Выбрать главу

Аднак, як вынікае, гэты дыскрымінацыйны прывілей 1529 году быў выкліканы пастановамі каталіцкага сыноду, які адбыўся ў Вільні ў 1528 годзе. Пад ціскам Рыму гэты сынод забавязаўся пачаць бескампраміснае змаганьне супраць «гэрэтычных ідэяў і плыняў»[70], да якіх, зразумела, залічалася й займаньне праваслаўнымі вышэйшых дзяржаўных пасадаў. Ён аднак так і застаўся толькі адчэпным кампрамісам, бо не пакінуў ніякага сьледу ў Літоўскім Статуце 1529 году, не знайшоў таксама й свайго дастасаваньня на практыцы.

Рэлігійныя пытаньні ў Вялікім Княстве

Давядзецца тут, як выглядае, пачаць ад Адама і Евы.

У Сярэднявеччы рэлігія адыгрывала першарадную ролю, у тым ліку і палітычную. Да таго ж яна была нібы сямейнай справай валадароў, скуль ведамы пастулят: «чыё княжаньне, таго і рэлігія». Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай двух веравызнаньняў, але ў ім панавалі князі веравызнаньня каталіцкага, якія адначасна былі каралямі Польшчы - гэтага краю запраўды ваяўнічага каталіцызму. Таму й Вялікае Княства падпарадкавалася гэтаму правілу: «чыё княжаньне, таго і рэлігія» ці, наадварот, «чыя рэлігія, таго і княжаньне». І гэтае правіла найбольш яскрава знайшло сваё адлюстраваньне ў Гарадзельскім прывілеі 1413 году, што быў выдадзены польскім каралём Ягайлам і вялікім князем Вітаўтам. Ягайла тады ўважаўся й за «найвышшага князя літоўскага». Прывілей тварыў наступныя абмежаваньні:

«3. Таксама паны, шляхта й баяры земляў нашых літоўскіх, калі толькі будуць каталікі й падданыя Рымскае царквы ды якія атрымалі гербы, хай цешацца, удзельнічаюць і ўжываюць дараваньні, прывілеі й дазволы, намі ім дадзеныя й падараваныя, так, як гэта паны й шляхта Польскага Каралеўства карыстаюцца сваімі й зь іх цешацца.»

«10. Таксама годнасьці, пасады й урады, як у Польскім Каралеўстве, будуць заснаваныя й разьмешчаныя, а гэта ў Вільні ваявода й кашталян віленскі, таксама ў Троках і ў іншых мясьцох, дзе нам паказвалася б карысьней згодна нашае добрае волі для вечных часоў. А такія годнасьці няхай не абсаджваюцца нікім іншым, як толькі вернікамі каталіцкага веравызнаньня й падданымі Сьвятое Рымскае царквы...»[71]

Гарадзельскі прывілей, такім парадкам, выдзяляў каталікоў і абмяжоўваў у правох праваслаўных. Аднак ён абмяжоўваў у правох ня толькі «беларускіх праваслаўных феадалаў», але й «літоўскіх праваслаўных феадалаў», ня робячы ніякага вынятку й для вялікае грамады ўнукаў, праўнукаў ды яшчэ за жыцьцём сыноў Альгерда й Гедзіміна, што былі праваслаўныя. Ці задумваўся прафэсар Абэцэдарскі над гэтым вымоўным фактам, робячы выснову, што ў Вялікім Княстве «непадзельна панавалі буйныя літоўскія феадалы»? Не выпадкова Гедзімінавічы й Альгердавічы, як і ўсе іншыя «буйныя праваслаўныя феадалы», апынуліся на баку Сьвідрыгайлы, які, стаўшыся па сьмерці Вітаўта вялікім князем (1430-1435), фактычна зьліквідаваў гэтыя абмежаваньні Гарадзельскага прывілею і ў сувязі з гэтым сутыкнуўся зь Ягайлам і Польшчай.

За часамі выданьня Гарадзельскага прывілею ў Эўропе фактычна лютаваў ужо меч інквізыцыі, тут палалі вогнішчы, на якіх спальваліся «гэрэтыкі». Да гэтых «гэрэтыкаў» ледзь не залічаліся таксама гэтак званыя «схізматыкі» - праваслаўныя, а значыцца ў вачох ваяўнічага каталіцызму і яны не маглі карыстацца роўнымі правамі. Гэтая сярэднявечная цемра практыкавалася таксама ў Маскоўшчыне, а сяньня яшчэ практыкуецца ў Савецкім Саюзе, зьмяніўшы тут толькі рэлігійную апранаху на партыйную, з дамешкай, ведама, і гэтае рэлігійнае закваскі, пра што й сьведчыць гэтае «единственно верное марксистско-ленинское учение». Выходзячы з палітычных умоваў у СССР, прафэсар Абэцэдарскі павінен быў бы лепш разумець і тую атмасфэру Сярэднявечча, але яму чамусьці не шчасьціць у гэтым. Наагул, пад ціскам Польшчы дый Рыму сваім актам 1387 году Ягайла забавязваўся ня толькі ахрысьціць і перахрысьціць «усіх літоўскае нацыі», але й «памножыць каталіцтва на землях Літвы й Русі»[72]. Гэтыя пляны неўзабаве пакрыжаваў Вітаўт, выдаўшы ў 1392 годзе новы прывілей. У Вітаўтавым прывілеі ўжо казалася, што віленскі каталіцкі біскуп мае права з свае волі ахрышчваць толькі ліцьвіноў-паганцаў. Што ж да ліцьвіноў-праваслаўных (якія ў акце Вітаўта таксама называюцца «рускія» ці «русіны»), дык да апошніх гэты біскуп ня мог ужываць якога-колечы гвалту. Яны маглі захоўваць праваслаўнае веравызнаньне й маглі пераходзіць у каталіцтва, але з свае добрае волі[73]. Як ведама, у змаганьні тых часоў зь Ягайлам, які й Вялікае Княства «улучаў ды задзіночваў з Польшчай», Вітаўт апіраўся перадусім на сілы праваслаўных князёў - Гедзімінавічаў-Альгердавічаў, Друцкіх, Лукомельскіх, Турава-Пінскіх, Гальшанскіх і г.д.