Выбрать главу
Жамойць і Літва

Гляньма цяпер на Жамойць - гэтую быццам кроўную сястру ліцьвіноў. Ад часоў вялікага князя Вітаўта яна, канчаткова далучаная да Вялікага Княства, пачала ўваходзіць у вялікакняскі тытул: «велики князь Литовски, Руски и Жомойтски». Гэтым самым яна лічылася асобнай палітычнай адзінкай. Больш за тое, калі гэтая «Русь», асабліва ейныя беларускія землі, плаўна пераходзіць у тую ж «Літву», дык Жамойць увесь час адхіляецца ад яе. Зьвярнемся, прыкладам, да прывілею Жамойці, атрыманага ў 1492 годзе ад вялікага князя Аляксандра. Апрача таго, што тут гаворка пра апрычоную «землю Жомойтскую», у параграфе 11-м сьцьвярджаецца:

«И теж всим бояром, шляхте и всему поспольству в повете Кнетовском так же дали есмы нинейшій лист и даем вси права и вольности хрестіянскіи, яко есмо дали земли Литовской...»[59]

Тое сама стаіць у лацінскім тэксьце гэтага прывілею ды ў пацьверджаньні яго вялікім князем Жыгімонтам ІІ Старым. Як вынікае з пасольскай інструкцыі вялікага князя Аляксандра канца 1505 году да магістра Лівоніі ды зь ягонага адказу лівонскім паслом ад 2 траўня 1506 году, Жамойць наагул супрацьставілася Літве, у якую, аднак, улучаліся беларускія землі. У гэтых дакумэнтах канстатавалася:

«Нижьли, што ся дотычет вчиненья и початка границам, тыи панове, которыи на границы на оный рок поедуть, мають границы вчинити Жомойтской земли з Лифлянсткою землею, а початок мають взять от Святое реки, где в Солоное море впадывает, старыми границами, водле давных записов. А к тому теж на Литовскую границу, которая ся делит з Лифлянтскою землею, другіи панове, которые суть менованы, мають выехати, почон от Курчом, сторою теж границою, до Дрисвета и до Браславля, аж и до Псковского рубежа...»[60]

Пазьнейшыя частыя жальбы Жамойці сьведчаць пра тое, што яна катэгарычна адмаўлялася несьці службу на «літоўскіх межах». Таксама, не зважаючы на тое, што Літоўскі Статут зраўнаваў у правох усе землі Вялікага Княства, у сваіх соймавых пэтыцыях праз усё ХVІ стагодзьдзе Жамойць дамагалася захаваньня свайго ранейшага статусу, у тым ліку й вайсковага (у пытаньнях працэдуры вайсковага перапісу, падначаленьня войска свайму мясьцоваму маршалку, і г.д.), ды галоўна таго, каб адміністрацыйныя пасады на Жамойці не абсаджваліся «чужынцамі» й каб сюды не засылаліся камісары вялікага князя й ураду Вялікага Княства Літоўскага.

І калі, прыкладам, у прадмове ды ў разьдзеле ІІІ (арт.9) Літоўскага Статуту выданьня 1566 году было сказана толькі пра «литовский яко и руский народ» і пра «уроженцов Великого Князства литвинов и русинов»[61], дык тут Жамойць узбунтавалася не на жарцікі. Вось чаму ў пацьверджаньні 1574 году ейных прывілеяў жамойты завуцца «яко вольный народ», а ў кантэксьце гэтых прывілеяў таксама сьцьвярджалася:

«Права и вольности хрестіянскіе всему рыцерству, шляхте, бояром и всему поспольству земли Жомойтской поступаем и даем такіе, якіе обывателем Великого Князства Литовского от продков наших суть наданы»[62].

З гэтае прычыны ў Літоўскім Статуце выданьня 1588 году (разьдзел ІІІ, арт.12) ужо канстатавалася, што гэтыя «права и вольности» даюцца «только Литве, Руси, Жмуди, родичом старожитном и уроженцом Великого Князства Литовского и иных земель, тому Великому Князству принадлежащих».

Як ужо зазначалася, згодна з прывілеем 1574 году жамойты выступаюць у якасьці апрычонага «вольнага народу». У ім таксама казалася, што вялікі князь забавязваецца не прызначаць на Жамойць «на вряды и достоинства иншого народу людей». Хто ж былі гэтыя «іншага народу людзі»? Калі прасачыць жамойцкія соймавыя пэтыцыі й адказы на іх 1542 і 1554 гадоў, дык выглядае, што імі былі - «Литва» й «Русь», а таксама «Ляхи»[63]. Адным словам, жамойты самі не раднілі сябе зь ліцьвінамі.

Першы пісьмовы помнік у жамойцкай мове - Катэхізіс - належыць да 1545 году. Аднак ён быў выдадзены за межамі Вялікага Княства Літоўскага - у Кёнігсбэргу й выдадзены немцамі-лютаранамі з мэтай пашырэньня лютаранства на Жамойці. Ад 1579 году ў выданьнях, што таксама выходзяць у Кёнігсбэргу, жамойцкая мова пачынае звацца літоўскай. Тут проста само просіцца пытаньне, ці не паўстала гэтае атаесамленьне жамойцкае мовы зь літоўскай пад уплывам тэорыі пра «рымлянскае паходжаньне» старажытных ліцьвіноў і жамойтаў?

З гэтае тэорыі, праўдападобна, выходзіў таксама ананімны аўтар брашуры «Размова паляка зь ліцьвіном пра вольнасьць і няволю». Гэтая брашура, што выйшла ў Вільні наконадні Люблінскае вуніі, прыпісваецца паляку з паходжаньня, віленскаму войту Аўгустыну Ратундасу Мялескаму. Аўтар брашуры, разгадваючы праблему, чаму «Літва паслугоўваецца рускай мовай», прыходзіць да высновы: «бо Русь былі харобрымі, здольнымі і ўдзячнымі людзьмі ў Літве», і з гэтае прычыны Літва запазычала ў іх іхную мову. Што да яе «ўласнае мовы», дык, сьцьвярджае ананімны аўтар, яна «не ўжывалася, з выняткам на морскім узьберажжы, дзе цяпер Прусія, Жамойць, Лівонія, ажно па раку Вяльлю»[64].

Бясспрэчна, беларуская мова прынялася ў старавечнай Літве не таму, што яна адчувала нейкую «ўдзячнасьць да Русі». Прычына гэтага хавалася глыбей - праўдападобна, у адной і той жа крыніцы славянскай мовы. Тым часам і апошняя ведамка, выразна выдзяляючы Жамойць, пацьвярджае, прыкладам, тое асьведчаньне Энэя Сыльвія Пікаляміні ды робіць зразумелым, чаму вялікі князь Гедзімін запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае місіянэраў зь ведамі «польскае» і «рускае» мовы.