— Уцёк пасля адбою з казармы праз плот! — са шчаслівым смехам ды захапленнем, бытта хлопец да яе пралез праз пекла, хваліцца мая Тося і пырскае: — У адных трусах і шынялі!
«Вось табе і Тося! А з-за мяне ўжо не будуць так лезці на ражон! Ой, няўжо праўда — ніхто і ніколі-ніколі не будзе?!»
— Яго не пакараюць за гэта?
— Ен кажа: «Днявальны — свой хлопец. У крайнім выпадку — дванаццаць сутак губы, падумаеш! Той не салдат, хто на губе не сядзеў!» Яшчэ летам прабілі трактарам дзірку ў плоце, прыкрылі дошкамі і бегаюць...
Тосю маю не пазнаць.
16.
Школа рыхтавалася да Кастрычніцкага свята. Трэба маляваць транспаранты, прыбіраць класы, выводзіць ацэнкі за чвэрць, тэрмінова выпускаць насценную газету. Устала я ў гэты дзень, можа, гадзіне а пятай. Мяне напаўняе таямніца, радуе прадчуванне нечага новага, абуджаецца якаясьці ненатуральная чуласць.
— I ты ўстаеш? — з пяшчотай звяртаюся да Косці.
— Ага!
— Паспаў бы! Сядзіш і сядзіш, нельга ж так! Мяне вымушае свята. А цябе?..
— А па-твойму, як? — нагінаецца ён па гантэлі.— У мяне чартоўская прага да работы і радасць ад таго, што магу рабіць, што хачу!
— Геній аб'явіўся! Колькі разоў табе гаварыла: не хваліся, усё роўна састарышся...
— Во-о!.. I ў старасці жывуць — яшчэ як! Тады, можа, толькі і атрымліваюць асалоду ад паўнаты жыцця, зоркасці духу, пачуцця меры з'яў!.. Давай старасць, я ведаю, як мне жыць, я — бачу неба! Якія ж вы ўсе... вартыя літасці — не можаце адчуць нешта падобнае!
— О, зноў!
— Хвалюся? Навошта мне хваліцца? Пабачыш, калі гэтая мая праца шугане на ўсю краіну!
— Тады што?
— Як — што? — застывае з узнятымі гантэлямі. Гляджу па разгубленую постаць у адных трусах, на спіну і грудзі ў карычневых шрамах — слядах вайны — і адчуваю, які ён мне блізкі, родны, які наіўны ў сваёй упартасці. Нібы Віця... Хочацца гэтаму роднаму і магутнаму зубру, што дзень і ноч заўзята працягвае сваю задуму, перадаць частку свайго шчасця і радасці. Падыходжу ды чула дакранаюся да рубца старой раны.
— Дзяўчынка, знайшла час!..— бянтэжыцца ды грыміць жалязякамі аб падлогу.
Ад стуку прачынаецца Віця ды адразу свежым галаском, бытта не спаў, крычыць:
— Та-ата, ведаеш, што цікавае мне снілася?
— Не.
— Як... Як...— сіліцца знайсці слова.
— Ну, ну!
— Мама, раскажы мой сон тату!
— Дурненькі. Думаеш, і я бачыла яго?
— А ты не бачыла? — вельмі дзівіцца Віця.— Мы ж разам спалі!..
Мы з Косцем смяёмся.
— Ой, Косцік, гані мяне да работы, а то трэба ў школу рана, а ў мяне спраў яшчэ колькі!
— Ану, гультай, марш! Што гэта такое?!
— Ой, іду, іду!
— Давай, давай! — пратурвае мяне ў другі пакой. Ад руху паветра з ложка злятае паперка.
— А, новая лістоўка? — падбірае Косця верш і паблажліва чытае: «Э. Межэлайціс. Ты на карціне Рэнуа...»
— Аддай! — вырываю з яго рук паперку.— Усё! Давай будзем за работу брацца!..
Рыхтую Марынцы сукенку, школьны фартух. Чышчу чаравікі. Гатую ўсім снеданне. Буджу Тосю. Мы снедаем, і я апранаюся, бяру партфель.
17.
Выходжу раней, чым трэба. Горад яшчэ сонны. Асенняе паветра сцюдзёнае, але свежае і бадзёрае. Бачу вакол сябе толькі добрае. Мяне абганяе машына. З акенца кабіны вылятае вугольчык папяросы і падскоквае на тратуары, рассыпае іскры... Не, горад ужо не спіць.
Спыняюся на аўтобусным прыпынку ля хлебнага магазіна. Побач два здаровыя дзядзькі ў камбінезонах з кузава крытай машыны выцягваюць кручкамі скрынкі з булкамі і ў ранішняй цішы нарабілі лёскату на цэлы квартал.
— Усё! — уздыхае адзін.— Закурым!
— Як усё? — пярэчыць другі.— А снеданне сябру? I кідае на тратуар кавалачак хлеба: — Лаві сваю порцыю, браце, наядайся!
Толькі цяпер у паўзмроку бачу жывы шэры камячок, які па тратуары скача да хлеба.
— Кожную раніцу, жэўжык, прылятае! — з захапленнем тлумачыць дзядзька мне.— Просіць есці...
Падкаціў бітком набіты аўтобус, уздыхае тармазамі.
Расшпільваю паліто, каб не адляцелі гузікі, складваю рукі клінам, прыціскаю локцем партфель і ныраю за тоўстай дзяўчынай. Ледзь зачыняюцца за намі пнеўматычныя дзверы. Вакол мяне — тугія бакі, плечы, локці ды незадаволенае гырканне. Людзі нязлыя — яны проста яшчэ сонныя.
— Не штурхайся!
— Яна так дыхае! — заўважае другі.
— Не заступайся! — адзываецца трэці.— Лепш з маіх мазалёў злезь!
— Хіба ты тут выходзіш?
— А калі не выходжу, то не трэба злезці?.. А вы не падміргвайце!
— Я вам падміргваю?
— У вас такая, мабыць, звычка, вы і не заўважаеце ўжо!