Выбрать главу

Праз дзесятак крокаў адсюль, расцягнуўшы за сабой гусеніцы, нібы кішкі, скасабочыўся нямецкі танк. Звернуты на бок і апушчаны ў бяссіллі ствол яго гарматы бездапаможна глядзеў у гушчар, правае вядучае кола ўпіралася ў корпус другой машыны, ад якой засталася бязладная куча абгарэлага жалеза. Воддаль, у паламаным алешніку, нібы гіганцкі палонік, ляжала вежа з гарматай, адкінутая выбухам. Прагаліна ва ўсіх напрамках была ўзарана гусеніцамі, травяністы дзірван разрыты на шматлікіх паваротах. А вакол танкаў на ўтаптанай траве ў ненатуральных позах ляжалі людзі — нашы савецкія байцы. Іх было шмат, і ўсе яны былі мёртвыя. Пэўна, не засталося ў іх ніводнага жывога таварыша, каб у роднай зямлі пахаваць іх целы. I яны ляжалі цяпер, як нямыя сведкі лютай сутычкі, у якой яны прыдбалі сабе салдацкую смерць.

Чалавек спыніўся, не адважваючыся прадаўжаць шлях праз гэтую страшную пляцоўку смерці. Боль усё мацней пранікаў у яго пачуцці: сярод забітых байцоў ён з жахам пазнаваў сваіх таварышаў па службе.

Цяпер ён упэўніўся, што ніхто не адступіў адсюль, і ўсе памерлі, да канца выканаўшы свой салдацкі абавязак. Толькі ён цудам ліпіць пакуль што, і ўвасобленая ў ім адным яшчэ прадаўжае жыць іх стралковая рота. З гэтай прычыны такой дарагою здалася чалавеку рэшта яго жыцця, што ён спалохаўся нават, адчуўшы, як моцна ўхапілася смерць за яго аслабелае цела. Не, не можа ён, не мае права загінуць раней, чым зробіць тое, да чаго кліча недавершаная помста мёртвых байцоў!

У свядомасці неяк сама па сабе ўмацавалася ўпэўненасць ва ўдалы зыход яго намагання. Здавалася, святая справядлівасць апошняга абавязку з тае хвіліны ўзяла яго пад сваю ахову.

Сонца, схаваўшыся за гушчар, кранулася недзе нябачанай хмурынкі і ў апошні раз раскінула над лесам стромкія шырокія промні. Прагаліну ўжо заслаў дымчаты цень — зачынак ночы, а ў небе над лесам яшчэ было светла і ўтульна. У бязветранай цішы віселі над прасторамі рэдкія хмурынкі, падсветленыя знізу самотным вячэрнім святлом нізкага сонца.

Знемагаючы, чалавек адолеў прагаліну і спыніўся. Далей пачынаўся рэдкі беразняк, а за ім ужо пралягала дарога. Толькі паўсотні крокаў аддзяляла чалавека ад яго мэты, ад яго апошняга рубяжа. Ужо можна было адрозніць па грукаце і лязгу на дарозе, як праходзілі паасобныя машыны. Рух там не спыняўся, але дыстанцыя між танкамі прыкметна павялічылася: відаць, калона канчалася.

Чалавек ведаў, што трэба паўзці, а сіл ужо амаль не было. Некалькі доўгіх хвілін ён ляжаў ніцма, не варушачыся. Нялёгкі шлях і страшнае відовішча мёртвай прагаліны зусім знясілілі яго. На момант крануўшыся свядомасці, недзе ў адчуванні мільганула непрытомнасць, памутнела ўваччу.

Чалавек спалохаўся, што зноў пазбавіцца пачуцця, і на могся зрабіць яшчэ некалькі рухаў.

Ішлі хвіліны. Заміраючы ад бяссілля, чалавек пасоўваўся крыху наперад, а потым зноў доўга ляжаў без руху. Пачуўшы, як слабее супраціўленне, смерць зноў насела на яго, і чалавеку не было чым абараняцца. Раз — пораз урываліся ў голаў пякельныя здані, і адчуванне рэчаіснасці чаргавалася з кашмарамі. Усё больш працяглымі рабіліся правалы ў аслабеўшай памяці, чалавек забываўся аб сабе, толькі недасягнутая мэта ўпарта трымалася ў свядомасці. I, пэўна, толькі яна яшчэ давала сілы супраціўляцца смерці.

У лесе цямнела. Дол ужо затуліла змрокам, у ім схаваўся чалавек і яго шлях, поўны пакут і болю.

Цяпер чалавек больш ляжаў, нерухома распластаўшыся на зямлі. Толькі зрэдку, нібы прачнуўшыся, нязграбна ўпіраўся нагамі і пасоўваўся на крок уперад.

Розум чалавека знесіляўся ў барацьбе з нябачным ворагам, які ўсё больш адольваў яго. Нібы ўрыўкі чужых размоў, у галаве скакалі думкі-фразы, звернутыя да ўсяго, што дапякала чалавеку. Тут былі і праклёны ворагу, і сварка з назаляўшай слабасцю, і падбадзёрванне сябе. I ўсё гэта працякала адвольна, без удзелу волі чалавека, так, нібы розум меў яшчэ сілу і сам па сабе рабіў сваю справу.

Невядома, колькі прайшло часу, але ў адно з кароткіх прасвятленняў чалавек адзначыў, што стала зусім цёмна. Спачатку яму здалося, што ён аслепнуў, але, прыўзняўшы твар, убачыў зоркі над недалёкімі цёмнымі вяршалінамі. Чалавек зразумеў тады, што дасягнуў свае мэты, толькі запозна. На прыдарожную траву ўжо асеў пыл, узняты танкамі, далёка на ўсход аднеслі захопнікі новыя няшчасці. На шырокай дарожнай паласе між лесу было пуста і мірна, нібы нічога і не адбылося тут: ні вайны, ні заўчасных чалавечых смерцяў.

Вострае адчуванне няўдачы бяссільнай крыўдай прарвалася ў свядомасці. Ён заплакаў, бадай, першы раз за шмат пражытых год. Заплакаў так, як плачуць моцна пакрыўджаныя дзеці ці выжытыя з сіл старыя: ён ужо не мог заглушыць роспачы, што хлынула ўслед за крыўдай.