Трымаючыся свайго погляду, быццам мова ня можа быць «адзнакай дзяржавы» (яе нацыянальнага характару), Абэцэдарскі дакарае «беларускіх буржуазных нацыяналістаў» у тым, што яны залічаюць Вялікае Княства да беларускае дзяржавы з пагляду на дзяржаўную мову гэтага княства. Ён гіранізуе: у такім выпадку Злучаныя Штаты Амэрыкі й Кубінскую рэспубліку таксама можна было б разглядаць, як дзяржавы ангельцаў і гішпанцаў. Аднак жа, ня ў прыклад іншым гісторыкам, якія сапраўды звыкліся паўтараць: «мова Вялікага Княства - беларуская» й больш нічога, «беларускія буржуазныя нацыяналісты» зусім не ўважаюць, што беларуская мова - адзіны аргумэнт на карысьць беларускасьці Вялікага Княства Літоўскага. Разглядаючы і фактар мовы як важкі аргумэнт, яны адначасна паклікаюцца й на іншыя важныя фактары - на культуру, этнічны склад жыхарства, характар нутраное й вонкавае палітыкі, удзел беларускага элемэнту ў кіраўніцтве дзяржавай. Што ж да параўнаньня, якое, спасылаючыся на мову, прафэсар Абэцэдарскі робіць між Вялікім Княствам Літоўскім, ЗША і Кубінскай рэспублікай, дык яно наагул сьмеху вартае. Як і іншыя сучасныя дзяржавы Лацінскай Амэрыкі, а таксама Канада, Злучаныя Штаты Амэрыкі й гэтая Кубінская рэспубліка паўсталі на аснове ангельскіх і гішпанскіх замежных калёніяў і каляніяльнага элемэнту. З гэтае прычыны яны й засталіся пры адпаведных мовах, а Канада - нават пры ангельскай і францускай мовах. Паводле Абэцэдарскага, Вялікае Княства Літоўскае не магло паўстаць на аснове беларускіх калёніяў і каляніяльнага элемэнту, бо яно быццам было арыгінальным творам самых летувісаў, і ў гэтай дзяржаве панавалі «літоўскія феадалы». Яны быццам падбілі беларускую тэрыторыю, заняволіўшы й беларускі народ. Выходзіць, такім парадкам, нейкае зачараванае кола, бо прафэсар Абэцэдарскі, прыкладам, адмаўляецца прыстасаваць да Вялікага Княства і баўгарскі варыянт. Баўгарыя, як ведама, была заснаваная адным зь цюрцкіх плямёнаў, якое, пакінуўшы свой назоў, зьнікла зь гістарычнае арэны, моўна, культурна й этнічна зьліўшыся з славянскім элемэнтам.
Гэтае зачараванае кола пакінем для разьвязаньня прафэсару Абэцэдарскаму. З свайго боку зазначым, што этнічна моцны народ, які засноўвае сваю дзяржаву й на працягу стагодзьдзяў застаецца ейным гаспадаром, пэўна ж ня можа сядзець увесь час на моўных і культурных запазычаньнях паняволенага ім народу. Гэтага, як можам канстатаваць, ня здарылася ні ў ЗША й Кубінскай рэспубліцы, ні ў Канадзе й краінах Лацінскай Амэрыкі. Тым жа часам нібы «дзяржаўна-магутны» летувіскі народ нават не здабыўся на адзін-адзінюсенькі дакумэнт у роднай мове. І Польшча «квітнела лацінаю» - можа быць адказ, але толькі не разьвязаньне пытаньня, бо Польшча мела сваю высокую культуру, у тым ліку й моўную.
Далей, Абэцэдарскі кпіць з «фальсіфікатараў гісторыі Беларусі», якія сьцвярджаюць, што, прыкладам, Ягайла «ня ведаў літоўскай мовы й гаварыў толькі па-беларуску» (б.39-40). Ён пэўны ў тым, што вялікі князь Ягайла - «літовец па паходжанню» - мусіў быў знаць летувіскую мову. Ягайла, зразумела, знаў беларускую мову, і што ён карыстаўся гэтай мовай, пра гэта пісаў польскі гісторык Ян Длугаш. Дарэчы, у Ягайлы дзеці былі толькі ад князёўны «рускага роду» - Сонькі Гальшанскай. Зь імі, як і з сваёй жонкай, ён мог і гутарыць у беларускай мове. Праўда, той жа Длугаш пісаў, на што паклікаецца й прафэсар Абэцэдарскі, што, беручы ўдзел у хрышчэньні старажытных ліцьвіноў, Ягайла даносіў да іх слова Хрыстовае ў іхнай «роднай мове». З гэтага аднак не вынікае, што Ягайла прамаўляў да іх у летувіскай мове, бо Длугаш не падае прыкладаў гэтае мовы, як гэта ён робіць у выпадку беларускай мовы. Таксама ў акце Ягайлы з 1387 году пра хрышчэньне летапіснае Літвы старажытныя ліцьвіны выразна выступаюць, як апрычоны «народ»[47]. Так іх характарызуюць таксама ранейшыя й пазьнейшыя крыніцы. Больш за тое, у адным з дыпляматычных дакумэнтаў з 1420 году, які прыпісваецца Вітаўту, сьцьвярджаецца, што ліцьвіны й жамойты (жамойціны) - гэта адзін і той жа народ і маюць адну й тую ж мову. Але гэта быў дакумэнт, які ў спрэчках з крыжакамі бараніў правы Вялікага Княства Літоўскага датычна Жамойці. У іншых выпадках той жа Вітаўт выразна выдзяляў жамойтаў, называючы іх апрычоным «народам». Асобным «народам» называлі сябе й самі жамойты, пра што будзе гаворка ніжэй.
Адным словам, з усяго гэтага немагчыма зрабіць выснову, што старажытныя ліцьвіны - гэта балцкі народ ці нават двайняк жамойтаў ды што Ягайла абавязкова знаў летувіскую (жамойцкую) мову. Ведама, Ягайла мог знаць і жамойцкую мову, але чамусьці ў касьцёлах і манастырох Кракава ён пажадаў мець надпісы на фрэсках у беларускай мове. З засьцярогай да гэтае праблемы цяпер пачалі падыходзіць і ў БССР. Прыкладам, у аглядзе аднае з кнігаў А.Мальдзіса малады навуковец М.Ермаловіч пісаў: