— Ёлачкай, ёлачкай станьце, і ўсім хопіць месца! А ты не выхіляйся з акна! Закрый яго!
— Выхіляйся, выхіляйся, пабачым, чым ты заўтра выхіляцца будзеш?!
У аўтобусе прачынаюцца, усім весела.
У гэтую пару нашым маршрутам ездзяць пераважна рабочыя з заводаў, людзі, якія любяць вострае трапнае слова. У гуморы і наша кандуктарка.
— Грамадзяне, бярыце білеты, не саромейцеся! — крычыць зычным голасам і папраўляе на грудзях «Раман-газету», якая занадта вылезла з-за пазухі.— Тут мы ўсе свае, смялей, смялей! Вы, дзве дзяўчыны, чаго азіраецеся?
— А што, не пара ім хіба азірацца?
— Не хвалюйся, не на цябе!
— А чым я кепскі? Толькі што рыжы!
— Байчэй плаціце!
— Шукаем грошай у кішэнях!
— Доўга чамусьці!
— Ну, іншыя ў чужых кішэнях знаходзяць хутчэй, чым вы ў сваіх!
— А ў мяне праязны!
— З праязным мог бы і прайсціся!
— Га-га-га-га!
Цяпер у аўтобусе — нібы адна сям'я. Здаецца, каб магла, азалаціла б усіх.
Нехта ўступае месца, саджуся. Маё сэрца як бы раздалося ўшыркі, увабрала ў сябе не толькі гэтых пасажыраў, але і цэлы горад! Зноў здаецца, што я ўжо некалі жыла на свеце, я — вечная...
Што мой незнаёмы робіць? Яшчэ, відаць, спіць. Паспі, даражэнькі! Спіце і вы, добрыя людзі, каму яшчэ можна не ўставаць!..
Знадворку да мяне ўсміхаецца твар сімпатычнай маладой асобы з жывым і здаровым бляскам вачэй і зубоў. Я ахвотней гляджуся ў шыбу, чым у люстэрка. Косця смяецца, што гэта — самаашуканства, бо так менш відзён узрост. Ну і няхай! Крадком падцягваю ззаду касынку, і над лобам паказваецца просты прабор. Прыглядаюся. Сапраўды, цяпер падабенства да італьянскай сіньярыны бачу і я. Толькі мой твар куды маладзейшы, ды і сама я больш жывая.
А вось і школа.
Як ні рана выехала з дому, аднак у настаўніцкай ужо нехта ёсць. Мяне адразу ўцягваюць тысячы спраў. Камусьці нагвалт патрэбна выставіць адзнакі за чвэрць. Дырэктару неадкладна падавай справаздачу аб выхаваўчай рабоце. Нейкі бацька, дзівак, прыйшоў менавіта цяпер, каб я напісала яго дачцэ распарадак дня...
Аднак праз занятасць і клопаты я агорнута і прадчуваннем сустрэчы. Маё сэрца то калоціцца, то ад жудаснага і незнаёмага шчасця замірае. Недарэчы лезуць у галаву яшчэ і вершы. Цякуць лёгка, самі сабой словы Эдуардаса Межэлайціса, вызубраныя з паперкі, якую раніцой адабрала ў Косці:
18.
Вяртаюся са школы.
Іду па вуліцы насцярожана, і ў мяне такое адчуванне, што вось-вось зараз нешта здарыцца. Здарыцца напэўна, няўмольна, немінуча — штосьці хвалюючае, важнае і фатальнае. Я нават ужо не ўпэўнена, ці сапраўды жыву, іду, ці мне толькі гэта ўсё сніцца. Прадчуванне не ашукала.
Яшчэ здалёк бачу добра знаёмы капялюш, карычневае паліто і мяккую хаду мужчынскіх ног у замшавых туфлях. Мне раптам не хапае паветра, замірае сэрца. і падгінаюцца ногі. Хаваюся за прахожага, пачынаю аддыхвацца.
Спаткаліся мы на мосце. З нейкай п'янай рашучасцю ды толькі таму, што было раней запраграмавана, я запыняю яго і на гэта трачу ўвесь запас смеласці. Гаварыць ужо не магу.
— Вы штосьці хацелі сказаць мне? — пытаецца ён ветліва, але паспешліва.
— Я?..
«Ну, гавары ж ты, калі пачала!» — чую свой кволы ўнутраны голас скрозь узрушанасць.
— Хацела павіншаваць вас...
— З чы-ым? — у яго вачах шчырае здзіўленне.
Пакутліва і дарэмна спрабую ўспомніць тыя душэўныя і прыгожыя словы, якія падрыхтавала.
— Са святам...— выдыхаю.
— А!.. Узаемна!
— Дзякуй... Няёмкая паўза.
— Прабачце,— кажа ён.— Я вельмі спяшаюся!
Маўчу.
«Спяшаешся... Ну і спяшы, а мне што? Збіралася толькі цябе павіншаваць і свайго дамаглася!»
«Але чаму так не хачу, каб ты адыходзіў? Чым так расчараваная?..»
Ён збіраецца бегчы і апраўдваецца:
— Ля рэстарана рыбу свежую даюць!
— Калі ласка...
— Трэба паспець хэпнуць і мне!
— Што «хэпнуць»!
— Ля рэстарана ў падвале — свежую рыбу выкінулі, кажу!
— Яку-ую?
— Свежую!
Аслупянелая гляджу на яго і ніяк не магу зразумець, пра што ён гаворыць. Пры чым тут якаясьці рыба, я ж хацела яго так бачыць?!
— Паслязаўтра ж — свята! — тлумачыць.
«Мабыць, сню».
— Ну, пабягу, а то расхапаюць!
— Расхапа-аюць?..
— Ну! Яшчэ людзі не ведаюць, але зараз наваляцца — збягуцца з усіх канцоў!