Як зазначалася вышэй, новы вялікі князь Сьвідрыгайла, які таксама меўся перанесьці на сябе гэтую каранацыю, у практыцы скасаваў дыскрымінацыйныя для праваслаўных абмежаваньні Гарадзельскага прывілею. Напачатку ён быў падтрыманы нават, асабліва ў ваенным канфлікце з Польшчай, каталіцкім элемэнтам Вялікага Княства ці, паводле Абэцэдарскага, «літоўскімі феадаламі». Пасьля ж у нутраныя справы нашай дзяржавы ўмяшалася Польшча. Фармальна асновы для гэтага ўмяшаньня даваў той жа Гарадзельскі прывілей, у тым ліку ягоны 12 артыкул, дзе казалася, што вялікі князь павінен абірацца з згоды польскае шляхты й караля. Прынцып гэты аднак быў зьняважнены плянамі каранацыі Вітаўта, не гаворачы ўжо пра зьдзейсьнены факт незалежнага абраньня вялікага князя Сьвідрыгайлы. Таму тут Польшча хапілася за дыскрымінацыйныя абмежаваньні Гарадзельскага прывілею, вылучаючы таксама на пасаду вялікага князя кандыдатуру Жыгімонта, Вітаўтавага брата. Але і ў гэтым разе ня ўсе зь «літоўскіх феадалаў» каталіцкага веравызнаньня адразу далучыліся да гэтае польскае кандыдатуры й клюнулі на прынаду выгадных для іх прывілеяў. Частка іх і надалей падтрымлівала Сьвідрыгайлу, на баку якога змагаліся таксама «беларускія праваслаўныя феадалы» ўлучна зь Гедзімінавічамі-Альгердавічамі. У гэтых абставінах у 1432 годзе Ягайла выдаў новы прывілей, а за гэтым у 1434 годзе прывілей выдаў і вялікі князь Жыгімонт І Кейстутавіч[77]. Гэтымі прывілеямі праваслаўныя нобілі Вялікага Княства Літоўскага зраўноўваліся ў правох з нобілямі каталіцкага веравызнаньня. Правы гэтыя для ўсіх без вынятку пашырыў прывілеямі 1447 і 1457 гадоў вялікі князь Казімір[78]. Пра характар прывілеяў 1492 і 1506 гадоў вялікіх князёў Аляксандра й Жыгімонта ІІ Старога згадвалася вышэй.
У гэтых прывілеях не было мовы пра якія-колечы палітычныя абмежаваньні шляхты й магнатаў праваслаўнага веравызнаньня, як, прыкладам, пра тое, што ім забараняецца займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Праўда, у іх ня згадвалася таксама, што касуюцца адпаведныя артыкулы Гарадзельскага прывілею. Аднак жа ў гэтым выпадку важней тое, што гэтыя новыя агульнадзяржаўныя прывілеі болей не зьмяшчалі ў сабе тых дыскрымінацыйных абмежаваньняў Гарадзельскага прывілею.
Іншая рэч, як гэта было на практыцы. Як і раней, вялікія князі, якія былі адначасна й польскімі каралямі, заставаліся каталікамі. Ня зьнікла таксама й Каталіцкая царква. Як ведама, нават у часы захаваньня Флярэнтыйскае царкоўнае вуніі Рым шмат разоў дамагаўся ад каталіцкіх біскупаў Вялікага Княства, каб яны «не дапушчалі сужэнства між каталікамі й схізматыкамі», або ў выпадку такога сужэнства абавязкава перахрышчвалі гэтых «схізматыкаў» у гэтак званую «праўдзівую хрысьціянскую (каталіцкую) веру». Дарэчы, з мэтаю такога перахрышчэньня вялікі князь Казімір, імкнучыся наладзіць свае нацягненыя дачыненьні з Рымам, паклікаў у нашую краіну францішканцаў і бэрнардынцаў. Той жа Казімір пасьлей забараніў таксама будаўніцтва новых праваслаўных цэркваў, праўдападобна, толькі на захадзе Княства. Гэтыя абставіны, бясспрэчна, атручвалі грамадзкае сужыцьцё й палітычную атмасфэру, пра што, прыкладам, і згадвалася ў пасланьні праваслаўнага духавенства, шляхты й магнатаў Вялікага Княства Літоўскага да папы Сыкста ІV 1476 году. Гэта, зразумела, праўна абмяжоўвала таксама праваслаўных паноў, магнатаў і князёў. Аднак жа ня ў гэткай ступені, як тое ў чорных фарбах размалёўвае Абэцэдарскі, паводле якога быццам «праваслаўныя беларускія феадалы» ці наагул беларускія феадалы ня мелі права браць удзелу ні ў вышэйшым органе - Паноў-Радзе, ні ў выбарах князёў, ні, як вынікае, у працах соймаў. Але й Абэцэдарскаму павінна быць ведама, што, прыкладам, вялікія князі абіраліся ды ўзводзіліся на пасад на агульных соймах, што гэтыя соймы неўзабаве сталіся паважнай палітычна-заканадаўнай сілай ды што ў працы соймаў аднолькава бралі ўдзел як каталікі, так і праваслаўныя.