Выбрать главу

— А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?

I ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:

— A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.

Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым — пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. I ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. I старшынёй там выбралі Алеся. I бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. А неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку — Палітаддзел.

— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. «Хай думае палітаддзел!..»

Аднак праз лета Палітаддзела са старшыні калгаса «Праўда» знялі. За тое, што вырашыў ён сам.

— За што ж цябе, Алесь? — спытаўся я, калі сустрэліся.

— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.

— Ну, а навошта ж ты так, самавольна?

— На прымер падняція духа!..

1988

НАЎЗДАГОН

Толькі што была арганізавана «Маладосць», i для яе трэцяга нумара (першым была ў пажарным парадку адзначана смерць Сталіна) мы з фотакарэспандэнтам Аляксандрам Дзітлавым паехалі ў адзін з заходнебеларускіх калгасаў, да новай маладой славутасці, якая кінула ўсенародны камсамольскі покліч: «Дзяўчаты, на трактар!»

Засталі мы яе на палявой дарозе каля вёскі. Воддаль — трактар. i Член урада, член ЦК камсамола, яна стаяла з трыма мужчынамі i аднаго з ix брыдзіла так, што не запішаш. Маці мая казала калісьці, што як жанчына вылаецца матам, дык пад ёю зямля загарыцца на цэлы сажань у глыбіню. Калі б гэта так, дык тут яна, на дарозе, прагарэла б уніз цэлай шахтай — з вярсту. Дый нягегла ўсё гэта гучала, жалю i гідкага сораму варта, неадпаведна выгляду i плаксіваму голасу маладзіцы. Мой інтэлігенты таварыш, нядаўні афіцэр-франтавік, паглядаў на мяне з недаўменнай усмешкай.

Я выбраў-такі момант, скарыстаўся шчылінай паміж матамі, сказаў маладзіцы, хто мы, адкуль i чаго, запрасіў пагаварыць.

— Тады хадзем, — сказала яна, з ходу трохі ашляхнуўшы, ужо з прыкметным вопытам наконт прэсы i радыё.

Трэба было пачынаць кантакт, i я, ідучы, спытаўся:

— Што, дрэнны старшыня?

I яна адказала яшчэ па інерцыі:

— Такі ён старшыня, як з вашага... пісар!

Нейкі час ішлося з заткнёным ротам. А паварот да патрэбнага нам адбыўся ў хаце, якая была недалёка. Дома нікога не было. Не змаўляючыся з таварышам, мы папрасілі гаепадыню зняць камбінезон, памыцда, пераплясціся, пераадзецца — для здымкаў. Пакуль яна ў сумежным пакоі i ў кухні займалася гэтым, мы сядзелі моўчкі, толькі з мужчынскімі, сталымі ўсмешкамі зрэдку пераглядаліся.

Гаспадыня ўвайшла — як не тая: у светлай сукенцы, з заплеценай касой, нават з усмешкай, трошкі як сарамлівай, — нармальная.

Я папрасіў:

— Прысядзьце пакуль што. Трэба спачатку пагаварыць.

Яна прысела каля стала, хораша засланага саматканым абрусам.

— Цяпер скажыце нам, чаго вы так брыдка лаецеся? Такая маладая, мілая.

I пералом канчаткова адбыўся. Яна заплакала:

— Сталі б вы... на маё месца... ды паглядзелі б, як гэта... што гэта за смак!.. Усе людзі... як людзі... а мне...

I іншае ў такім тоне. Пра лютую працу трактарысткі ў нядаўна арганізаваным калгасе, якая павінна не проста працаваць — павінна паказваць прыклад на ўсю рэспубліку i далей. А яна ж не вольная птушка, у яе сям'я. Малое ёсць, у мамы цяпер, у суседняй вёсцы. I недалёка, a зірнуць на дачушку няма калі. I мужа, таксама трактарыста, трэба ж глядзець, i хату, i гаспадарку нейкую... Яна хліпала, уціралася ражкамі светлай хусткі, што была накінута на плечыкі, канчала плакаць, i нам было шкада яе як нашмат маладзейшую... ледзь не сястру.

Мы пайшлі ў поле, да яе трактара. Дзітлаў здымаў, я сёе-тое запісваў. Дома ён праявіў свае здымкі, я напісаў «лірычны нарыс» — усё па форме i ў норме. Часопіс выйшаў з гераіняй. Усмешлівай i каляровай.

А мне вось i яшчэ ўсё помніцца тое не ўсё ў напісаным, тая ружовакіеельная гладкасць, ад якое мляўка наўздагон.

1987

БАЛЮЧАЕ I ДЫМНАЕ

— Гэта, браток, былы намеснік Цанавы! — з гонарам гаворыць мне наш N. З гонарам не столькі за гэтага, даўно адстаўнога, палкоўніка, цяпер так сабе гаспадарніка, як з гонарам за самога сябе, бо вунь ажно чый намеснік — цяпер намеснікам у яго!..

— Ён жа таксама, відаць, тую муху лавіў? — ахалоджваю таварыша пытаннем.

— Якую муху?

Ён не ведае. А мне другі таварыш расказваў, са слоў свайго швагра, таксама адстаўнога палкоўніка, як у кабінеце таго Цанавы аднойчы была паказалася муха. Лавілі яе толькі вышэйшыя афіцэры.