Выбрать главу

Між тым праз год мяне не запрасілі. Будучыня краіны зрабілася няпэўнай. У вялікай кампаніі калег я з белым білетам пазбавіўся працы. Некаторыя калегі з’ехалі — хто за акіян, хто бліжэй. Я застаўся і зарабляў на жыццё гістарычнымі кнігамі, што выходзілі ў ацалелых прыватных выдавецтвах або за мяжой.

Ды гэта ўжо іншыя сюжэты, тэмы для іншых расповедаў, ёсць гісторыя краіны, гісторыя роду і сям’і, а ёсць твая асабістая гісторыя, і перад вечнасцю нельга сказаць, што першая з гэтых гісторый, прынамсі для цябе самога, важнейшая за апошнюю. Гісторыя краіны, як і твайго роду, будзе доўжыцца і пасля цябе, а твая ўласная скончыцца са з’яўленнем даты, напісанай на помніку ўслед за працяжнікам. І найперш скончыцца гісторыя тваёй таямніцы.

Але лёсу было заўгодна, каб яна працягвалася, і за тое я да апошняга танца буду ўдзячны Паэту.

30

У мінулым Паэт быў маім добрым прыяцелем. Памятаю, калі ён вярнуўся з вайсковай службы, якую называў катаргай, мы сустрэліся ў агульнага сябра, і Паэт, цвярозы, як слязінка немаўляці, ноч навылёт чытаў нам вершы — улюбёныя і ўласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: ім яшчэ не ставала дасканаласці, ды тое кампенсавалася магутнай энергетыкай і выразным пульсам паэтычнай стыхіі. Узрадаваны такім адкрыццём, пад раніцу я заснуў, але Паэт бесцырымонна раскатурхаў мяне і працягваў дэкламацыю.

Імкліва ўвайшоўшы ў літаратуру, ён збіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залы. Да яго ў сябры набіваліся міністры. Ён мільгаў на дзяржаўных святах і дыпламатычных прыёмах. З яго малявалі партрэты, пра яго здымалі фільмы. Паэт быў таленавіты і непрадказальны ва ўсім. Ён умеў здзіўляцца і здзіўляць. Неяк, яшчэ ў той краіне, дзе мы нарадзіліся, ён з крыкам «Акупанты!» лёг на сталічным праспекце перад калонай танкаў, што рыхтавалася да параду.

Паэта ведалі ўсе навакольныя жабракі, бо ён падаваў кожнаму, а аднаго, выдаючы за бацьку, кожнага дня карміў абедам у Доме літаратара. Ён працягваў заставацца кумірам сталічных жабракоў, пакуль сам вонкава не ператварыўся ў такую самую істоту. Паэта нельга было ўявіць без нецвярозых скандалаў. Ён пісаў, можа, па адным-два вершы ў год, але яны заўсёды нараджаліся на мяжы геніяльнасці, як той, пра начлег у вуллі пад крылом у пчалінае маткі…

Хадзілі чуткі, нібыта ён жыве разам з карузлікам, адстаўным цыркавым артыстам. Калі ў дзверы Паэтавай кватэры званілі, карузлік падстаўляў крэсла, каб дастаць да дзвярнога «вочка», і доўга вывучаў наведніка, ацэньваючы, што з візіту можна мець і ці не аб’явіўся нязваны госць з мэтаю самому нечым разжыцца.

Казалі, у галодныя чорныя дні Паэт супольна з кватарантам праштудыяваў пісьменніцкі даведнік з датамі нараджэння творцаў. Вынікам быццам бы стаўся складзены гэтым дуэтам гадавы каляндар, згодна з якім эскартаваны карузлікам Паэт пачаў у адпаведныя вечары заяўляцца да калег-літаратараў з віншаваннямі.

На шчасце, высветлілася, што такі каляндар сапраўды існаваў.

31

У адзін з позніх жнівеньскіх вечароў, а дакладней, у вечар таго дня, калі мама даўным-даўно ўпершыню пачула мой голас, я, паводле даўняе завядзёнкі, сядзеў пры пісьмовым стале. За вакном, у шатах старой ліпы раскашавала поўня: кунежылася ў яшчэ не кранутай золатам лістоце, вызірала з-за галінаў і зноў нібыта гулліва хавалася ў густой цёмназялёнай мярэжы.

Жонка і сыны паехалі ў адпачынак, і цішыня кватэры злівалася праз адчыненае вакно з цёплай вусцішшу нашага тады амаль загараднага зацішнага двара. Мае думкі выплывалі ў вакно насустрач поўні, а душа набрыньвала чаканнем. Відаць, кожнаму знаёмае такое адчуванне: вось зараз, няхай не праз імгненне, але не заўтра, а менавіта ў гэты прамежак часу, асаблівасць якога ты фізічна і метафізічна адчуваеш, павінна здарыцца штосьці важнае для цябе.

Пад вокнамі спынілася машына. Ляпнулі дзверы пад’езда — да кодавых замкоў і дамафонаў было яшчэ далекавата — і праз хвіліну нехта далікатна крануў зялёны гузік майго званка.

На парозе стаялі Паэт і карузлік. Паэт выглядаў прывідам самога сябе — прыцьмелыя вочы, рэдкія ўскудлачаныя валасы, трохдзённае шчацінне на бледным твары, нясвежая кашуля, — аднак ён ствараў геніяльныя вершы, і астатняе было неістотным. Карузлік, наадварот, выдаваў франтам — ахайная фрыэўра, адпрасаваны брунатны гарнітурчык, пах добрай парфумы. Ён цырымонна пакланіўся: Вы дазволіце разлічыцца з таксістам? Я зразумеў: Колькі?