Выбрать главу

Але Саку нават не чуў гэтых «разумных» слоў. Ен глядзеў наперад і не верыў сваім вачам — там рабілася нешта незразумелае: папуасы павыскаквалі з-за сваіх хат, бегалі ўзад і ўперад і, здаецца, зусім не звярталі ўвагі на небяспеку, якая ім пагражала. Часам можна было падумаць, што яны б'юцца адзін з адным.

Цяпер ужо страляніна пайшла бесперапынку. Адзін за адным валіліся чорныя на зямлю і, нарэшце, разбегліся.

Калі белыя ўвайшлі ў вёску, то ўбачылі шмат забітых, з якіх некаторыя, відаць, знайшлі смерць не ад куль, але ад сваіх жа стрэл ці пік.

— Глядзіце, яны нават пачалі адзін аднаго біць! — сказаў Кандаракі.

— Тым лепей, — сказаў Брук, — нам меней будзе працы.

Саку схіліўся над адным забітым і ўсё зразумеў: забіты быў Мукку! Значыцца, яны напалі з другога боку, і гэтым тлумачыцца ўсё тое, што адбылося! Далей ён убачыў мёртвага Мапу. Ззаду трапіла яму страла, а спераду куля. Небарака так і не дачакаўся, калі бог змякчыць сэрцы белых і Мукку.

— Божа! — застагнаў Саку. — Дзе ж твая любоў? Дзе ж твая праўда?

— Падпаліць хаціны! — загадаў Скот, і праз хвіліну ўся вёска была ў агні.

Галлёвыя хаціны гарэлі лёгка, весела, быццам жартуючы.

Тым часам папуасы адышліся за дрэвы і адтуль пачалі пускаць у белых свае стрэлы. Адна страла нават трапіла ў Скота, але яна ўжо страціла сваю моц і толькі заблыталася ў адзенні.

— Наперад! — скамандаваў Скот, і яны пасунуліся далей.

Чорныя адыходзілі ад дрэва да дрэва і адтуль адстрэльваліся. Цяпер ужо змяшаліся і Мукку і Какаду і разам абараняліся ад агульнага ворага.

Так яны падышлі да таго месца, дзе былі хаціны на дрэвах і дзе хаваліся жанчыны і дзеці. Папуасы былі ўпэўнены, што ў такі прытулак ужо ніхто не зможа дабрацца. У іх жыцці ўжо бывалі такія здарэнні, і яны не раз пераканаліся, што тут ужо аніякі вораг не можа нічога ім зрабіць. Калі здаралася, што хітры вораг прабаваў падсячы дрэва, то на гэта былі каменні і стрэлы, якія, як дождж, сыпаліся на галаву.

Хто з мужчын паспеў, той далучыўся да жанчын, рэшта пабеглі далей.

Цяпер ужо стрэлы і каменні пасыпаліся зверху, на галовы, і адзін з сіпаяў быў досыць цяжка паранены.

— А, вось яны як! — закрычаў Скот. — Узарваць дрэва!

У гэты момант зноў з'явіўся Саку.

— Дзеля Хрыста! — плакаўся ён. — Спыніцеся: там нявінныя жанчыны і дзеці!

— Не лезь! — вызверыўся на яго Скот. — Кара павінна збыцца, каб усе яны памяталі, што замах на белага дарма не пройдзе.

Але Саку не адыходзіў. Ен стаў на калені, чапляўся за адзенне Скота і мармытаў пра бога і Хрыста.

— Вызваліце мяне ад гэтага вар'ята! — крыкнуў Скот сіпаю.

Той узяў Саку за плечы і адапхнуў яго ўбок.

Раздаўся выбух… Першы выбух бомбы ў гэтай старонцы. Папуасы ведалі і чулі «гром» у руках белых, але такога грому яны і ўявіць сабе не маглі. Дзікі, нечалавечы крык з соцень грудзей разлёгся па лесе. Дрэва затрашчала, закалыхалася, потым пачало хіліцца, і адтуль пасыпаліся дзеці, мужчыны, жанчыны. Сярод іх Саку ўбачыў сваю матку…

Праз некалькі хвілін у лесе было ціха, толькі жаласна енчылі раненыя.

Скот моўчкі глядзеў на ўсё гэта. Нават яму самому было трохі непрыемна. Ен сам ведаў, што гэта нядобра.

Але нічога не зробіш: абавязак перад сваёй бацькаўшчынай перш за ўсё. Англічан тут вельмі мала, і калі гэтыя дзікуны не будуць баяцца аднаго духу белых, то могуць нарабіць шмат клопату. Скот нават не злуе на гэтых няшчасных істотаў, ён проста выконвае свой абавязак, як кожны суддзя.

— Ну, цяпер ужо не толькі яны, але і ўсе навакол будуць ведаць, як нападаць на нас! — задаволена сказаў Кандаракі.

— Ды яшчэ павінны падзякаваць нам, што мы назапасілі для іх шмат мяса, — дадаў Брук.

Саку сядзеў на зямлі і глядзеў наперад, здаецца, нічога не бачачы перад сабой.

