Выбрать главу

У тую ж хвіліну, калі чалавек адчуў сябе ў рэальным свеце, ён зразумеў, што гэта прыйшла смерць.

Чалавек ляжаў на спіне, амаль увесь хаваючыся ў рослай лясной траве. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў над сабою павіслыя ўгары галіны маладых алешын, з камлёў да верху густа прыбраных лісцем. Ніжнія лісты, буйныя і зялёныя, ахопленыя цішшу, ужо хіліліся долу. Між імі ад лопуху і папараці непрыкметна ўзнімаўся вячэрні паўзмрок. Угары на альховых вяршалінах развітальным бляскам ірдзелі косыя сонечныя промні. Дробныя далёкія лісточкі там краталіся на лёгкім ветрыку, які то сціхаў зусім, то ціха варушыў самыя тонкія галінкі.

Чалавек быў моцнага складу, шырокай касці, плячысты і прысадзісты. Акрываўленая вайсковая гімнасцёрка з чырвонымі пятліцамі, парваная ў некалькіх мясцінах, адкрывала шматкі белай сарочкі і валасатыя грудзі — таксама са слядамі падсохлай крыві. Буйныя выразныя рысы схуднелага твару сведчылі пра адкрытасць і мужнасць характару. Цяпер твар быў парафінава-белы. Белізна гэтая, ненатуральная пад густым чорным шчаціннем, рабіла непазнавальным узрост чалавека. Нядаўні баец нагадваў цяпер вязня, які толькі што выйшаў з сутарэння. Спакучаныя вочы яго глыбока запалі пад касцісты лоб, і, як цень блізкай канчыны, навокал іх бралася смяротная празрыстая сінь.

Чалавек варухнуў распластанымі рукамі, спрабуючы ўзняць іх. Правая з цяжкасцю зрушылася з месца, а ў левай чалавек нечакана адчуў цяжар, непадуладны яго сіле. Спакваля ён намацаў пад пальцамі нешта круглае і металічна сцюдзёнае, немаведама зачым сціснутае ў руцэ. Другім намаганнем ён усё ж узняў руку і ўбачыў у ёй каструбаватую чорную «лімонку», зараджаную і годную да дзеяння.

Намаганні ад першых рухаў балючай грымасай адбіліся на твары і сутаргай прайшліся па целе. Чалавека апанавала такая слабасць, што кожная спроба крануць мускулам выклікала пакуты. Чалавек не ведаў, дзе былі яго раны, што заўчасна падарвалі сілу, не адчуваў нідзе асаблівага болю, толькі ў грудзях было неяк вельмі пуста.

Апусціўшы руку з гранатай, ён падумаў, што трэба канчаць, пакуль яшчэ не затуманіўся розум. Паміраць марудна, пры памяці, сярод цішыні летняга вечара было да агіды нязносна яго некалі энергічнай, дзейнай натуры.

Граната, што невядома як апынулася ў яго, прыйшлася дарэчы…

Дык вось, значыць, які канец твой, чалавеча…

Колькі думаў аб ім, разважаў, а такога, аднак, не прадбачыў. Усё здавалася, што смерць будзе гераічнай, на вачах у людзей і дорага абыдзецца ворагу. А выйшла так, што прыйдзецца самому спыніць уласныя пакуты, і ніколі ніхто не даведаецца, як памёр чалавек…

«Ну, што ж! Так будзе лепей… шкада толькі, што гэтак марна…»

А розум і думкі, перамагаючы смяротныя прадчуванні, у гэтыя апошнія хвіліны ўпарта чапляліся за жывое: за лёс барацьбы, з якой ужо назаўсёды выбыў баец. Ён не мог толькі меркаваць, як даўно абарвалася змаганне, бо непрытомнасць выкрасліла з памяці нейкі адрэзак часу.

«Дзе ж рота? — думаў чалавек. — Дзе сябры? Няўжо зноў адышлі, не стрымалі?..»

Іх было нямнога, надта нямнога для таго, каб лічыцца ротай. Фашысцкія танкі шчыльна прыціснулі іх да пераправы, і тут, у алешніку і ўзбярэжным лазняку, яны счапіліся ў смяртэльнай схватцы.

У памяці ўзнавілася тое апошняе імгненне, за якім ужо пачаўся змрок і непрытомнасць.

…Граната ўдарыла ў танк гэтак моцна, што, здавалася, не ўзарваўшыся магла праламаць браню. Гэта была апошняя супрацьтанкавая граната, і баец уклаў у яе ўсю ярасць і ўсе сілы, якіх тады нямала было ў яго. Ён не кінуўся прэч, не ўпаў на зямлю, толькі сцяў зубы да болю ў сківіцах і сам сціснуўся, гатовы і з голымі кулакамі кінуцца на ворага.

Выбух быў моцны і, здаецца, зрабіў сваю справу. Баец паспеў толькі адчуць гэта, а потым здарылася нешта, што ўжо вырвала яго з жыцця.

Сцішаны ветрык зноў лёгкім шолахам прабег па вяршынах, перабраў лісточкі і на момант развеяў іх санлівы спакой. У гэты час чуйны ў цішыні слых чалавека злавіў у лясным шэпце глухі, быццам з зямлі вынікшы гул. Спачатку незразумела было, з якога боку пачаўся ён, але потым, па меры таго, як ён мацнеў і шырыўся, можна было вызначыць напрамак яго з’яўлення. Гул нарастаў, усё больш запаўняў сабою прастор і паступова ператвараўся ў грукат.

Вочы чалавека акругліліся. У іх з’явіўся слабы бляск, які адбіваў насцярожаную ўвагу і намаганне зразумець сэнс новай з’явы. На твары першы раз адлюстравалася напружанне думкі, яно ажывіла змучаныя пакутамі рысы, і ў глыбіні вачэй нарадзілася нейкае жаданне.