Выбрать главу

Пакуль карузлік спускаўся і вяртаўся, Паэт камечыў мяне ў абдымках. Ягоны кампаньён зухавата ляснуў абцасамі і заявіў, што далучаецца да віншаванняў. Але дзе шумная застоліца, у якую шафу схаваліся вакханкі? Я развёў рукамі. Нягледзячы на гэтую клаўнаду, не пакідала адчуванне важнасці перажыванага моманту.

Дзівосным чынам, як трусік з капелюша, у руках карузліка з нічога ўзнік мініяцюрны нататнік, якім па-гаспадарску завалодаў Паэт. Ён страпянуўся, зрабіўся сур’ёзным і, разгарнуўшы патрэбную староначку, абвясціў: «Поўня»!

Верш зайшоў у памяць адразу і назаўсёды застаўся ў ёй:

Жыве над кронай дрэва поўня, начуе ў кроне дрэва птах, ўглядаюцца сляпыя корні ў зямную існасць па начах:
вось птах азваўся, як дзіцёнак, вось знічка цемру апякла — нібы з рукі упаў пярсцёнак, калі забылася рука.
Жыве над кронай дрэва поўня, святлом уросшы у зямлю — там, дзе яна пусціла корні, і я зямную мудрасць п’ю.

Брава! Брава! — галёкаў, падскокваючы ледзь не на вышыню свайго росту, карузлік, а я, не зводзячы вачэй з поўні, што канчаткова вылузалася з ліпавых галінаў, прыгаломшана маўчаў. Цяжка было зразумець, ці то Паэт звярнуў увагу на сённяшні небасхіл і падрыхтаваў выступ дома, ці напісаў верш ужо ў таксоўцы пад дыктоўку натхнення, ці то яшчэ раней неспасцігальным чынам дакрануўся да маёй таямніцы… Аднак верш прагучаў і зрушыў з месца каменьчык, які пагражаў ператварыцца ў лавіну. Ганарар для маэстра! — абвясціў наступны нумар карузлік і, зірнуўшы на гадзіннік, будзённа ўдакладніў: Пасля поўначы прымаем натурай.

Мае запасы выявіліся надзвычай сціплымі: хлеб, кавалак вяндліны ды пляшка падараванага нямецкім калегам шнапсу. У лядоўні знайшлася і амаль поўная пластыкавая бутэлька кетчупу. Агульнымі намаганнямі стол сервіравалі вельмі хутка.

Паэт скруціў з кетчупу накрыўку і пачаў піць яго, робячы вялікія прагныя каўткі. Бутэлька хутка апусцела. Карузлік, што ўважліва сачыў за падзеямі, зноў закрычаў: Брава! Паэт узяўся запіваць кетчуп шнапсам. Калі ён адолеў палову пляшкі, карузлік элегантна перахапіў яе і перакуліў рэшту ў сябе.

Адмовіўшыся ад закускі, госці папрасілі адвесці іх на стаянку таксі. Карузлік не забыўся ветліва пацікавіцца, ці дазволю я ім і цяпер разлічыцца. Перад стаянкай ён узяў нас за рукі і, прарэзліва крыкнуўшы: Грамадзяне, прапусцім з дзіцёнкам! — бадзёра рушыў у пачатак чаргі.

32

Праз некалькі тыдняў Паэта знайшлі дома нежывым. Паводле адной з версіяў, ён страшэнна сумаваў па карузліку, які наняўся на кіназдымкі і некуды з’ехаў. Часам мне ўяўляецца, што Паэт не памёр, а, ператварыўшыся ў зусім маленечкага карузліка, ціха жыве там, у вуллі, дзе калісьці заначаваў, і трутні сапраўды казычуць яму пяткі.

33

Вяртаюся ў тую жнівеньскую ноч, якая спынілася над горадам, уважліва аглядаючы яго шырока расплюшчаным вокам поўні.

Ідучы ад стаянкі таксі, я адчуваў у душы тэктанічныя зрухі. Тое, што надзейна ўладкавалася на дне, змярцвела, абрасло ракавінкамі недаверу і амаль не згадвалася, а калі зрэдку і вярталася, то выдавала загадкавым сном далёкіх цёплых начэй, — усё гэта пасля візіту Паэта страпянулася й ажыло.

Мы — танчылі! Браліся за рукі, абдымаліся за плечы, заплюшчвалі вочы… І ноч пахла аерам. І дзве поўні мяняліся месцамі з той, што плыла над Зарэччам. І пярсцёнак… пярсцёнак з яблычна-зялёным хрызапразам ззяў на руцэ ў Залацістай, а потым заручыў яе з возерам…

Але — каб не пазбавіцца веры — востра патрабавалася нітачка, што злучыла б яго, былое, з рэальнасцю. Бо апроч успамінаў, якія ўзялі душу ў аблогу, адкуль я ведаў адзінае выйсце, не было анічога: ні кавалачка тынку з лесвіцаў Гатэля, ні засохлае стрэлкі аеру, ні, пагатоў, здымка кагосьці з нас. Гімнастка не стала зоркаю дарослага спорту, фотапартрэт у гарадской газеце так і застаўся апафеозам яе славы, аднак і ён, партрэт, не захаваўся.

Думка пра здымкі не пакідала. Дзесьці ляжала выпускное фота нашага класа разам з выкладчыкамі. Я ліхаманкава гартаў стары альбом. Вось! Настаўнік быў сярод нас! Крыху здзіўлены твар. Акуляры ў тонкай аправе. Радзімая пляма на лбе не пакідала сумневаў. Я зноў зрабіўся вучнем, і таямнічы кінамеханік запусціў перада мною на белай сцяне каляровую хроніку.