Паны Войны - праваслаўныя паводле «Плачу» М.Сматрыцкага ды іншых дакумэнтаў. Пан Война з акту 1434 году тады займаў пасаду дзяржаўцы ў Кернаве. Магчыма, што гэты Война згадваўся таксама і ў акце 1401 году. Акт Мельніцкае вуніі 1501 году падпісалі Война - ключар берасьцейскі, а таксама нейкі Война Фінілеевіч. Паны Войны ўзвышаюцца ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у другой палове гэтага стагодзьдзя пан Грычун Война быў кашталянам амсьціслаўскім, а пан Лаўрэн Война - падскарбным земскім Вялікага Княства.
Паны Аляхновічы - праўдападобна каталікі. Алехнаў было шмат, у тым ліку й сярод смаленскіх князёў былі на ймя Алехна, а таму цяжка прасачыць радавод гэтых паноў. Пан Алехна на пасадзе старасты лідзкага згадваўся ў акце 1434 году. Тады ў 1460-х гадох выступаў пан Алехна Судзімонтавіч, займаючы пасады падчашага Вялікага Княства і намесьніка полацкага. Ад 1482 году ён ужо згадваўся як ваявода віленскі й канцлер Вялікага Княства, застаючыся на гэтых пасадах дзесьці да канца 1480-х гадоў. Ці быў ён сынам Алехны з акту 1434 году - няведама. Пан Андрэй Аляхновіч дзесьці ад 1492 году быў намесьнікам пераломскім, ожскім і борцкім (у 1503 годзе гэтую пасаду займаў ужо князь Іван Львовіч Глінскі). Іншы - пан Пётра Аляхновіч - у 1501 годзе згадваўся на пасадзе кухмістра дворнага й намесьніка аліцкага ды нямонайцкага. Яны, праўдападобна, былі сынамі ваяводы віленскага Алехны Судзімонтавіча.
Паны Клочкі - праўдападобна каталікі. Пан Войцех Янавіч Клочка да пачатку 1490-х гадоў быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам уладзімірскім, тады ад 1492 году - харужым (сьцяжным) Вялікага Княства і намесьнікам уценскім, а ад 1499 году - маршалкам Вялікага Княства, намесьнікам ковенскім і кухмістрам дворным, тады кухмістрам вялікае княгіні. Гэтыя пасады ён займаў ў 1509 годзе.
Паны Кучукі (Кучкі) - праўдападобна праваслаўныя. Пан Івашка Кучук у 1450-1460-х гадох выступаў як вайсковы дзяяч, тады пад 1469 годам згадваўся на пасадзе маршалка дворнага Вялікага Княства і дзяржаўцы ў Вялейцы, а пад 1472-1474 гадамі - на пасадзе маршалка дворнага і намесьніка лідзкага. Ягоны сын Войцех Іванавіч Кучук у 1499-1505 гадох выступаў як маршалак Вялікага Княства і намесьнік ваўкавыскі.
Паны Гаштоўты (Гаштольды) - каталікі й адны з «буйных літоўскіх феадалаў». Пан Ян Гаштоўт згадваўся ва ўсіх актах 1401-1434 гадоў, ужо тады займаючы адказныя становішчы. Пры канцы 1430-х гадоў ён быў намесьнікам смаленскім. Узяў сама актыўны ўдзел у пакліканьні Казіміра на вялікакнязеўскі пасад ды быў рэгентам гэтага маладога гаспадара. Неўзабаве заняў пасаду ваяводы троцкага, а дзесьці ад 1450 году - ваяводы віленскага ды нейкі час быў таксама й канцлерам Вялікага Княства. Вызначыўся як бескампрамісны прыхільнік палітычнае незалежнасьці Вялікага Княства, у сувязі з чым зрокся гербу, атрыманага паводле Гарадзельскага прывілею. Ян, або Івашка, Гаштоўт памёр у 1458 годзе. Ягоны сын - Андрэй Янавіч Гаштоўт - тады быў маршалкам дворным і хутка памёр. Іншы сын - Марцін Янавіч Гаштоўт - у 1469 годзе згадваўся на пасадзе намесьніка наваградзкага, ад 1470 году ён быў ваяводам кіеўскім, ад пачатку 1480-х гадоў - ваяводам троцкім. Сын апошняга - Войцех Марцінавіч Гаштоўт - у 1501 годзе выступаў яшчэ як просты «дваранін», а ад 1505 году быў падчашым Вялікага Княства і ваяводам наваградзкім. Пасьля нейкі час займаў пасады ваяводы полацкага й троцкага, а ў 1522-1539 гадох быў ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Гаштоўты выстаўлялі 466 узброеных коньнікаў.
Паны Кязгайлы - каталікі. Пан Кязгайла з акту 1434 году, які, як згадвалася вышэй, меў брата на ймя Шэдзібор (можа быць «чыста славянскім» імем), яшчэ за часамі вялікага князя Жыгімонта І стаўся старастам жамойцкім. Гэтую пасаду ён захоўваў таксама за часамі Казіміра, прыдбаўшы яшчэ й кашталянства віленскае. Ягоны сын Міхайла Кязгайлавіч яшчэ ў 1457 годзе згадваўся на пасадзе канцлера, у канцы 1460-х і ў 1470-х гадох быў ваяводам і кашталянам віленскім ды канцлерам Вялікага Княства. Другі сын - Ян Кязгайлавіч - па сьмерці бацькі быў старастам жамойцкім, а па сьмерці брата пераняў і кашталянства віленскае. Ён памёр каля 1486 году, бо ад гэтага году на пасадзе старасты жамойцкага згадваўся ўжо ягоны сын - Станіслаў Янавіч Кязгайла. Старастам жамойцкім ён быў ажно да 1522 году, адначасова ад 1497 году займаючы й пасаду кашталяна троцкага. Брат апошняга - Пётра Янавіч Кязгайла, які зваўся таксама Белым ды памёр у 1496 годзе, - у палове 1480-х гадоў быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі, ад 1488 году займаў пасады ваяводы троцкага й маршалка земскага ды нейкі час быў таксама вялікім гетманам. У ХVІ стагодзьдзі паны Кязгайлы значнай палітычнай ролі не адыгрывалі. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Кязгайлы выстаўлялі 768 узброеных коньнікаў, сваёй сілай перасягаючы паноў Радзівілаў. Ім належалі вялікія абшары на Жамойці.