Выбрать главу

Потым неяк былы футбаліст, які пасля траўмы вымушаны быў перакваліфікавацца на сантэхніка, расказваў мне ў бальніцы, як Цанава любіў футбол.

Калі наша каманда прайграла, ён выклікаў капітана яе ў той свой бязмушны кабінет і. разваліўшыся ў крэсле, працягнуў яму нагу ў генеральскім боце: «Здымі!» Той зняў. «Падай яго сюды i нахіліся!» I адхвастаў чалавека халявай па твары...

Гэта ўсё — яшчэ не тое ў параўнанні з расказам незнаёмага інжынера, з якім мы, Дзмітрый Кавалёў i я, ехалі ў адным купэ ад Масквы да Арла, на юбілей Тургенева. Інжынер гэты быў у свой час у Баку на працэсе другога рэспубліканскага «рыцара», Багірава.

Шэсцьдзесят кароў давалі высакаякаснае малако, каб ён, той таварыш, тройчы на дзень купаўся ў сырадоі. Ванны ад нейкай там экземы.

Малако пасля... аддавалі ў дзіцячы сад.

Да смерці буду ўспамінаць гэта, сустракаючы шнурок малечы, якая ідзе ды гамоніць, па загадзе, a ўсё ж так хораша пабраўшыся за ручкі.

* * *

Позна ўвечары, перачытваючы «Запіскі з мёртвага дома», стала жудасна, калі хоць прыблізна ўявіў, якую вялізную. жахлівую армаду так званых суддзяў, наглядчыкаў, катаў — армаду бяздушных нібы людзей стварыў той час, які мы называем перыядам культу асобы...

Успомніў, бо часта думаю пра яе, старую, тоўстую, нахабную бабу, якая зрабіла кар'еру на «пільнасці», а пасля, калі прыйшла пара масавай рэабілітацыі, выявілася, што па даносах гэтай бабы пасаджана было, потым апраўдана, у пераважнай большасці пасмяротна, больш за дзвесце чалавек. Калі дадаць сюды ix родных, што пакутавалі па-свойму, хто на свабодзе, а хто сасланы ці пасаджаны, — колькі пакутнікаў праз адну!..

Што ж, бабу нельга было далей трымаць на паверхні, на адказнай вышыні, тым больш паднімаць яшчэ вышэй, i яе паслалі... на цёплую персанальную пенсію. Яна цяпер шпацыруе ў сваім светленькім габардзіне па скверы, з унучкай за ручку, i нават аднойчы пакрыўджана здзівілася, што я, «знаёмы пісьменнік», не павітаўся з ёю...

Пачатак шэсцьдзесят дзевятага.

А мы ўжо не толькі пісаць, друкаваць, але i гаварыць пра такое не хочам,— зноў баімся, асцерагаемся, намагаючыся прыкрыць свае язвы, адштурхнуць еамакрытыку патрыятычным ды юбілейным шумам...

* * *

Калі пасадзілі бацьку, яна хадзіла да тых, якія саджаюць, i даводзіла горача, як магла, што ён не вінаваты, што тата яе...

Дай нам Бог такіх дачок!

Знаёмыя работнікі органаў употай ды паасобку папярэджвалі дзяўчыну, што не паможа бацьку, а сядзе i сама.

«Яна не паслухала i неўзабаве села», — расказвае, нават неяк смяецца адзін з сучаснікаў. I ў гэтым смеху бачыцца не проста... дакор, але ж i нейкая страшная «філасофія» таго часу. Яна ^гібыта сям-там засталася, гэтая філасофія, хоць многія з ёю — з маладушным угодніцтвам, са сляпою верай — пападаліся пад колы i самі...

Дзяўчына тая адпакутавала многа гадоў. I цяпер, у палавіне шасцідзесятых, ужо зусім немаладая, наша пісьменніца Ядвіга Бяганская — можа з чыстай душой глядзець не толькі ў бацькавы вочы (калі захавалася якое-небудзь фота), але i на ўвесь свет.

Ды як жа горка, як страшна даюцца такія перамогі!..

* * *

Прыйстойна сівенькі журналіст, даўно знаёмы i заелужаны таварыш, падзяліўся са мною ўспамінам:

— У трыццаць сёмым i мяне, брат, прымусілі давесці сваю адданасць ды пільнасць. Рэдактар выклікаў: «Столькі часу працуеш, a ніводнага ворага не выкрыў, — як гэта разумець?» Так было яно. I напісаў я на аднаго. Гэты... так сказаць вораг, канчаў тады самагубствам, але толькі аслеп. I яшчэ ўсё ходзіць па Мінску, кійком сваім торкае. Бог веку прадоўжыў. На гора i мае.

* * *

У акупацыю. Расстрэл раздзетых. Першы i апошні раз сям'я ўся разам голая. Безабароннасць гранічная. Вопратка, любая — даражэйшая за цябе. Вышэйшая нечалавечая, фашысцкая пагарда...

Зямляк мой, гулагаўскі пакутнік Коля С. (герой апавядання «Уступленне ў рэквіем»), дагараючы ад раку, ледзь не шаптаў задыхана, калі я сядзеў пры ім, у сонечнай новай хаце.

У трыццаць сёмым нашы пакідалі ў бялізне. Яму, у лагеры, расказваў пра гэта немец-камуніст, асуджаны на вышку i ўжо ў сутарэнне прыведзены., Штабель трупаў у бялізне i выканаўца высокай справядлівасці з малакаліберкай. Вось-вось было б ужо i гэтаму, чарговаму, па ўсім, аднак прыбег пасыльны — у канцылярыі ўспомнілі, што немец той — германскі грамадзянін.

Чалавек пасля гэтага сутарэння так i не пазбавіўся ад уражання, што ўсё навокал у крыві...