілася, як я, ратуючы блізкага чалавека, тапіўся ў моры i сам. Пайшоў на дно i яшчэ вынырнуў, нават падумаў: лягу на спіну, перадыхну i тады... I лёг, здавалася, як трэба, але ізноў пацягнула на дно... Аднак жа вынырнуў яшчэ!.. I тут убачыў, што ад берага да мяне шыбуе — i гэта заўважылася! — аднарукі мужчына. Потым даведаюся, што ён марак, капітан, франтавы інвалід. А тады, даплываючы, ён закрычаў:

«Толькі не цапай!»

Цапнуў мяне ён сам: сваёй учэпістай за маю, ніжэй плечука. I гэтага хапіла — я ажыў, я адчуў сябе на вадзе!..

Параўнанне, відаць не надта далёкае. Бо i ў мяне ж быў страх. Ці не апошні? I не толькі за сябе...

Чалавечае разуменне. Чалавечны давер. Адчуванне рукі.

Гэта пайшло з маім сябрам ад тое сціплай царквы назаўсёды.

Потым ён перадаў яго — далей панесці — мне.

1990

СМЕХ I СМУТАК

Пяць слухачоў вячэрняга універсітэта марксізму-ленінізму, мы паехалі на некалькі дзён у Дом творчасці Каралішчавічы, каб як след падрыхтавацца да экзамену па кароткім курсе гісторыі партыі. Натхніцеля i сааўтара гэтай кнігі ўжо не было, але настрой яго часу яшчэ трымаўся. Быў май пяцьдзесят трэцяга года. Дый няёмка было нам здаваць абы-як. Найстарэйшаму, Тарасу Хадкевічу, было за сорак, наймаладзейшаму, мне, трыццаць шосты. Пасярэдзіне былі такія дзецям бацькі, як Антон Бялевіч, Дзіма Кавалёў, Валянцін Зуб. Пішу імёны, i спыніцца трэба: ужо ніводнага з хлопцаў няма... Як няма i тых двух старэйшых, што сядзелі ў сваіх пакоях амаль пустога на той час двухпавярховага драўлянага дома: Петруся Броўкі i самога Якуба Коласа.

Дзядзька Якуб прыехаў сюды ўпершыню, ён не любіў гэтай нядаўняй зімовай паляўнічай дачы, зверху аддадзенай пад літаратурную творчасць, называў яе Камарышчавічы. Зудлівай камарэчы тут, на нізкай лясной паляне, хапала аж надта. Былі i яшчэ сякія-такія нязручнасці чалавеку старому, нямогламу — скажам, вада толькі халодная, проста крынічна-сцюдзёная, a ў туалеце голыя унітазы. Прашу прабачэння за «натуралізм»: далей драбніца гэтая будзе неабходная.

Сабраўшыся ў адзін пакой, найбольшы, мы, слухачы, калектыўна зубрылі ды абмяркоўвалі свой найадказнейшы прадмет, стараліся адолецьтакі славуты чацвёрты раздзел...

Над вечар аднаго з тых аўральных дзён Броўка вельмі дарэчы запрасіў нас да сябе, на другі наверх, паслухаць новыя вершы. Яны былі розныя, але крытыкі з нашага боку ён не пачуў, дый не надта чакаў яе — старшыню свайго мы ведалі. Гасціннасць яго — таксама. Знайшлася чарка, закуска, пайшла гамана. I да песень дайшло б, балазе гаспадар спяваць любіў i мог, дый памагчы яму маглі б.

Ды тут пачуўся стук у дзверы i ўвайшоў — наш паважаны патрыярх.

Трыццаць пяты гадок ідзе з таго вечара, i я не буду ляпіць недарэчную п'есу з той нашай гутаркі. У памяці найлепш замацавалася першая Коласава фраза:

— Во, а пра старога Якуба i забыліся!

Нягучна сказаў, трохі нібыта для смеху, а больш дык з прыкметнай крыўдай, зразўмелай таму, хто i сам да нечага падобнага дажыў.

Апроч гэтых слоў я запомніў два моманты, з-за якіх усё i запісваю.

Расказваючы нам сёе-тое з трыццатых гадоў, дзядзька Якуб сказаў, што тры гады ён спаў не распранаючыся — чакаў... Змест гэтых слоў, нібыта зразумелых, так i застаўся тады глыбей не раскрытым.

Другое — гутарка пра Дастаеўскага.

Не памятаю, як ён пачаў яе, якія словы былі, помніцца тон — мудрае захапленне сапраўднага інтэлігента з народных нізоў, настаўніка i паэта, якому было што сказаць. Пра веліч мастака, псіхолага i гуманіста.

Гэта ўжо сёння мы глядзім на аднаго з найвялікшых у рускай i сусветнай літаратуры праз два яго Зборы твораў — дзесяцітомны, першы пасляваенны, i праз магутны акадэмічны трыццацітомнік. Гэта ўжо сёння можна ўбачыць у кнігарні той ці іншы раман ці аднатомнік Дастаеўскага, яшчэ не куплены якім-небудзь нямодным чытачом. У тыя паслясталінскія дні пра Дастаеўскага гаварылася яшчэ ўсё ледзь не шэптам, a кнігу яго можна было пазычыць па блізкім знаёмстве.