Выбрать главу

Адным словам, ў 1484 годзе пан Ян Юравіч Забярэзінскі становіцца намесьнікам полацкім, а крыху пазьней - таксама і кашталянам троцкім. Намесьнікам полацкім ён быў да 1497 году, у 1497 годзе кароткі час займаў пасаду намесьніка наваградзкага, застаючыся й кашталянам троцкім. Ад студзеня 1498 году Ян Юравіч Забярэзінскі быў ўжо ваяводам троцкім і найвышэйшым маршалкам земскім Вялікага Княства, тады ад 1505 году - найвышэйшым маршалкам земскім і намесьнікам горадзенскім. Пасаду ваяводы троцкага ён страціў у сувязі з спрэчкамі з князем Міхайлам Глінскім, ад рукі якога ён і загінуў на пачатку лютага 1508 году. Ягоны сын - Станіслаў Янавіч Забярэзінскі - ад 1497 году займаў пасаду падскарбнага, ад 1499 году - стольнага Вялікага Княства і (кароткі час) намесьніка браслаўскага, тады быў маршалкам і намесьнікам мярэцкім. Другі сын - Ян Янавіч Забярэзінскі - падпісаў акт Мельніцкае вуніі 1501 году, у 1509 годзе згадваўся на пасадзе маршалка й намесьніка ваўкавыскага, а ў 1520 годзе - на пасадзе ваяводы наваградзкага. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Забярэзінскія выстаўлялі 259 узброеных коньнікаў.

Паны Солтаны - праваслаўныя ды паходзілі дзесьці зь Берасьцейшчыны. Пан Солтан-Аляксандар, званы таксама Аляксандравічам, у 1476 годзе згадваўся на пасадзе падскарбнага дворнага Вялікага Княства. Ягоны брат - «манах-русін» Іван - тады ж быў найвышэйшым падскарбным земскім (у сяньняшнім значаньні - міністар фінансаў). Яны, праўдападобна, былі сынамі Аляксандра Юравіча, які ў 1460-х і на пачатку 1470-х гадоў займаў пасаду падскарбнага земскага Вялікага Княства. Паводле актаў 1480-1483 гадоў Солтан-Аляксандар Аляксандравіч быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам слонімскім, тады маршалкам і намесьнікам наваградзкім, а ў першай палове 1490-х гадоў - маршалкам і намесьнікам бельскім. Іхнымі братамі былі Міхайла з Загорава (ад якога, здаецца, пайшлі паны Загораўскія) і Андрэй з Папорцяў (каля Кернава), які ад 1503 году згадваўся на пасадзе канюшага Вялікага Княства, намесьніка беліцкага й ізбланскага. Магчыма, што братам, або сынам Солтана-Аляксандра Аляксандравіча быў Кміта Аляксандравіч, які ад 1490 году быў намесьнікам пуцілаўскім, ад 1495 году - намесьнікам чэркаскім. Паны Кміты былі праваслаўнага веравызнаньня ды ў ХVІ стагодзьдзі адыгравалі значную палітычную ролю. Прыкладам, пан Філён Сямёнавіч Кміта, які пакінуў цікавы дзёньнік і зваўся таксама Чарнобыльскім (ад двара, які меў каля Чарнобыля), у 1579-1587 гадох выконваў функцыі ваяводы смаленскага.

Паны Няміры - былі і каталікі, і праваслаўныя. Паводле Гарадзельскага прывілею пан Няміра атрымаў герб Ястрабаў. Гэты Няміра, праўдападобна, згадваўся і ў акце 1401 году. Андрэй Няміровіч з акту 1434 году крыху пазьней выступаў на пасадзе маршалка дворнага. Пан Мікола Іванавіч Няміровіч, або Няміра, у 1440 годзе браў актыўны ўдзел у выбарах Казіміра на вялікакнязеўскі пасад, а пад 1469 годам ён называўся намесьнікам віцебскім. Аднак гэты Няміра быў праваслаўны, бо праваслаўнага веравызнаньня быў ягоны брат Якуб Іванавіч Няміра, які ў 1470-х гадох займаў пасаду найвышэйшага пісара Вялікага Княства і ключара віленскага, а ад пачатку 1480-х гадоў быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам берасьцейскім. У канцы ХV - на пачатку ХVІ стагодзьдзя згадваліся Мікола Няміровіч і Юрай Няміровіч, якія падпісалі таксама акт Мельніцкае вуніі 1501 году. Цяжка сказаць, ці былі яны сынамі Міколы й Якуба Іванавічаў Няміраў, бо тады ж выступаюць і Якубовічы: Няміра Якубовіч - у 1494-1496 гадох намесьнік мцэнскі й любуцкі, ды Адам Якубовіч - пісар Вялікага Княства ад канца ХV стагодзьдзя. Таксама, у 1501-1511 гадох згадваўся Няміра Грыміліч, што займаў пасады маршалка й намесьніка мельніцкага. Паны Няміры ня зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнае арэны і ў ХVІ стагодзьдзі, і, прыкладам, пан Андрэй Няміровіч, або Няміра, ад 1515 году быў ваяводам кіеўскім.

Паны Давойны - праваслаўныя. У акце 1434 году згадваўся «баярын» Андрушка Давойнавіч, які, магчыма, быў сынам Давойны Вышгердава з акту 1401 году. У 1480 годзе пан Ян Давойнавіч выконваў ролю пасла ў Маскву і Крым ды ад 1492 году згадваўся на пасадзе старасты ваўкавыскага. Праўдападобна, ягоны брат Якуб Давойнавіч ад 1492 году й на пачатку ХVІ стагодзьдзя займаў пасаду намесьніка дарагічанскага. Апрача таго, акт Мельніцкае вуніі 1501 году падпісалі дзяржаўца даўгастайскі Юрай Давойнавіч ды пан Андрэй Давойнавіч. Паны Давойны не зыходзяць з палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, Станіслаў Станіслававіч Давойна ў 1542-1563 гадох быў ваяводам полацкім ды намінальна ім заставаўся да 1573 году, калі Полацак часова знаходзіўся пад маскоўскай акупацыяй.