— Барыс! Бары-ыс! — тузаю мужчыну за халодныя вушы.
— А? — раптам расплюшчваецца яго мутнае вока.
— Калі ты ўжо кінуў Веру з сынам, то трымайся хоць гэтай жанчыны, не напівайся, як свінтус! Падумай, яна ж цябе недзе там чакае!
Барыс маўчыць, скрыгоча зубамі, храпе.
— Што з цябе будзе? Звалішся п'яны ў канаву, памрэш, і не знойдзецца каму нават пахаваць! Толькі адзін прафсаюз і павалачэ цябе на могілкі...
— А?.. Хто? Прафсаюз? — нешта да яго даходзіць.
— Ну, мясцком!
— Толькі — мясцком...— адразу як бы цверазее чалавек і крычыць з жахам: — Ну не-е!..
Барыс садзіцца і ўздыхае. Тады глядзіць сабе пад ногі, дзівіцца:
— Халера, а дзе ж мае туфлі? Сюды я босы ішоў? — ківае галавой са спачуваннем да сябе. Упірае ў мяне алавяны позірк: — Дай, Іра, што-небудзь Косцева на ногі!
— Ты ж разуваўся ў калідоры, ідзі туды і абуйся!
— Іду...
— Давай, давай!..
— Выганяеш?!. Іду, іду!..— зноў ківае з асуджэннем галавой.— Толькі прафсаюз... Мясцком...
— Во, во, будзеш мець цяпер над чым падумаць — трэ было б даўно мазгі ўключыць!
— Аднак, Іра, ты вельмі злая!.. I не думаў, што такая злюка!.. Як ведзьма!.. Так бессардэчна абыходзіцца са мной!..
— А ты з Верай, з Ігарам абыходзішся мякка? Ці не ты сапсаваў ёй жыццё?! А пра сына падумаў?!
— Ладна, ла-адна, толькі змо-оўкні!.. Ты — як Вера, адно зачапі вас... Ладна, заткніся ўжо!..
13.
Толькі выправадзіла Барыса, вяртаецца Косця.
— Ты куды хадзіў? — нападаю на яго.
— Крыху па полі палазіў...
Не магла на гэты раз пайсці з мужам, была занятая, аднак у душы бытта бы радуюся, што злавіла яго на злачынстве. Мае паводзіны на вуліцы — плата за яго.
— Чаму мяне не ўзяў?
— Так жа табе прапанаваў ісці разам, забылася?
— Прапанаваў! Не паспела раскрыць рот, як цябе ўжо і след прастыў! Каб хацеў мяне ўзяць з сабой, знайшоў бы словы ўгаварыць!
— Магчыма...
— Навошта брэшаш?!.
— Бо я пішу, разумееш?.. Трэба часамі пабыць аднаму, каб думка адстаялася...
— А-а, дык і праўда — ты зумысна адзін пайшоў? Тады навошта прыкідвацца, што завеш? — ад сваіх слоў яшчэ больш пераконваюся, што ва ўсім вінаваты муж.— Ты заўсёды лічыў мяне дурніцай!.. Калісьці ездзіў на сустрэчу медыкаў — адзін; у прафілакторыі выступаць — адзін; бачыце, са мной яму ездзіць — няёмка! А мне тут самой змагайся з кожным п'яніцам, бойся, дрыжы ад розных тыпаў! — крычу, хоць Барыс для мяне — свой чалавек і, вядома, яго я не баюся.
— І-ірка, ты ж ведаеш, што мне гэта патрэбна — як паветра! Ды і ці мала мы з табой папахадзілі і ў лес, і ў...
— ...Нібы маю мужа, а на самай справе яго ў мяне няма! Да д'ябла мне слава, калі жыву бытта ўдава якая! — прарываюцца ў мяне слёзы.
Цяпер я гаварыла з такой крыўдай і жалем, што ўжо ані не сумнявалася — ва ўсім вінаваты толькі адзін Косця, а мой уяўны флірт з незнаёмым — адно частковая кампенсацыя таго, што не дадае муж.
— Супакойся. Слова гонару, не ведаў, што табе будзе аж так крыўдна!..
Але я не хачу слухаць яго каяння. Звяртаюся з просьбай, добра ведаючы, што яна толькі для формы.
— Косця, ну дай і мне якую-небудзь работу!
— Хіба мала табе клопату дома? Ці не па горла ў цябе работы ў школе? Якую табе яшчэ трэба?!
— А я хачу, як у цябе,— творчую! Дапусці і мяне да сваіх паперак!
— Піць гарэлку можна разам, а пісаць, тварыць — толькі раздзельна...
— «Где уж нам, измученным в неволе, ликовать, резвиться и скакать!»
— Не раздражняй сябе! Я хацеў сказаць, што такая работа не для цябе!
— Ах, так, ты ведаеш, што для мяне, што — не? — выбухаю злосцю. «Піць гарэлку разам, а пісаць, тварыць раздзельна», дражню. Пачуў недзе фразу ды паўтараеш, як папугай!
— Ну, пайшла!
— Эгаіст, толькі пра сябе думаеш!
— Іра, хіба ж гэта праўда? Хіба я пра сябе думаў калі? Што ты вярзеш?
— От бы пасадзіць цябе зараз на маё месца! — прарываецца ў мяне скарга, набалелы жаль.— Ведаеш, як я здабывала сёння яду для сям'і?
— Чаго ты зноў усхадзілася?!
— ...Што твае дзеці сёння абедалі, ведаеш? Што робіцца ў маёй школе, пра што думаю, як хаджу на работу, што бачу, з кім спатыкаюся, ты ведаеш? Якія мяне праблемы турбуюць, ведаеш?.. Унь сын недзе калена расквасіў, без гузікаў вярнуўся з падворка, а з цябе — як з гусі вада! Не хочаш прымаць да сэрца складанасці жыцця!.. Ты нават цвіка не вырвеш з крэсла, што сын увагнаў яшчэ летась, і будзе цяпер тырчаць, покуль не выцягну сама! Табе нельга нічога даверыць!.. У мяне тры нахлебнікі, ты — трэці! Тыя два — малыя, а ці табе да твару пад іх падстройвацца? Такім нахлебнікам думаеш у сям'і жыццё пражыць?