Выбрать главу

Зьвернемся цяпер да князеўскіх імёнаў старажытных ліцьвіноў: Нотымір (згадвае Сьв. Бруно), Міндоўг-Мяндоўг, Гедзімін, Альгерд, Война, Вітэнь-Віцень, Вітаўт, Тройдзен, Гердзень, Даўмонт, Таўцьвіл, Кейстут, Яўнут, Любарт, Карыят, Карыбут, Монвід (-т), Нарымунт, Войшэлк, Ягайла, Скірыгайла, Сьвідрыгайла, Лінгвен, Даўспрунк, Даўял-Даўяла, Вілікаіл, Жывінбуд, Вышымут, Борза, Лесі, Бутавіт, Будзівід, Спрудзейка, Кіньцібут, Ванібут ды іншыя.

Згадайма таксама наступныя славянскія імёны выразна паганскага паходжаньня: Радзіл-Радзіла, Дрочка-Драчыла, Дыгайла, Даміла, Чурыла, Няжыла, Судзіла, Судзімір, Жадзіла, Гасьціла, Лахна, Блуд, Ялавіт, Цьвярдзята, Пуцята, Зубэрка, Няжата, Ванук, Кучэй, Суік-Суйка, Несда, Жызнамір, Нямір-Няміра, Недах, Ладыга, Брызгайла, Сьвібла, Жыла, Зажыга, Юрло, Юрайла, Кнут, Жадка, Богша, Паўша, Рашта, Рэўша, Ваята, Вышата, Вазімут, Копця, Белка, Сакута, Ракоць, Ажэйка ды іншыя (у летапісах, актах і бяроставых граматах усходняславянскага паходжаньня); Земамысл, Завіша, Скарбімір, Войслаў, Судзівой, Вятка-Вятко, Сьвідгар, Сьветабор, Сацех, Баржывой, Радост, Спытка, Славібор, Рацібор, Равіт, Лелівіт, Гоствіт, Порай, Збылут, Срэнявіт, Зьдзерат, Барвін, Богдал, Даліміл, Сьвірад, Воян, Каята, Карабіт, Вітус і іншыя (у Гала Ананіма й Яна Длугаша)[81].

Зазначым, што, прыкладам, фіналь -йла ці -ла зусім не становіць асаблівасьць балцкіх моваў. Ён у славянскай мове абазначае павялічальна-зьневажальнае адценьне: папіхайла, пацягайла, нядбайла, дурніла, маніла, здаравіла. Прозьвішчы з гэтымі фіналямі пашыраныя ў Беларусі - Сіпайла, Дыгайла, Запрагайла, Кідайла, Сурвіла, Бірыла, Бачыла, а таксама на Ўкраіне - Зьбігайло, Міняйло, Недбайло, Забарыло, Мушкало. Фіналі -та й -ка маюць зьмяншальнае значаньне: Драчыла-Дрочка, Няжыла-Няжата, Жадзіла-Жадка. Складнік -Віт-, які можа абазначаць «сьвяты», «сьвятло» і «уладар», таксама пашыраны ў славянскіх імёнах: Драгавіт, Сьветавіт, Людавіт, Яравіт ды іншыя. Яго можна знайсьці і ў імёнах старажытных ліцьвіноў: Вітаўт, Вітэнь, Бутавіт ды іншыя. Складнік -мір (мер) мог пераходзіць у -міл: Астрамір-Страміл, Ярамір-Яраміл, Сьвятамір-Сьвятаміл, Далімір-Даліміл.

Цяпер зьвярнемся да імёнаў тых, хто трапіў ў Гарадзельскі прывілей 1413 году: Монівід - ваявода віленскі, Яўнус-Яўнут - ваявода троцкі, Мінгал-Мінгайла - кашталян віленскі, Сунігал-Сунігайла - кашталян троцкі, Нямір-Няміра, Остык-Осьцік, Бутрым, Голігунт, Мікалай Былімін, Карэва, Вышэгерд, Пётра Мандыгерд, Мікалай Таўтыгерд, Ян Гаштольд (Гаштоўт), Волчка (Воўчка) Кульва, Бутаўд, Ядат-Ядальд, Рала, Ян Рымавідавіч, Гінет Канцэвіч, Даўкша, Мікалай Бойнар (Войнар?), Волчка (Воўчка) Ракутовіч, Гетаўд-Гетавот, Даўген-Даўгел(а), Якуб Мінгел-Мінгайла, Войшнар Вілкалевіч-Віркалевіч, Юрай Сангаў (праўдападобна, з князёў Сангушкаў), Сака, Начка, Твербут-Цьвірыбут, Монствід-Монствільд, Станіслаў Вышыгін, Войшын Данейкавіч, Манштоўд, Андрэй Дзеўкнятовіч (Дзевачка?), Мінімунд Сешнікавіч (Сасьніковіч?), Радзівіл, Качан, Мікуш-Мічуш, Гердуд, Чупа, Войдзіла Кушаловіч-Кусаловіч, Качан Суковіч, Ян Эвільд, Станіслаў Бутаўтавіч, Ян з Рашкіняў.

