Выбрать главу

Адзінымі адзнакамі таго кірунку, у якім патрэбна было ісці, былі сляды. У такіх мясцовасцях, дзе, можа, раз у некалькі год ступіць чалавечая нага, спрактыкаваны чалавек лёгка пазнае гэтыя сляды і па траве, і па зламанай галінцы, і па розных іншых непрыкметных для другога вока адзнаках. А такім спрактыкаваным чалавекам быў у іх Файлу.

Ен ішоў наперадзе, як сабака, і, здавалася, не толькі выгледжваў, але вынюхваў сляды. Зразумела, дарога не ішла так проста і гладка, як па шляху. Даводзілася і блытацца, а таму яны спазніліся. Нанач спыніліся ў лесе. Яны нават і не ведалі, што вёска была ўжо недалёка, за кіламетраў пяць-шэсць.

Дзеля асцярожнасці агню не раскладалі. Сядзелі ў цемры, не спалі і з нецярплівасцю чакалі світання.

А ў гэты час насустрач ім прабіраўся Брук, а за ім дагоншчыкі.

Папуасы, рассыпаўшыся ланцугом, ціхенька краліся наперад, абхапіўшы значную частку лесу. Час ад часу яны давалі адзін аднаму знак крыкамі начной птушкі.

Брук чуў гэтыя галасы то з аднаго боку, то з другога, нават ужо наперадзе, але не звяртаў увагі. Гэтыя галасы начных птушак яму былі знаёмыя.

Але Файлу заўважыў.

— Сагіб, — ціхенька шапнуў ён містэру Скоту, — гэтыя птушкі мне здаюцца падазронымі. Яны крычаць так, нібы іх хто пасадзіў у шэраг. Чаму за намі ззаду няма іх? Будзьма асцярожнымі.

Перадалі ўсім, каб сядзелі ціха і трымалі стрэльбы напагатове.

Вось крыкнула птушка зусім блізка, з левага боку, і нават мільгануў цёмны цень…

Гэты самы цень заўважыў і Брук, толькі з правага боку. Ен усё зразумеў!.. Дык вось сярод якіх «птушак» ён апынуўся! Значыцца, усё скончана!.. І ён паваліўся на зямлю.

Постаць пасунулася на шум…

Але зараз жа наваколле асвяціла нібы маланка і гром ад дзесяці стрэлаў разлёгся па ўсім лесе.

Ціхі лес адразу ажыў. Крыкі з усіх бакоў. А Брук ад радасці зароў так, быццам яго рэзалі.

Як здзівіліся ўсе, калі ў некалькіх кроках ад іх, разам з мёртвым папуасам, убачылі Брука!

Некалькі хвілін Брук быў як непрытомны. Слёзы цяклі па яго шчоках. Ен пачаў расказваць, як была справа. Разам з тым вярнулася і ўся яго злосць; ён забыўся аб сваім шчасці, крычаў, лаяўся і патрабаваў, каб зараз жа ісці і пакараць гэтых людаедаў.

Але Скота не трэба было прасіць. Ен лічыў патрэбным зрабіць гэта не толькі дзеля Брука і нават не ад злосці, а дзеля аўтарытэту англійскай дзяржаўнасці. Ен лічыў нават карысным для саміх папуасаў, калі яны ўвесь век будуць памятаць, баяцца і шанаваць белых уладароў.

Цяпер яны ўжо не чакалі раніцы, бо Брук ведаў, куды ісці.

Зноў загрукатаў барабан у начной цішыні, доўга, жудасна. Відаць было, што на гэты раз справа была важнейшая, як тады.

Праз некалькі хвілін Какаду ўжо ведалі, што на іх ідуць белыя, што аднаго яны забілі, што ўсім пагражае небяспека.

Зараз жа жанчыны з дзецьмі пабеглі хавацца ў свае хаты на дрэвах. А ўсе ўзброеныя мужчыны, якіх набралася каля шасцідзесяці чалавек, падрыхтаваліся да абароны, бо белых, як яны ўжо чулі ад пасланцоў, магло быць не больш за дзесяць чалавек.

Але Мапу меў яшчэ адну надзею не толькі самім выйсці з цяжкага становішча, але нават забраць усіх белых у палон. Гэта ж былі тыя самыя белыя, якія навучылі Саку любіць усіх, не забіваць нікога і нават самому падстаўляць другую шчаку, калі цябе скрыўдзяць. Калі Саку так думае і так робіць, значыцца, тыя, хто яго навучыў, тым болей павінны гэтак рабіць.

Правадыр падышоў да Саку, які сядзеў, як скамянелы, і ўсё думаў сваю думку.

— Скажы, Саку, — дакрануўся Мапу да яго пляча, — ці гэтыя белыя таксама пакланяюцца таму вялікаму духу, аб якім ты казаў? Ці яны гэтак жа гавораць, як і ты?

— Яны прызнаюць гэтую веру, — неахвотна адказаў Саку.

— Значыцца, яны нічога дрэннага не будуць рабіць нам? — запытаўся зноў Мапу.

— Не ўсе з іх слухаюць загады бога, — млява сказаў Саку, — злы дух клапоціцца, каб адвярнуць чалавека ад бога.