Калі белыя прайшлі міма, ён схамянуўся, устаў, выпрастаўся і, трасучы кулаком, крыкнуў услед:

— Пракляцце вам, звяры! Пракляцце, манюкі! — і кінуў далёка ад сябе біблію, з якою ён не разлучаўся ўвесь час.

Скот толькі ўскінуў плячыма і сказаў:

— Вось шалёны! Праўду кажуць: скажы дурню, каб ён маліўся, дык ён і лоб сабе разаб'е.

VI

Зноў конь! — Падарожжа пешшу. — Няўдалы напад папуасаў.— Катастрофа. — Адзін!..

Ідучы назад, экспедыцыя настраляла яшчэ свіней, якія разбегліся ад пажару, і вярнулася назад са славай і здабычай.

На катэры ўсё было спакойна, толькі зноў бачылі таго самага таемнага каня, які цяпер пад'язджаў крыху бліжэй, і адзін раз нават чулі стрэл.

Можа, гэта былі нашыя стрэлы? — сказаў Скот.

— Не, — адказаў Гуд. — Гэта было зусім з другога боку, з левага, і адзін толькі раз.

— А хто ж сядзеў на кані?

— Добра разгледзець нельга было, але ўсё ж такі відаць, што чорны, — адказаў Гуд.

— Гэтага яшчэ не хапала! — ускрыкнуў Брук. — Гэткім чынам мы яшчэ сустрэнем якога-небудзь Мапу ў аўтамашыне.

Як бы там ні было, гэты таемны конь, адзін на ўсю краіну, пачынаў ужо трывожыць падарожнікаў. Каб на ім быў свой чалавек, ён не хаваўся б, ён бы сам пад'ехаў да іх.

Можа, ён не ведае пра іх? Можа, выпадкова сустракаецца на дарозе?

Гэтага таксама не магло быць, бо траскатня матора, страляніна ды і наогул усё іх падарожжа не маглі быць незаўважанымі на гэтай пустыннай прасторы, дзе еўрапейцы не бываюць. Асабліва, калі гэты конь, як відаць, ідзе разам з імі на працягу многіх дзён.

Значыцца, коннік хаваецца ад іх і, мусіць, сочыць за імі. А калі так, значыць, ён мае злыя намеры супраць іх.

І нарэшце, хто ён ці яны, бо адзін раз бачылі быццам дваіх на адным кані? Адным словам, гісторыя такая, што ніякага тлумачэння не падбярэш.

У кожным разе, адно толькі ясна, што трэба падвоіць сваю пільнасць.

Мясцовасць тым часам зусім змяніла свой выгляд. Пайшлі ўзвышшы, а на небасхіле ўжо ўздымаліся досыць высокія горы. Бег ракі стаў такі бурны, што катэр пасоўваўся наперад цішэй, як чалавек пехатой. Апрача таго, рака ўсё заварочвалася направа, на поўнач, а падарожнікам трэба было ісці проста на захад.

— Як табе здаецца, колькі кіламетраў нам трэ было б ісці адсюль прама? — запыталіся ў Чунг-лі.

— Не болей як сто, — адказаў ён. — Я пазнаю ўжо гэтую мясцовасць. Адсюль было б найлепш ісці прама.

Пачалі рыхтавацца да пешага падарожжа. Перш-наперш трэба было знайсці зручнае месца, каб пакінуць катэр. Яны лічылі, што адсутнасць іх працягнецца дзён дзесяць. На гэтыя дзесяць дзён трэба забяспечыць катэр і тых некалькі чалавек, што застануцца на ім, ад розных нежаданых выпадкаў.

Але гэта была вельмі цяжкая задача. Рака вузкая, бег яе вельмі хуткі, ды яшчэ берагі стромкія. Калі станеш ля такога берага, дык цябе зверху засыплюць каменнямі, і ты нічога не зробіш.

Кандаракі нават высунуў пытанне, ці не вярнуцца катэру назад, да той выспы, дзе яны начавалі, або наогул стаць на якары пасярод шырокага ціхага месца, бо тут катэр будзе стаяць, як у рове, і нічога нельга будзе бачыць навакол.

Правільнасць гэтай думкі ўсе прызнавалі, але гэта азначала, што назад прыйдзецца ісці пехатою яшчэ лішніх сто — сто пяцьдзесят кіламетраў, што будзе больш небяспечна, як стаяць на месцы і абараняцца. А асабліва, калі ўзяць пад увагу, што на катэры застанецца кулямёт.

— Лепш пакінуць аднаго ці двух лішніх чалавек, чым ісці лішнія сто кіламетраў,— пастанавіў Скот. — Не можа быць, каб тут не знайшлося ніводнага месца, дзе берагі былі б ніжэйшыя.

Але патрэбнага месца не знаходзілася. Праўда, за некалькі кіламетраў вышэй па рацэ была адна досыць шырокая даліна, але туды горныя крыніцы нанеслі шмат пяску, рака падзялілася на многа пратокаў, і ўсе яны былі такія мелкія, што катэр туды нават не мог пад'ехаць.