Для параўнаньня зьвернемся таксама да імёнаў, носьбіты якіх падпісалі прырачэньні, забавязваючы Вітаўта й Жыгімонта І быць у паслухмянстве да Ягайлы.

Акт 1401 году: князь Іван Альгімунтавіч (Гальшанскі) і ягоныя сыны Андрэй і Сямён, Мінгал-Мінгайла Гедыгольдавіч (ён жа Міхаіл - кашталян ашмянскі ў 1387 годзе) і ягоны брат Сьвівілон, Братоша й ягоны сын Зянові, Монівід - кашталян віленскі й ягоны брат Гедыгольд - маршалак, Станіслаў Чупурка - маршалак дворны, Гастольд (Гаштоўт) - кашталян крэўскі й ягоны сын Талівуш, Осьцік - кашталян ашмянскі й ягоны брат Доргі (Дарагі? - імя Драгі сустракалася ў паўдзённых славянаў). Сямён Ямунтовіч, Фёдар Львовіч, а таксама ягоны брат Юшка, Гінэйд (Генадзь?) і ягоны сын Мілуш, Кімунт і ягоны сын Даўкша, Стрыгівіл Барэйкаў, Гінтольд (Гінтаўт), Застольд (Заштоўт) і ягоны брат Прэзгінд, Няміра з сваімі братамі, Свугайла, Алізар Высілонаў (Васілёнаў?), Войнад Русіловіч, Кязгайла і Жвінвольт Валімунтавічы з сваімі братамі, Галіган, Раман Мілейкаў і ягоны брат Волчка (Воўчка), Войшвід і ягоны сын Радзівіл, Валотка Таўтыгінавіч з сваімі братамі, Бутольд (Бутаўт), Мантыгайла, Ганус Мантыгердавіч, Давойна Вышыгердавіч, Драўнут і ягоны сын Вашкон-Вячкон (Вячка?), Волчка (Воўчка) Вялютовіч, Волчка (Воўчка) Тансаўтовіч (Тусаўтовіч?), Даўгерд, Война, Водыч (Войдзіч?) з сваімі братамі, Галігінд, Віндамін, Юрай Шліўровіч (Шаліўровіч?). Між іншага, ў Вітаўта таксама былі браты на ймя Войдаць і Войшвіл.

Акт 1434 году: Осьцік - кашталян віленскі, Даўгард-Даўгірд - ваявода віленскі, Лелюш - ваявода троцкі, Галімін - стараста жамойцкі, Кязгайла Васталтовіч (у яго быў брат на ймя Шэдзібор), Ходзька Юравіч, Пятрашка Мантыгердавіч, Івашка Гаштоўт (Гаштольд), Радзівіл - маршалак земскі, Аначка - стараста берасьцейскі, Алехна - стараста лідзкі, Івашка - стараста горадзенскі, Андрушка Саковіч - стараста дубінскі, Монтыгал-Мантыгайла - стараста вількомірскі, Сугімунд - стараста крэўскі, Даўгерд - стараста ашмянскі, Мантольд - дзяржаўца ў Салечніках, Монтрым - дзяржаўца маркоўскі, Таўтыгерд - дзяржаўца мэйшагольскі, Война - дзяржаўца ў Кернаве, Рачка Табутовіч - дзяржаўца, Андрэй Няміровіч, Сенька Гедыгольдавіч, Судзівой Валімунтавіч, Ягіл-Ягайла Гедводзкі, Пач (Пац) - маршалак дворны, Някраш - дзяржаўца ў Васілішках, Неруш - дзяржаўца ў Медніках, Крыкус Сьвірскі, Раман Сьвірскі (абодва з князёў Сьвірскіх), Андрушка - дзяржаўца ў Вострыне, Федзька Сангаловіч (Сангушка?), Андрушка Давойнавіч, Рачка Страчовіч (Страковіч?), Рачка Семавігавіч (Семавітавіч?) - баяры, Мандыгал - дзяржаўца ў Стрэўніках.