Выбрать главу

Мне было дзевятнаццаць, а таму другому юнаку на год больш. Мяне з ім пазнаёмілі, а я ўжо ведаў, што ён два гады прасядзеў у турме, як камсамолец-падпольшчык, выйшаў з-за крат па амністыі. Перад турмой былі ж яшчэ паліцэйскія катаванні. Ён быў наймаладзейшы з усіх знаёмых мне падпольшчыкаў, i ўсё, што ён перанёс, бачылася з пашанай i сімпатыяй: герой! А да таго яшчэ высокі, стройны, сціпла ўсмешлівы, у чорнай касаваротцы, вышытай каласамі i валошкамі.

Такім ён жыў у памяці дванаццаць гадоў, да наступнай сустрэчы.

Зямляк завітаў да мяне не адзін, з таварышам па працы на лесазаводзе, нават нейкім яго начальнікам. Я ведаў, чым для майго земляка былі дванадцаць гадоў ад нашай сустрэчы на фэсце. Ён уцёк у Савецкі Саюз, дзе на шчырасць яго навалілася чорнае падазрэнне, зноў допыты, турма i тайга, з якое ён вынырнуў толькі таму, што меншы брат быў у партызанах, a братаў камандзір стаў Героем i захацеў, i здолеў пахадайнічаць.

Адпушчаны яшчэ ў канды саракавых, ён, мой колішні светлы юнак, у доме маім, перад старою мамай, жонкай i дзецьмі зусім нечакана расперазаўся звычайным п'яніцай, які ўжо не валодае сабой. Гэта так брыдка было, што мы з ім больш ні разу не сустрэліся.

...A начальнік яго яшчэ i хваліўся тады, праз ікаўку, як ён нас вызваляў у Верасні, як быў тады лейтэнантам i як плаціў цёмным заходнікам за прадукты не грашыма, a аблігацыямі займа — ха, ха, ха!..

Пра першага госця ўспамінаю з сумам i жалем.

А пра другога... Тут ужо мне доўга муляла ў душы, чаму не выпрасіў яго за парог.

1988

ХЛЕП

Ліпень сорак чацвёртага года. Нарада раённага савецка-партыйнага актыву з партызанаў, забраніраваных ад фронту. Праводзіў яе першы сакратар райкома партыі, толькі што прысланы сюды з Вялікай зямлі, ці, ужо не па-лясному, а па-новаму для нас — з савецкага тылу.: Чалавек не надта пісьменны, гаварыў ён «авашча», «парасёнкі», «нямецка-фашыцкі», а слова «хлеб» вымаўляў з асаблівым смакам ды прыціскам: «хлеп-п!» Ажно капылячы з выдыхам поўную ніжнюю губу. Актыў рассылаўся па вызваленым раёне на арганізацыю хлебаздачы. Хоць жніво толькі што пачалося.

— Родине нужен хлеп-п! Ломайте ребра, выбивайте зубы, — нібыта з гумарам, нібыта i зусім сур'ёзна выступаў ён з ганка, — но хлеп-п должен быть!..

Двух камсамольскіх сакратароў i мяне, па беспартыйнасці толькі выконваючага абавязкі рэдактара райгазеты, нас, яшчэ з лесу такіх, паслалі ў найбліжэйшую ад райцэнтра вёску. Вёска доўгая, незнаемая, пад канец акупацыі тут стаялі ўласаўцы. Людзі здаваліся нам не вельмі прыхільнымі. Ды яшчэ i банды трапляліся ў наваколлі. I мы начавалі па гумнах, без гаспадарскага дазволу заходзячы ў ix прыгрыкам, з загумення. Скінем сена на ток, паляжам вачыма да дзвярэй, а зброя ў кожнага побач (два аўтаматы i трафейны чэшскі карабін).

З рэбрамі ды зубамі ў нас, вядома, нічога падобнага не было. Хлопцы мясцовыя, мы былі яшчэ i дастаткова інтэлігентнымі, каб сярод сваіх людзей адчувацца сваімі. Ca старшынёй сельсавета, дзядзькам таксама з партызанаў, мясцовым, мы заходзілі ў двары ці ў хаты, угаворвалі дзе мужчыну, дзе бабу, i справа рухалася.

Толькі ж есці нам вельмі хацелася. A прасіць было непрывычна, не тое што ў партызанах, i ўжо, скажам — па-мірнаму няёмка. Асабліва пасля першай асечкі. Зайшлі ў адну хату, павіталіся з гаспадыняй, ветліва папрасілі. На стале, па звычаі пад абрусам, ляжыць вялікі бохан хлеба, а цётка тая:

— Няма! Нічога няма! Усё гасударства забрала!

Хоць мы ж гэта i былі тут тое гасударства i нічога яшчэ не забралі.

Цераз кагосьці, хто ішоў у мястэчка, паскардзіліся другому сакратару райкома, нядаўна нашаму брыгаднаму камісару, чалавеку свойскаму, i ён назаўтра ўранку прыгарцаваў да нас на сваёй лясной Буланцы. Узяўся за старшыню сельсавета: «Табе што — не сорамна? Гаспадар!..» Старшыня быў шаўцом у адным з нашых атрадаў, а сюды, на пасаду, прыйшоў з тыдзень да нас. Сутулавата-зда равенны дзядзька Дзюб, мянушка з-за доўгага носа. Ён памаўчаў i прыдумаў: «Есць. Парадак». Толькі два словы. Калі ж таварыш сакратар паехаў, Дзюб павёў нас, як ён сказаў, да Пытляванага.

— Нейкі курач, ці што. Гадоў, відаць, за сорак, а жыве адзін. Толькі ж глядзіце, хлопцы, пра бабаў пры ім — a ні сла-веч-ка!.. А так харошы чалавек. Я ў яго быў адзін раз.

У хаце таму чалавеку ён закамандаваў:

— Таварышы будуць у вас харчавацца. А там паглядзім. У крыўдзе не будзеце.