«Кіруючая палітычная роля ў Вялікім княстве літоўскім належала буйным феадалам-землеўласнікам літоўскага паходжання - «панам». З іх складаўся і вышэйшы дзяржаўны орган - рада пры вялікім князі, так званая «паны-рада». Галоўныя месьцы ў гэтай радзе займалі родзічы вялікага князя і прадстаўнікі літоўскай феадальнай арыстакратыі.
Вышэйшыя дзяржаўныя і прыдворныя пасады (канцлера, гетмана, падскарбія земскага і інш.) таксама займалі буйныя феадалы літоўскага паходжання.» (б.24)
«...Беларускія феадалы не адыгрывалі кіруючай ролі ў дзяржаве, яны не ўваходзілі ў склад «паноў-рады», не ўдзельнічалі ў выбарах вялікага князя, не мелі асабістых гарантый. Аб другарадным палітычным становішчы беларускіх феадалаў сведчыць і той факт, што яны былі падсудны не непасрэдна вялікаму князю, а мясьцовым прадстаўнікам вялікакняжацкай адміністрацыі. Буйныя літоўскія феадалы былі падсудны толькі вялікаму князю.» (б.25)
«Каб утрымаць літоўскіх феадалаў у васальнай залежнасці, Ягайла ў 1413 г. выдаў так званы Гарадзельскі прывілей... Гэтым прывілеем было яшчэ больш узнята і юрыдычна замацавана пануючае становішча буйных літоўскіх феадалаў у Вялікім княстве літоўскім...
Сярод феадальнай знаці, якой былі наданы гэтыя правы і прывілегіі, не было ніводнага феадала - беларуса па паходжанню. Гарадзельскі прывілей неаднаразова падкрэсліваў, што гэтыя правы і прывілегіі атрымліваюць літоўскія феадалы толькі каталіцкага веравызнання... Такім чынам, Гарадзельскі прывілей, які меў значэнне асноўнага закона дзяржавы, заканадаўча пазбавіў беларускіх праваслаўных феадалаў дзяржаўнай улады.» (б.27-28)
«Беларускія феадалы былі такімі ж прыгнятальнікамі народных мас, як і літоўскія феадалы. Дзяржаўная ўлада ахоўвала іх класавыя інтарэсы. Але да кіраўніцтва дзяржаваю літоўская феадальная знаць беларускіх феадалаў не дапускала...» (б.29)
«Толькі ў другой палове ХVІ ст., калі ўнутрыпалітычнае і знешнепалітычнае становішча Вялікага княства літоўскага надзвычайна ўскладнілася ў сувязі з Лівонскай вайной.., вялікакняжацкая ўлада была вымушана выдаць прывілей (1563 г.), які абвяшчаў, што на праваслаўных беларускіх феадалаў распаўсюджваюцца ўсе тыя правы і прывілеі, якімі карысталіся па Гарадзельскаму прывілею літоўскія феадалы.» (б.30-31)
«Сам факт выдання прывілея 1563 г. пераканаўча сведчыць, што праваслаўныя беларускія феадалы не мелі тых палітычных правоў, якімі карысталіся феадалы літоўскія. Але істотнага значэння для беларускіх феадалаў прывілей 1563 г. не меў, бо праз 6 год, у 1569 г., Вялікае княства літоўскае аб'ядналася з Польскім каралеўствам у адну дзяржаву - Рэч Паспалітую.
Такім чынам, да 1569 г. дзяржаўная ўлада ў Вялікім княстве літоўскім належала літоўскім феадалам...» (б.31)
Заўпраўды, маляўнічая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, асабліва для тых, хто азнаёмлены зь ёю з працаў савецкае гістарыяграфіі! Да гэтых дэклярацыйных заяваў Абэцэдарскага мы зьвернемся пазьней. Цяпер найперш возьмем гэты прывілей 1563 году.
У прэамбуле да яго гаворыцца: за князямі Ягайлам і Вітаўтам асаблівымі прывілеямі карысталася толькі шляхта каталіцкага веравызнаньня. Аднак у сувязі з тым, што ад даўных часоў праваслаўныя несьлі верную службу й займалі адказныя дзяражаўныя пасады як у складзе Паноў-Рады, так і «инде», касуюцца тыя два параграфы Гарадзельскага прывілею, што былі скіраваныя супраць праваслаўных.
Ужо толькі з гэтага вынікае, што «ад даўных часоў» ня мелі сілы тыя абмежаваньні Гарадзельскага прывілею, і «праваслаўныя беларускія феадалы» карысталіся аднолькавымі палітычнымі правамі зь іншымі. А хто ж падпісаў гэты прывілей 1563 году? Апрача трох каталіцкіх біскупаў, яго падпісалі: два Радзівілы - канцлер і ваявода віленскі ды вялікі гетман і ваявода троцкі; тры Хадкевічы - гетман дворны й стараста жамойцкі, крайчы Вялікага Княства і стараста бельскі ды стольны Вялікага Княства і стараста плоцельскі; князь К.К.Астроскі - ваявода кіеўскі, маршалак Валынскае зямлі й стараста ўладзімірскі; князь С.А.Збараскі - ваявода віцебскі; П.І.Сапега - ваявода наваградзкі; Васіль Цішкевіч - ваявода падляскі; Астафей Валовіч - маршалак дворны, падскарбны Вялікага Княства і стараста магілеўскі; Мікалай Кішка - падчашы Вялікага Княства і стараста дарагіцкі; князь Р.Ф.Сангушка - стараста жытомірскі; Ярош Карыцкі - канюшы дворны й стараста мельніцкі; С.У.Улошак - падскарбны дворны; Шчасны Сірутовіч - мечнік Вялікага Княства; Шчасны Герцык - харужы земскі; Ян Шымковіч - маршалак і пісар Вялікага Княства, стараста Цікоцінскі; Мікола Нарушэвіч - пісар Вялікага Княства і канюшы горадзенскі[65].