З гэтае тэорыі, праўдападобна, выходзіў таксама ананімны аўтар брашуры «Размова паляка зь ліцьвіном пра вольнасьць і няволю». Гэтая брашура, што выйшла ў Вільні наконадні Люблінскае вуніі, прыпісваецца паляку з паходжаньня, віленскаму войту Аўгустыну Ратундасу Мялескаму. Аўтар брашуры, разгадваючы праблему, чаму «Літва паслугоўваецца рускай мовай», прыходзіць да высновы: «бо Русь былі харобрымі, здольнымі і ўдзячнымі людзьмі ў Літве», і з гэтае прычыны Літва запазычала ў іх іхную мову. Што да яе «ўласнае мовы», дык, сьцьвярджае ананімны аўтар, яна «не ўжывалася, з выняткам на морскім узьберажжы, дзе цяпер Прусія, Жамойць, Лівонія, ажно па раку Вяльлю»[64].
Бясспрэчна, беларуская мова прынялася ў старавечнай Літве не таму, што яна адчувала нейкую «ўдзячнасьць да Русі». Прычына гэтага хавалася глыбей - праўдападобна, у адной і той жа крыніцы славянскай мовы. Тым часам і апошняя ведамка, выразна выдзяляючы Жамойць, пацьвярджае, прыкладам, тое асьведчаньне Энэя Сыльвія Пікаляміні ды робіць зразумелым, чаму вялікі князь Гедзімін запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае місіянэраў зь ведамі «польскае» і «рускае» мовы.
Прафэсар Абэцэдарскі ўсе паданыя тут факты зусім ігнаруе. Больш за тое, ён зноў накідваецца на «беларускіх буржуазных нацыяналістаў» за тое, што яны «нават укралі» ў летувісаў іхную нацыянальную сьвятасьць - Пагоню. Пры гэтым Абэцэдарскі ня хоча ці ня можа ўдумацца ў этымалёгію тэрміну «Пагоня» - тэрміну выразна славянскага паходжаньня. Для пацьверджаньня, што Пагоня была быццам «асабістым гербам вялікіх князёў літоўскіх - літоўцаў (г.зн. летувісаў) па паходжаньню», ён зварачаецца да сьведчаньняў Густынскага летапісу, пісанага пры канцы ХVІ - пачатку ХVІІ стагодзьдзя. У гэтым летапісе зазначалася: «А Витэнь нача княжити над Литвою измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройный на коне с мечем, еже ныне наричут Погоня». Абэцэдарскі падае таксама сьведчаньне Быхаўцавае кронікі, паводле якога Пагоня быццам бы абазначала «дарослага князя», што мог кіраваць дзяржавай і бараніць яе ад варагоў. З гэтага ён і высноўвае, што «сцвярджэнне аб беларускім паходжанні герба Пагоня з'яўляецца такой жа хлусьнёй, як і ўсе іншыя "гістарычныя экскурсы"» тых жа «беларускіх буржуазных нацыяналістаў».
Між іншага, Абэцэдарскі часта цытуе зборнік «Гісторыя Беларусі ў дакумэнтах і матар'ялах» (т.1, Менск, 1936), але ён так і не спасьцярог апублікаванае ў ім граматы-прывілею Ягайлы 1387 году, дзе выразна кажацца, што Пагоня абазначае «паспалітае рушаньне», г.зн. усенародны заклік да вайны й перасьлед ворага. Пагоня, такім парадкам, не магла быць ні «асабістым гербам» князёў, ні сымбалізаваць «дарослага князя». Яна, дарэчы, не была таксама й творам вялікага князя Віценя. Сярод віслых пячатак аднаго з актаў канца ХІV стагодзьдзя гэтая Пагоня красавалася на пячатцы друцкіх князёў. Яна была таксама й на пячатцы полацкага ўладыкі, прывешанай да гандлёвае ўмовы 1330 году між Полацкам і Рыгай. Усё гэтае дае аснову дапушчаць, што Пагоню Вялікае Княства Літоўскае пераняло ад Полацкага княства.
Галоўны аргумэнт, які выстаўляецца Абэцэдарскім на некарысьць беларускасьці Вялікага Княства Літоўскага, - гэта, паводле ягонае заявы, «панаванне» ў ім «літоўскіх князёў» і «літоўскіх феадалаў». Зазначым яшчэ раз, што ў зразуменьні Абэцэдарскага тыя выступаюць не як гістарычныя ліцьвіны, а як сучасныя летувісы.
Тут спасьцярагаецца сама грубая нацяжка. Можна, ведама, дапусьціць, што старадаўныя ліцьвіны паходзілі зь сям'і балцкіх народаў. Аднак жа, як вынікае, з даўных часоў яны падпалі працэсу славянізацыі, ці канкрэтна - беларусізацыі. Тым болей гэта павінна датычыць тых «літоўскіх князёў» і «літоўскіх феадалаў». Калі не лічыцца з гэтым фактам ды мэтадам Абэцэдарскага падыходзіць да гісторыі іншых народаў, дык давядзецца ня толькі Кіеўскую Русь, але й Расею ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзяў назваць дзяржавай нарманаў-варагаў і немцаў. Фактычна, тут таксама «панавалі» чужаземныя «князі-цары» й «феадалы». Разам з гэтым і Польшчу трэба было б назваць ня польскай, а хто ведае якой дзяржавай, бо й тут «панавалі» каралі чужаземнага паходжаньня. Аднак нікому і ў дум ня прыйдзе характарызаваць, прыкладам, Кіеўскую Русь, Расею ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзяў і Польшчу нейкімі чужаземнымі нацыянальнымі творамі, пры гэтым з сама бязьлітасным стаўленьнем да «падбітых» народаў.
Чаму ж у гэтым выпадку зь іншай меркай трэба падыходзіць да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага?!
Дарэчы, прафэсар Абэцэдарскі карыстаецца тут надта нізкім мэтадам фальшаваньня гісторыі. Прыкладам, ён цьвердзіць, што ажно да 1563 году беларускія феадалы, якіх ён таксама заве «заходнерускімі феадаламі» ці «праваслаўнымі беларускімі феадаламі», не дапушчаліся ні ў склад Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага, ні да займаньня тут вышэйшых дзяржаўных пасадаў. Гэта Абэцэдарскі паўтарае шмат разоў: