Выбрать главу

Далей, як вынікае з цытатаў, Абэцэдарскі прапануе нам не зважаць на «царызм з памешчыкамі-прыгоннікамі», а цешыцца «другой Расіяй - Расіяй вялікага рускага народа, Расіяй Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага». З засьцярогай, што неяк не выпадае заўсёды ды ўсюды выдзяляць «вялікі рускі народ», бо гэтым сама зьневажаюцца іншыя народы, мы, фактычна, нічога ня маем супраць тае «народна-дэмакратычнае» Расеі, пра якую дбалі Радзішчаў, Герцан, Чарнышэўскі дый іншыя. Аднак жа ў гэтым выпадку нельга карміцца й карміць нейкімі ілюзіямі, абстрагавацца ад таго, што было ў сапраўднасьці, г.зн. ад гэтага «царызму з памешчыкамі-прыгоньнікамі» ды, прыкладам, ад таго нацыянальнага прыгнечаньня, якое ён увасабляў. Гэта тым больш, што «Расія Радзішчава, Герцэна, Чарнышэўскага» ды і шмат якіх іншых расейскіх дэмакратаў заставалася толькі абстракцыяй і ілюзіяй. Іхная «народна-дэмакратычная» Расея з часам захлынулася ў таталітарным «ленінізме», у тым, што сяньня завецца «советским опытом построения социализма» з партыяй на чале як адзіным носьбітам непадзельнай улады й прымусу.

Абэцэдарскаму не выпадае таксама забывацца, што і ў іншых народаў, у тым ліку ў Беларусі й Польшчы, апрача «паноў-прыгоньнікаў» былі і ёсьць свае «народнікі» й «дэмакраты». Магчыма, яны таксама належаць да катэгорыі гэтак званых «унтэрмэншаў»?! Напэўна так, бо прафэсар сваім парадкам паўтарае агульнаведамы шавіністычны штамп: «Перадавая руская дэмакратычная і сацыялістычная культура заўсёды аказвала дабратворны ўплыў на культуру беларускага народа»! Быццам беларуская, ці, прыкладам, польская, дэмакратычная думка не магла разьвівацца самастойна, або гэтак жа самастойна чэрпаць свае сілы з дэмакратычнае думкі Заходняй Эўропы.

Варункі «змовы князёў 1481 году» і «пераходу рускіх князёў» на бок Маскоўшчыны

Але зьвярнемся цяпер да галоўнага. Вышэй мы ўжо згадвалі, як дайшло да бунту князёў Глінскіх у 1508 годзе. Паводле Абэцэдарскага, «паўстанне беларускіх і ўкраінскіх феадалаў пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага... таксама было накіравана на далучэнне беларускіх зямель да Расіі». «Паўстанне» гэтае такіх мэтаў ня ставіла, хоць з канчатковага ягонага выніку можна й зрабіць падобную выснову. Гэтак жа Абэцэдарскі разглядае і «змову князёў 1481 году», што быццам «ставіла мэтай далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну». Апошняя легенда, здаецца, была запісаная ў Супрасельскім летапісе, але прафэсар угрунтоўвае яе, паклікаючыся на польскага гісторыка Яна Длугаша. У сваёй працы пад 1480 годам Длугаш запісаў папярэджаньне Казіміра, што, калі Вялікае Княства Літоўскае пачне вайну з Маскоўшчынаю, дык з прычыны варожасьці й магчыма здрады «рускіх князёў» яно даб'ецца не перамогі, а свае паразы. Найбольш праўдападобна, што аўтар Супрасельскага летапісу на аснове гэтага паведамленьня Длугаша і стварыў легенду, быццам змоўнікі 1481 году хацелі прыпаднесьці маскоўскаму вялікаму князю вялікі кавалак Княства - «па Беразіну». Якраз паводле Длугаша сьціслая Літва даходзіла да Бярэзіны, а там далей ляжалі «рускія землі». Аднак, паўтараючы гэтую легенду, нават Абэцэдарскі не ўлічыў таго, што цэласьць Беларусі не абмяжоўвалася ракой Бярэзінай. «Па Беразіну» не маглі б абмежавацца і змоўнікі 1481 году, калі сапраўды яны жадалі зрэалізаваць гэтую легенду.

Прыгледзьмася бліжэй да гэтае легенды. З выбарам у 1440 годзе Казіміра Ягайлавіча на вялікакнязеўскі пасад фактычна была зьліквідаваная палітычная вунія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, з чаго і цешыліся ліцьвіны. Калі ў 1444 годзе ў бітве з туркамі пад Варнай зьнік польскі кароль Уладзіслаў ІІІ, Казіміраў брат, дык па нейкім часе Польшча, зразумела, зьвярнулася да кандыдатуры Казіміра. Гэтаму, аднак, было забаронена пераняць на сябе польскую карону. Да каранацыі Казіміра польскаю каронай дайшло толькі ў 1447 годзе, але гэтым разам коштам скасаваньня Крэўска-Гарадзельскай палітычнай вуніі ды забавязаньняў Казіміра ня толькі захаваць тэрытарыяльны набытак Вітаўта, але й пашырыць межы Княства. У сувязі з гэтым між Вялікім Княствам і Польшчай найперш паўстала спрэчка за землі Валыні й Падольля, што нават пагражала перарасьці ў адкрыты ваенны канфлікт. Вастрыня гэтага канфлікту прыпадае на 1452-1453 гады, калі ўпершыню было пастаўленае пытаньне замены Казіміра новым вялікім князем. Як далёка зайшло гэтае пытаньне, сьведчыць той факт, што на Віленскім сойме ў траўні 1453 году адбыўся першы замах на жыцьцё Казіміра, у выніку якога ён быў паранены. Тады на пасад вялікага князя партыя віленскага ваяводы Яна Гаштоўта вылучала кандыдатуру пана Радзівіла Осьцікавіча.