Да зьяўленьня дыскрымінацыйнага Гарадзельскага прывілею ў пэўнай ступені спрычыніліся яшчэ наступныя фактары. Пасьля Грунвальдзкае перамогі над крыжакамі ў 1410 годзе пачаў расьці палітычны аўтарытэт Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага ў Заходняй Эўропе. Тым часам змаганьне за Жамойць яшчэ не было скончанае, а жамойцкая праблема, што набыла міжнароднае значаньне, была зьвязаная з праблемай таго ж каталіцтва. Адным словам, праблема захаваньня палітычнага аўтарытэту Польшчы й Вялікага Княства ў Эўропе й гэтая жамойцкая праблема вымагалі ад Ягайлы й Вітаўта саступак на карысьць ваяўнічага каталіцызму. Больш за тое, кароль Ягайла, які намінальна заставаўся надалей «найвышшым князем» у нашым гаспадарстве, тады яшчэ ня меў спадкаемцаў, і з гэтае прычыны ягонае становішча ў Польшчы было даволі хісткім. Гэта вымагала ад яго шукаць хаўрусьнікаў у асяродзьдзі польскага вышэйшага духавенства ды йсьці насустрач яму ў рэлігійным пытаньні. З друтога боку, з дапамогай Гарадзельскага прывілею, які ўзвышаў нашую шляхту каталіцкага веравызнаньня і ў праўным дачыненьні збліжаў яе з шляхтай Польшчы, Ягайла шукаў таксама й падтрымкі сярод гэтае шляхты.
У абставінах Вялікага Княства Літоўскага, жыхарства й шляхта з магнатамі якога былі пераважна праваслаўныя, такая дыскрымінацыя праваслаўных была ненармальнай зьявай. Гэта разумеў як сам Ягайла, так асабліва й Вітаўт, які наагул быў індыфэрэнтным у рэлігійных дачыненьнях (гэтак, прыкладам, паведамляючы пра выбраньне Цамблака за праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства, у адмысловым акце Вітаўт дэкляраваў: «А кто хочет по старым держатися, под властью митрополита Киевского, ине так добро, а кто не хочет, ине воля ему ест»[74]). Ня дзівіць таму, што яшчэ ў 1397 годзе яны ў згодзе зь мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі» Кіпрыянам выступілі ініцыятарамі задзіночаньня цэркваў ды скасаваньня розьніцы між каталікамі й праваслаўнымі. Іхная ініцыятыва прагучала таксама й на Канстанцкім саборы, на якім прысутнічала дэлегацыя Вялікага Княства Літоўскага, ачоленая мітрапалітам Рыгорам Цамблакам. Зразумела, «праваслаўны» патрыёт Абэцэдарскі тут кіне: «Вітаўт і Ягайла імкнуліся прадаць Беларусь Ватыкану!». Будзьма аднак цьвярозымі. Канстантынопаль - цэнтр праваслаўя - у тым часе ледзьве дыхаў, заціснуты з усіх бакоў туркамі. Ён сам шукаў пагадненьня з Захадам, у тым ліку й з Рымам. Ды Ягайла й Вітаўт, увайшоўшы ў канфлікт з канстантынопальскімі патрыярхамі з прычыны самастойнага пастаўленьня Цамблака за мітрапаліта Вялікага Княства, дзеілі ў згодзе зь імі ў пытаньні задзіночаньня цэркваў. Супраць гэтае ідэі тады выступілі маскоўскі князь Васіль І ды новы мітрапаліт «Кіеўскі й усяе Русі» Фоці (1410-1431), які з гэтае ды іншых прычынаў у 1414 годзе быў выгнаны зь Вялікага Княства Літоўскага. Яны нават не падпарадкаваліся інструкцыям з Канстантынопаля, якія былі прывезеныя ў Маскву адмысловым пасольствам[75]. Знаходзячыся вонках рэлігійных закалотаў, Маскоўшчына зусім не цікавілася праблемай задзіночаньня цэркваў. Наадварот, назіраючы сутон Бізантыйскае імпэрыі й зрабіўшы стаўку на карту выкарыстаньня «защиты православия» ў сваёй палітыцы «собирания русских земель» і перанясеньня цэнтру праваслаўя ў Маскоўшчыну, Масква была зацікаўленая ў разьмежаваньні цэркваў і ў рэлігійных закалотах у нашым гаспадарстве.
Як ведама, з спробаў задзіночыць усходнюю й заходнюю цэрквы на Канстанцкім саборы нічога ня выйшла. Флярэнтыйская царкоўная вунія 1439 году таксама сталася фікцыяй. Зашмат напластавалася антаганізму, дый Рым фактычна дамагаўся поўнае капітуляцыі Праваслаўнае царквы, сам стоячы на мяжы ўзрушэньняў і раскладаньня. У гэтых абставінах цяжка вымагаць ад Вітаўта й Ягайлы нейкае раптоўнае ягнячае схільнасьці.
Пры канцы свайго жыцьця вялікі князь Вітаўт зноў быў наважыўся парваць з Польшчай. Ён меўся каранавацца каралеўскаю каронай і зрабіць зь Вялікага Княства Літоўскага самастойнае каралеўства. Гэта, ведама, прывяло б да ліквідацыі Гарадзельскае вуніі зь ейнымі дыскрымінацыйнымі прывілеямі. Наагул жа тады Вітаўт, праводзячы палітыку пашырэньня Вялікага Княства на ўсход, рабіў стаўку на Праваслаўную царкву, у сувязі з чым ён адхіліў мітрапаліта Цамблака й зноў зблізіўся зь мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі» Фоціем, здабыўшы нават ягоную прыхільнасьць да свае ўсходняе палітыкі[76]. Гэтыя пляны Вітаўта пакрыжаваліся ягонай сьмерцяй і інтрыгамі з боку Польшчы, якая тады перахапіла нават карону, якой меўся каранавацца Вітаўт.