Выбрать главу

Пра становішча сялянства ў Беларусі дый у самой Расеі за тымі часамі Абэцэдарскі таксама можа дазнацца з цэлага шэрагу працаў[115]. Тут мы таксама згодныя зь сьцьверджаньнем таго ж Адама Мальдзіса, які пісаў, што «пасьля падзелу Польшчы, калі Кацярына ІІ распаўсюдзіла на Беларусь і Літву «жалованную грамоту» і гэтым разьвязала дваранству рукі, дазволіла павялічваць паншчыну, эканамічнае становішча прыгонных сялян значна пагоршылася. Побач з ранейшымі формамі эксплуатацыі паявіліся новыя»[116]. З свайго боку дададзім, што Абэцэдарскі рамантызуе й фальшуе факты, калі цьвердзіць, быццам царскі ўрад неаднаразова «вызваляў сялян на некаторы час ад дзяржаўных подацей» ды нават «дзяржаўнымі законамі» абмежаваў «пакаранне прыгонных сялян смерцю». Праўда, такі закон існаваў, але ён быў ня царскім, а зьявіўся яшчэ ў 1768 годзе і быў прыняты надзвычайным Варшаўскім соймам[117]. Наагул, тут трэба падкрэсьліць, што ў другой палове ХVІІІ стагодзьдзя ў Рэчы Паспалітай неаднаразова ставілася пытаньне ня толькі пра дэмакратычная рэформы, але й пра скасаваньне паншчыны. Гэтаму аднак працівілася тая ж Расея з сваімі прускім і аўстрыйскім хаўрусьнікамі, усялякімі спосабамі шантажуючы ўрад Рэчы Паспалітай ды ўльтыматыўным парадкам зрываючы ажыцьцяўленьне якіх-колечы рэформаў. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб паслабіць і без таго паслабленую Рэч Паспалітую ды каб пасьля правесьці яе «раздзелы». У выніку, прыкладам, засталіся неажыцьцёўленымі даволі лібэральная Канстытуцыя ад 3 траўня 1791 году ды яшчэ больш лібэральны «Паланецкі ўнівэрсал» ад 7 траўня 1794 году Т.Касьцюшкі, якімі сялянам давалася асабістая свабода, зьніжаліся падаткі й іншыя павіннасьці, уводзіўся прынцып дамоўленасьці сялянаў з сваімі гаспадарамі наконт гэтых падаткаў і павіннасьцяў, а самі сяляне браліся пад апеку ўраду.

Не магло таксама быць гаворкі пра гэтак званае вызваленьне сялянаў «ад дзяржаўных подацей». Як ведама, пасьля «раздзелу» Рэчы Паспалітай бальшыня былых гаспадарскіх земляў на тэрыторыі Беларусі была перададзеная расейскім «феадалам» і ўрадоўцам, што аніяк не клапаціліся пра долю беларускага сялянства, тым больш земляў, якія ўважаліся за «акупаваныя». Абэцэдарскі ў сваёй брашуры імкнецца паказаць нейкае быццам бы злагодненьне становішча беларускага сялянства на прыкладзе Магілеўшчыны, вялікія абшары якой перайшлі ў рукі князя Пацёмкіна. Але ж «лібэралізм» гэтае асобы добра ведамы, прыкладам, з пацёмкінскіх жа «вёсак» на Ўкраіне. Пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя ў Вялікім Княстве быў яшчэ даволі вялікі пласт гэтак званых «вольных сялянаў» - праўдападобна, чыншавікоў, што сплочвалі толькі грашовы чынш, а асабіста былі незалежнымі. Тады ж некаторыя паны, як, прыкладам, паны Храбтовічы, пачалі вызваляць сваіх сялянаў ад паншчыны, прапануючы ім асабістую свабоду ды зьвязваючы іх з сваімі землямі дамоўленасьцяй наконт падаткаў. Усё гэта, аднак, зьмянілася да горшага ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. Больш за тое, пасьля паўстаньня 1831 году царскі ўрад прымусіў бяднейшую шляхту даказваць сваю «шляхоцкасьць», а тых, хто ня мог яе даказаць (прыкладам, ня маючы адпаведных прывілеяў), залічваў да «податного сословия».

Як ведама, Кацярына ІІ (1762-1796) давяла паншчыну ў Расеі да яе кульмінацыйнага пункту. Дваранства й памешчыкі набылі неабмежаваныя правы на сваё сялянства, улучна з правам караць, высылаць на катаргу або здаваць сялянаў у рэкруты. Найменшая скарга ад селяніна законам прыраўноўвалася да «ложного доноса» ды магла карацца зьбіцьцём палкамі, высылкай на катаргу ў Сібір, або здачай на 25 гадоў у армію. Зразумела, што гэта спрычынілася да яшчэ большага ўціску сялянства, зьдзекаў над ім ды да павышэньня паншчыны наагул. Праўда, калі цар Аляксандар І захапляўся яшчэ «лібэралізмам», у 1803 годзе зьявіўся «ўказ», паводле якога дазвалялася вызваляць сялянаў ад паншчыны прыватным шляхам, але безь зямлі і за вельмі высокі «выкуп». Тады ж зьявіліся таксама і звароты да «сумленьня» дваранства й памешчыкаў. Пасьля ж вайны 1812 году становішча пачало хіліцца да горшага, а на дзяржаўных землях паўсталі гэтак званыя «военные поселения» - казармшчына, дзе сяляне несьлі вайсковую службу, вайсковай дысцыплінай апрацоўвалі зямлю, падпарадкавалі гэтай дысцыпліне сваё сямейнае жыцьцё і г.д. Адным словам, ужо тады заўважыліся спробы ўвядзеньня «военного коммунизма».