Выбрать главу

Пазьнейшыя пляны замены Казіміра новым вялікім князем змушаюць зьвярнуцца да мірнае ўмовы, што была падпісаная паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам у 1449 годзе. Паводле гэтае ўмовы, Вялікае Княства адракалася ад прэтэньзіяў на Ноўгарад і Пскоў, прызнаючы іх у сфэры ўплываў Маскоўшчыны. Больш за тое, Казімір разрываў з Флярэнтыйскай царкоўнай вуніяй, прызнаючы за галаву праваслаўнае царквы ў Княстве маскоўскага мітрапаліта Іёну. Праўда, згодна з гэтай ўмовай, маскоўскі князь траціў тытул «великий князь всея Руси», а Казімір рабіўся апякуном ягоных дзяцей. Аднак гэта не магло кампенсаваць тых палітычных стратаў для Вялікага Княства Літоўскага, што вынікала з прызнаньня Ноўгараду і Пскова ў сфэры ўплываў Маскоўшчыны ды падпарадкаваньня нашай царквы маскоўскай мітраполіі. Гэта наводзіць на думку, што мірная ўмова з Маскоўшчынай 1449 году была свайго роду палітычнай дывэрсіяй дыпляматыі Польшчы й самога Казіміра, ськіраванай супраць нашай краіны. Тады нарастаў канфлікт Польшчы з Прусіяй ды, як гаварылася вышэй, Вялікае Княства таксама знаходзілася ў канфлікце з Польшчай і самым Казімірам. З пачаткам Прускае вайны (1454-1466) Маскоўшчына справакоўвае ваенны канфлікт з Ноўгарадзкаю рэспублікай, і паводле Яжалбіцкай ўмовы 1456 году накінула апошняй цяжкія абмежаваньні й палітычныя забавязаньні. Урад Княства сваім парадкам адмовіўся падтрымаць Польшчу й Казіміра ў Прускай вайне, але чамусьці ня мог таксама прыйсьці з дапамогай Ноўгараду. У гэтым, магчыма, ён быў зьвязаны той мірнай умовай з Маскоўшчынай, а найбольш асобаю самога Казіміра. Аднак у сувязі з маскоўска-ноўгарадзкім канфліктам у тым жа 1456 годзе Казімір быў выкліканы з Польшчы ў Вялікае Княства, дзе цяпер перад ім была альтэрнатыва: або зрачыся польскае кароны ды прысьвяціцца палітычным інтарэсам Княства, або адмовіцца ад пасаду вялікага князя. На новага вялікага князя цяпер ліцьвіны прапаноўвалі кандыдатуру кіеўскага князя Сямёна Аляксандравіча (Алелькавіча) - унука Ўладзіміра Альгердавіча. Ведама, і Казімір меў сваіх прыхільнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім, дый наагул пытаньне зьмяшчэньня манархаў тымі часамі было даволі складанае, і гэта звычайна ажыцьцяўлялася спосабам фізычнага адхіленьня іх. Тады пытаньне разьвязалася тым, што ў наступным 1457 годзе Казімір змушаны быў пацьвердзіць прывілеі й забавязаньні з 1447 году.

Закончыўшы Прускую вайну, у далейшым Казімір поўнасьцяй быў заняты сваёй прапольскай дынастычнай палітыкаю ў Чэхіі ды Вугоршчыне. Гэта прыводзіць ня толькі да войнаў з Вугоршчынай, але й да канфлікту зь нямецкім імпэратарскім домам ды самым Рымам. Палітычныя інтарэсы Княства на ўсходзе Казімір зусім занядбаў. Праўда, на пачатку 1470 году Казімір наведаў краіну ды з прычыны пагрозы з боку Масквы пабываў нават у Полацку, Віцебску і Смаленску, аднак ізноў неўзабаве вярнуўся ў Польшчу, каб там заняцца чэскімі й вугорскімі справамі. Адсюль паўтарэньне таго, што здарылася ў 1450-х гадох. Яшчэ ў 1464 годзе Іван ІІІ накінуў сваё зьверхніцтва Пскову. Напалоханая гэтым Ноўгарадзкая рэспубліка сваім парадкам разарвала Яжалбіцкую ўмову ды ў 1470 годзе зьвярнулася па дапамогу да Вялікга Княства Літоўскага. Між Ноўгарадам і Княствам паўстаў абаронны хаўрус і быў выпрацаваны праект палітычнае вуніі. У сувязі з гэтым у лістападзе 1470 году ў Ноўгарад быў высланы «вялікакнязеўскі намесьнік» у асобе кіеўскага князя Міхайлы Алелькавіча (ягоны брат Сямён якраз памёр у тым жа 1470 годзе). Усё гэта, зразумела, рабілася ад імя Казіміра ды, праўдападобна, зь ягонае згоды, бо цяжка ўявіць, каб у гэтым выпадку ўрад Вялікага Княства дзейнічаў самастойна. Аднак Казімір быў супраць ваеннага канфлікту з Маскоўшчынаю, да якога доўгі час рыхтавалася Вялікае Княства. Ён заставаўся ў Польшчы, назіраючы за падзеямі ў Чэхіі й Вугоршчыне, бо якраз у тым жа 1470 годзе чэская дэлегацыя паклікала ягонага сына Ўладзіслава на пасад караля. Больш за тое, каб, магчыма, не дапусьціць канфлікту паміж Княствам і Маскоўшчынай, у канцы 1470 году Казімір наважыўся адабраць у князёў Алелькавічаў Кіеўскае княства, сеячы гэтым самым нязгоду ў Вялікім Княстве Літоўскім і змушаючы князя Міхайлу Алелькавіча пакінуць Ноўгарад і вярнуцца назад. Дарэчы, яшчэ ў 1469 годзе Казімір паклікаў у Вялікае Княства францішканцаў і бэрнардынцаў з выразнай мэтай «перахрышчваць схізматыкаў», хоць тады фармальна была адноўленая царкоўная вунія, і ў Наваградку сядзеў вуніяцкі мітрапаліт Рыгор Баўгарыновіч (1458-1473). Гэта рабілася ня толькі, каб прымірыцца з Рымам, але й дзеля таго, каб яшчэ больш распаліць у краіне рэлігійныя закалоты й палітычную грызьню ды гэтым сама палітычна аслабіць нашае гаспадарства, супраціў ягонага ўраду Польшчы. Пакінутае на собскую долю, у ліпені 1471 году ноўгарадзкае рушаньне было разьбітае арміяй Івана ІІІ. Казімір не кіўнуў нават пальцам, бо тым часам быў заняты выпраўленьнем свайго сына ў Чэхію ды падрыхтоўкай да вайны з Вугоршчынаю. Ноўгарадзкая рэспубліка страціла самастойнасьць і фактычна далучалася да Маскоўскае дзяржавы.