Паны Кішкі - праваслаўныя, як гэта вынікае з «Плачу» М.Сматрыцкага ды іншых крыніц. Паходзілі дзесьці з заходніх беларускіх земляў, праўдападобна з Наваградчыны. Маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам лідзкім у 1482-1484 гадоў згадваўся Пятрашка Пашковіч. Ён, верагодна, і быў бацькам Станіслава Пятровіча Кішкі, які ў 1480-х гадох быў маршалкам і стольным Вялікага Княства ды тым жа намесьнікам лідзкім. Урады намесьнікаў, асабліва меншых павятовых гарадоў, часта былі спадкаемнымі, і гэты ўрад ён мог заняць пасьля сьмерці свайго бацькі. У адной з пасольскіх інструкцыяў у Маскву 1495 году Станіслаў Пятровіч Кішка называўся «ўнукам Страмілы». Гэты Страміла, як згадвалася вышэй, у адным з актаў 1430 году выступаў панам-радцам вялікага князя Вітаўта. Як вынікае, паны Кішкі вялі свой род ад гэтага Страмілы. Маршалкам, а пасьля маршалкам земскім Вялікага Княства і намесьнікам лідзкім Станіслаў Пятровіч Кішка заставаўся да 1500 году. У 1500-1504 гадох ён быў тым жа маршалкам земскім і ваяводам смаленскім, а ад 1504 году - вялікім гетманам, намесьнікам берасьцейскім і васілішскім. Тады зноў быў маршалкам земскім Вялікага Княства (ад 1507 году) ды старастам горадзенскім (ад 1508 году). Памёр дзесьці пасьля 1511 году. Ведамы Стрыйкоўскі ў сваёй кроніцы пісаў, што ў 1440-х гадох пан Станіслаў Кішка быў адным з ваяводаў войска літоўскага. Аднак ім ня мог быць Станіслаў Пятровіч Кішка з увагі на аддалены час. Выдатную ролю паны Кішкі адыгрывалі і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у сярэдзіне гэтага стагодзьдзя Мікола Станіслававіч Кішка быў падчашым Вялікага Княства і старастам дарагічанскім, а пан Ян Станіслававіч Кішка ў 1579-1589 гадох займаў пасаду старасты жамойцкага. У канцы 1520-х гадох пан Пётра Кішка быў ваяводам полацкім.
Паны Саковічы - праўдападобна каталікі, бо пан Сака выступаў у Гарадзельскім прывілеі. Паводле акту 1434 году ягоны сын Андрушка Саковіч быў старастам дубінскім, тады ад 1440 году - намесьнікам Смаленскім, пасьля ў 1450-х гадох - намесьнікам полацкім. Сын апошняга - Багдан Андрэевіч Саковіч - у актах 1469 году згадваўся на пасадзе маршалка дворнага й намесьніка браслаўскага (верагодна, беларускага Браслава), а ў актах 1472-1474 гадоў - на пасадзе маршалка дворнага й намесьніка Берасьцейскага. Пры канцы 1470-х гадоў і да 1484 году Багдан Андрэевіч Саковіч быў маршалкам земскім і намесьнікам полацкім, у 1484-1488 гадох - маршалкам земскім і ваяводам троцкім, пасьля гэтага заставаўся маршалкам земскім Вялікага Княства. У актах 1499 году згадваліся паны Ян і Войцех Юравічы Саковічы, але паважнай палітычнай ролі тады яны не адыгрывалі. Магчыма, што сынам Андрушкі Саковіча быў таксама Іван Андрэевіч, які паводле актаў 1512 году займаў пасаду падскарбнага дворнага. Што ж да роду самога Багдана Андрэевіча Саковіча, дык ён, здаецца, тады пачаў выступаць пад прозьвішчам паноў Храбтовічаў. Праўда, гэтыя былі «русінамі», г.зн. праваслаўнымі, але магчыма, што Багдан Андрэевіч Саковіч таксама перайшоў у праваслаўе.
Паны Храбтовічы - праваслаўныя. Пан Івашка-Літавор Багданавіч Храбтовіч дзесьці ад 1486 году быў падскарбным дворным, маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам слонімскім, пасьля нейкі час (каля 1499-1500-х гадоў) займаў адначасна і пасаду намесьніка наваградзкага. У 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Памёр пасьля 1529 году, але якія пасады займаў перад гэтым - нам няведама. Пан Васіль Багданавіч Храбтовіч блізу 1492 году заняў пасаду намесьніка ўладзімірскага на Ўкраіне. У 1499-1501 гадох ён быў намесьнікам ваўкавыскім, а ад 1501 году - лоўчым Вялікага Княства і дзяржаўцам у Анікштах. Фёдар Багданавіч Храбтовіч ад 1494 году згадваўся на пасадзе падскарбнага дворнага, зьмяніўшы свайго брата, і быў намесьнікам беліцкім. Марцін Багданавіч Храбтовіч дзесьці каля 1496 году стаўся канюшым Вялікага Княства, а ад 1502 году быў падскарбным дворным, ад 1505 году - лоўчым Вялікага Княства. Паны Храбтовічы не зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі.
Паны Забярэзінскія - каталікі. Гэтае сваё прозьвішча яны ўзялі ад двара, што ляжаў за Нёманскай Бярэзінай. У вадным з актаў сьцьвярджалася, што паны Забярэзінскія былі «Ястраблевы внуки», а гэты Ястраб меў сыноў Юр'я й Алехну. Пра Ястраба нічога няведама, таксама было шмат Юр'яў і Алехнаў, а таму цяжка прасачыць генэалёгію паноў Забярэзінскіх. Прыкладам, у акце 1434 году згадваўся Алехна - стараста лідзкі, а Юрай паводле аднаго з актаў 1430 году называўся пасьцельным Вялікага Княства. Няведама, ці былі яны сынамі гэтага Ястраба, ды згаданы тут Алехна быў, праўдападобна, Алехнам Судзімонтавічам, які пры канцы 1460-х і ў 1470-х гадох быў намесьнікам полацкім, а ў 1480-х гадох - ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Магчыма, што імя Ястраба трэба злучыць зь імем Сокал-Сака (як і ў выпадку Іван-Івашка-Ян), а паноў Забярэзінскіх зьвязаць з родам паноў Саковічаў. Гэта тым больш, што ў Сакі быў сын Юрай, а пан Ян Юравіч Забярэзінскі, пра якога тут гутарка, пасьля Багдана Андрэевіча Саковіча заняў пасаду намесьніка полацкага ды быў таксама і ваяводам троцкім.