Выбрать главу

Белавусы, з румянцам, гладкі, i сапраўды Пытляваны, гаспадар ахвотна згадзіўся. На тое першае снеданне, хоць ужо i пад поўдзень ішло, рухавы адзінец напарыў малака, наварыў крутых яек, паставіў міеачку масла, палажыў бохан хлеба. Усё гэта чыста ды спраўна, нават i стол абрусам заслаў. Паселі мы, ямо. Ды так i падкусвае, каб сказаць пра што-небудзь з бабамі ці прыблізна, аднак мы толькі скоса пераглядваемся ды ўсміхаемся з асцярогай. На абед была гарачая капуста, тушаная бульба, зноў жа малако. З тыдзень пражылі мы ў такой раскошы, ані разочку не збіўшыся на непатрэбны намёк.

Мала таго! У адзін з тых сытых дзён, кал i мы сядзелі з Дзюбам у яго сельсавеце, прыйшла жанчына, відаць, яго знаёмая ўжо, бо прасіць на даччыно вяселле.

— Прыдсядацелька, толькі ж не адкажыце ўжо!

Дзюб наш важна нахмурыўся.

— Не, не магу. Не прыйду.

— Ну як жа ж вы, прыдсядацелька? Ах

Божа ж мой! Мы ж вас...

— Сказаў: не ма-гу. Я не адзін. У мяне во друззя.

— Ах Божа ж мой! — усцешылася цётка. — Дык няхай жа ж i друззя прыходзяць! Таварышы мілыя, кал i ласачка!..

Самагону не было. Быў разведзены спірт з магутнага, яшчэ княжацкага бровара. Ён працаваў i «пры першых саветах», пасля верасня трыццаць дзевятага, i пры немцах, а потым, пакуль адны ўцякалі, a другія даганялі, дык людзі спірту i набраліся. Казалі, што там, дзе той спірт з прабітых кулямі ды асколкамі бакаў сцякаў у сажалку раўчуком, «капані, браток, на штых ці два, дык у ямцы i настаіцца»!..

Помніцца маладзенькі танкіст — з таго танка, што быў падбіты каля мястэчка: танк чакаў, пакуль яго прыедуць падрамантаваць або забраць куды, а два танкісты заставаліся пры ім, на вясковым харчы i начлезе ў непагадзь. Той маладзенькі, п'яненькі, стаяў — мне бачыцца — перад замітушонай гаспадыняй, урачыста трымаючы богведама каторую ўжо шклянку, гайдаўся ў сваёй нясталай цыбатасці, i ў небывала, у нечакана поўным шчасці нешта ўсё блытаў, смяшліва ды захоплена паўтараючы «т-те-тень-ка м-мил-ла-я!».

А яна, што на момант спынілася каля яго, зноў трухала то на кухню, то з кухні са сваім дабрадушным «ах Божа ж мой!..».

Не памятаю, а прыдумваць не хачу, што ж гэта за вяселле такое — перад самай тут усеагульнай мабілізацыяй: ці малады калека які, ці каханне ажно такое? Але вяселле было як вяселле. I мы, валацугі са зброяй, адчувалі сябе там гасцямі...

Пасля той вёскі я, ужо заняты газетай, прызначаны быў упаўнаважаным па хлебе ў самім райцэнтры. Неяк увечары зайшоў з рэдакцыі ў клуб, на танцы. Субота была. А там — ажно не верыцца — сядзіць сам першы сакратар райкома.

У беспагоннай гімнасцёрцы са спражкай на чэраве, нават у шапцы «адказнай», без зорачкі. Проста сядзіць ды глядзіць, як маладыя танцуюць. Праўда, была якраз паўза.

Мяне ён убачыў адразу, у парозе. Падклікаў да сябе, спытаўся:

— А ты здесь чего?

— Ну, выпусцілі нумар i зайшоў.

— А хлеп-п?

— Ну, хлеб здаецца патроху.

— Ты мне, дорогой, не потрохай, а иди, буди мещан — пусть молотят, веют и везут на станцию. Будь здоров!

Я выйшаў, прыкра пастаяў i, па прывычцы да свабоды, пайшоў спаць.

1989

ПАЛІТАДДЗЕЛ

Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у «Праведніках i зладзеях», i ў позняй сталасці, у «Золаку, убачаным здалёк», i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.

I ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:

«Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна».

«На якую трэль чалавек пастаўлены — ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю».

«Няма ў нас аніякага нармалу».

Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.

У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗША ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:

«Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю — ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую — ж-жых!..»

I адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.

У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры «Георгіі») быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я навёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. «Завёў» я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым, Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той «Італіі», Наташа,,Шурава жонка, інтэлігентная русачка, сныталася: