Выбрать главу

Што ж да «справядлівага» падзелу Рэчы Паспалітай дык, паводле Абэцэдарскага, падзел гэты найперш злагодзіў становішча беларускага сялянства:

«Каб вывесці сялянскую гаспадарку Беларусі з глыбокага заняпаду, царскі ўрад неаднаразова вызваляў сялян на некаторы час ад дзяржаўных подацей. Ранейшае самавольства феадалаў аж да пакарання прыгонных сялян смерцю было абмежавана дзяржаўнымі законамі. Грабежніцкі «продаж» феадаламі солі сялянам быў заменен дзяржаўным продажам яе амаль па сабекошту. На выпадкі неўраджаяў паўсюдна ствараліся сельскія «магазыны» (склады) з запасамі збожжа.

Ужо неўзабаве пасля ўз'яднання з Расіяй у Беларусі пашырыліся пасяўныя плошчы, павялічыліся пасевы тэхнічных культур, пачалі ўзнікаць мануфактуры, спачатку вотчынныя, а потым капіталістычныя» і г.д. (б.78-79).

Аднак ідылія «ўз'яднання Беларусі з Расіяй» на гэтым ня скончылася, бо, паводле Абэцэдарскага, сталася яшчэ наступнае:

«Пасля ўз'яднання з Расіяй у Беларусі быў знішчан рэлігійны і аслаблен нацыянальны прыгнёт.

Буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары гісторыі атоесамліваюць Расію з царызмам, з памешчыкамі-прыгоннікамі, такімі ж ворагамі беларускага народа, як і народа рускага.

Але акрамя Расіі цара і памешчыкаў, існавала другая Расія - Расія вялікага рускага народа, Расія Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага. І ў гэтай другой Расіі ў беларускага народа было больш сяброў, чым у першай - ворагаў.

Перадавая руская дэмакратычная і сацыялістычная культура заўсёды аказвала дабратворны ўплыў на культуру беларускага народа.

Беларускі народ зблізіўся і аб'яднаўся з рускім народам і іншымі народамі Расіі ў барацьбе супраць агульных ворагаў - цара, памешчыкаў, капіталістаў. Гэта барацьба скончылася сусветна-гістарычнай перамогай сацыялістычнай рэвалюцыі, перамогай сацыялізма» (б.80).

Адным словам, Расея прыносіць «сацыяльную і нацыянальную свабоду» беларускаму народу. Падкрэсьлім, што ў гэтай фразэалёгіі няма ніводнага самастойнага слова, якое належала б самому прафэсару. Усё жыўцом запазычана з агульнай савецкай гістарычнай і партыйнай літаратуры.

Абмяжуемся найперш агульнымі заўвагамі. Як ведама, «рэлігійны прыгнёт» у Беларусі «быў знішчан» шляхам гвалтоўнае ліквідацыі вуніяцкае царквы й далучэньня вуніятаў да праваслаўнае царквы. Працэс ліквідацыі вуніяцтва пачаўся яшчэ ў 1826 годзе ды закончыўся адпаведным «указам» 1839 году. Пры гэтым у «правоверное православие» вуніяты заганяліся розгамі ды казацкімі шаблямі, у сувязі з чым гэтая акцыя ліквідацыі вуніяцтва звалася сучасьнікамі акцыяй «секущего православия». Ці ж гэта ня было гвалтам над рэлігійным сумленьнем?! Дарэчы, ліквідацыя вуніяцкае царквы адбылася за часамі самае цёмнае рэакцыі - за часамі панаваньня цара Мікалая І[112]. Падобным чынам у 1946 годзе была зьліквідаваная вуніяцкая царква ў Заходняй Украіне, а яе вернікі зноў былі далучаныя да «общерусской» праваслаўнай царквы. Як бачым, і ў гэтым выпадку гісторыя паўтарылася, хоць па сваім характары антырэлігійны ўрад СССР да пытаньня цэркваў мусіў бы падыходзіць індыфэрэнтна.

Пра «аслабленьне нацыянальнага прыгнёту» наагул не даводзіцца гаварыць, бо гэтага не было. Да паўстаньня 1863 году царызм у асноўным падтрымліваў працэс палянізацыі нашага краю ды беларусамі наагул не цікавіўся. У сувязі з гэтым на нашых землях маглі адчыняцца польскія школы й выходзіць польскія часапісы й газэты, але забараняліся спробы наладзіць беларускі друк і адчыніць беларускія школы, да чаго імкнуліся, прыкладам, знаныя дзеячы Адам Ганоры Кіркор, В.Дунін-Марцінкевіч, магілевец С.Акрэйц ды іншыя, не кажучы ўжо пра Кастуся Каліноўскага. Пасьля паўстаньня 1863 году настала эпоха гвалтоўнае русыфікацыі, у сувязі з чым была забароненая нават беларуская мова. Таму зусім слушна піша Адам Мальдзіс, што «далучэньне беларускіх і ўкраінскіх земляў, якое адбылося ў выніку падзелу Польшчы, нельга, вядома, разглядаць як праяўленьне сапраўдных клопатаў царызму аб «адзінакроўных» братах - беларусах й украінцах. Увогуле тут дзейнічала тая ж захопніцкая палітыка рускага самаўладзтва»[113]. Каб не заглыбляцца ў гэтае пытаньне, адашлем Абэцэдарскага яшчэ да некаторых крыніцаў, якія пярэчаць ягоным высновам[114].