— А як можна змагацца з гэтым злым духам?

— Маліцца, каб бог адагнаў яго.

— А ты можаш гэта зрабіць? Можаш памаліцца, каб бог адагнаў ад іх злога духа? — вёў сваю лінію Мапу.

— Мы заўсёды гэта павінны рабіць. Я сам пайду насустрач белым, — сказаў Саку, але не было ўжо ў яго голасе той упэўненасці, шчырасці і яснасці, як раней.

Праз некаторы час вёска сціхла. Жанчыны з дзецьмі пайшлі, а мужчыны пахаваліся за будынкамі.

Ледзь золак — паказалася экспедыцыя. Белыя ішлі шарэнгай, трымаючы стрэльбы напагатове.

Вось з-за будынка выйшаў нейкі чалавек. Туман не даваў магчымасці добра разгледзець яго.

— Вось адзін! — крыкнулі ў атрадзе белых, і раздаліся два стрэлы.

Але чалавек не схаваўся, а, наадварот, здавалася, ішоў да іх.

— Сюды ідзе! — крыкнуў Кандаракі.— Не варта і страляць.

— Чаго глядзець на іх? — закрычаў Брук. — Дайце мне стрэльбу, я сам з прыемнасцю ўсаджу кулю ў лоб людаеда.

— Праўду кажучы, у якія перагаворы нам яшчэ ўваходзіць з імі? — сказаў Скот. — Справа ясная, і нам застаецца толькі пакараць іх.

І некалькі чалавек зноў нацэліліся.

— Пачакайце, пачакайце! — крыкнуў боцман. — Гэта ж наш чорны місіянер.

Стрэльбы апусціліся.

— Праўда, — паскроб патыліцу Брук. — Я ж павінен быў здагадацца, што гэта мог быць толькі наш святы дзікун. Хто ж другі палез бы пад стрэлы! Вось была б гісторыя, каб я сам забіў свайго збаўцу! Саку падышоў.

— Браты па Хрысту! — сказаў ён урачыстым голасам. — Я хачу верыць, што вы ідзяце не для таго, каб зрабіць зло гэтым цёмным людзям.

— Праўда, — адказаў Скот, — мы ідзём для таго, каб пакараць іх.

— Але за што і як вы думаеце караць іх?

— За тое, што яны асмеліліся напасці на нас і нават ледзь не з'елі аднаго з нашых. А як пакараць? Ды так, каб больш не толькі ім, але нікому не прыходзіла ў галаву падымаць на нас руку.

— Але ж, урэшце, нічога дрэннага не здарылася, апрача смерці іхніх двух людзей, — даводзіў Саку.

— Гэта толькі выпадкова, дзякуючы, па-першае, вам, а па-другое, таму, што мы акурат падышлі,— сказаў Скот. — Але іх замах застаецца злачынствам, якое патрабуе кары.

— Вы ж самі мяне навучылі, што бог патрабуе дараваць людзям іх грахі,— з прыкрасцю сказаў Саку.

— Па-першае, не мы вас навучылі, а місіянеры, а па-другое, вы павінны ведаць, што на зямлі існуе суд і закон, які павінен караць злачынствы, — сурова адказаў Скот і пайшоў далей. За ім пайшоў і ўвесь атрад.

Саку стаяў і глядзеў ім услед, быццам не разумеючы, дзе ён і што з ім. Выходзіла, што гэты «брат па Хрысту» таксама яго не разумеў, як і «брат па крыві» — Мапу. І адзін і другі мелі свае пэўныя жыццёвыя інтарэсы, зусім не падобныя да яго душэўных спраў.

Ен завярнуўся і ціха павалокся за імі.

Туман разыходзіўся, рабілася ўсё святлей і святлей, але вёска была нібы мёртвая: аніводнай фігуры не паказвалася. Атрад набліжаўся.

І вось неспадзявана сярод хацін замільгалі чорныя фігуры папуасаў.

— Ага! — сказалі белыя. — Яны самі збіраюцца ісці на нас. Тым лепей, — і пачалася страляніна.

Саку, пачуўшы стрэлы, кінуўся да Скота, учапіўся за стрэльбу і пачаў прасіцца:

— Пан, пашкадуйце няшчасных людзей. Забіце лепш мяне!..

Скот нахмурыўся і сказаў:

— Не лезьце не ў сваю справу! Трымайцеся сваіх хрысціянскіх абавязкаў і модлаў. Клапаціцеся аб душах гэтых людзей, а аб целе паклапоцімся мы.

Але Саку, як непрытомны, усё паўтараў:

— Не трэба, не трэба!.. Пан… Злітуйцеся… Скот нецярпліва азірнуўся. Тады Ханубі ўзяў Саку за руку і адвёў яго ўбок. Падышоў Брук.

— Слухай, Саку, — сказаў ён, кратаючы яго за плячо, — ты добры чалавек, мы цябе вельмі шануем і лічым амаль што такім, як і мы. Вось і мне ты дапамог, і ўсё такое. Але чаго табе так пнуцца? Чаго ты са скуры вылазіш з-за якогась там людаеда? Ну, каму якая будзе шкода, калі некалькі з іх загіне? Кінь гэтае глупства. Ты ж чалавек адукаваны і павінен сам разумець.