Ці прафэсар Абэцэдарскі звяртаўся да ўсіх гэтых фактаў, каб зрабіць выснову, што «змова князёў 1481 году» была нутраною справаю Вялікага Княства Літоўскага?! Сапраўды, «мэта перадаць Беларусь Расіі па Беразіну», якую быццам мелі на ўвазе згаданыя змоўнікі, зусім не вымагала замаху на жыцьцё Казіміра ды тым больш на ягоных дзяцей. Замест Казіміра хутка быў бы абраны новы вялікі князь і польскі кароль, і трэба думаць, што ў гэтым разе супраць Маскоўшчыны выступіла б і сама Польшча. Дарэчы, да падобнае «трансакцыі» ў тым часе не была гатовая й сама Маскоўшчына. Тым больш «трансакцыя» гэтая неяк цяжка ўвязваецца зь імёнамі князёў Алелькавічаў, Гальшанскіх ці Глінскіх, якія, паводле канцэпцыі Абэцэдарскага, не належалі да «беларускіх феадалаў», а таму не маглі быць «беларускімі патрыётамі», зачараванымі «ідэяй з'яднаньня Беларусі з Расіяй». Згадаем пры нагодзе, што пасьля сьмерці Казіміра ў 1492 годзе на вялікакнязеўскі пасад прэтэндавалі два кандыдаты: сын Казіміраў Аляксандар і слуцкі князь Сямён Міхайлавіч Алелька, г.зн. сын «змоўніка 1481 году» князя Міхайлы Алелькавіча. Магчыма, што і апошні дзеіў таксама паводле «інструкцыяў з Масквы»? Найбольш праўдападобна, аднак, што ён вёў далей традыцыю князя Сямёна Аляксандравіча (Алелькавіча), што яшчэ ў 1450-х гадох меўся заняць вялікакнязеўскі пасад у Вялікім Княстве Літоўскім, ды такую ж традыцыю змоўнікаў 1481 году.
Вышэй згадваўся вялікакняскі прывілей 1492 году. Ён фактычна быў накінуты абранаму вялікаму князю Аляксандру. Параграф 13 гэтага прывілею абавязваў вялікага князя разьвязваць пытаньні вонкавае палітыкі Княства толькі ў згодзе з Панамі-Радай. Асабліва гэта датычылася Маскоўшчыны, якая згадвалася на першым месцы. Правы вялікага князя ў дачыненьнях зь іншымі краямі, у тым ліку і ў пытаньнях вайны і міру, абмяжоўваліся. Няцяжка бачыць, што гэтыя абмежаваньні ды пашырэньне адпаведных кампэтэнцыяў Паноў-Рады беспасярэдне выплывалі з горкае рэчаіснасьці Казіміравых часоў. Упісваючы ў прывілей агульнадзяржаўнае вагі гэты параграф, ліцьвіны, зразумела, імкнуліся ўнікнуць у далейшым тае палітычнае трагедыі, якая здарылася за Казімірам, калі гэты манарх, заняўшыся выключна справамі Польшчы, зьвёў на нішто ўсходнюю палітыку Вялікага Княства Літоўскага.
Дарэчы, выходзячы з трагічных для Княства падзеяў часоў Казіміра, у 1492 годзе ліцьвіны катэгарычна адмовіліся абраць супольнага з Польшчаю манарха. Палітычнай памылкаю было тое, што на пасад вялікага князя яны абралі Аляксандра Казіміравіча, а не князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага. Праўда, у тым часе стан краіны быў складаны, бо яна знаходзілася ў стане вайны з Маскоўшчынай, а адхіленьне кандыдатуры Аляксандра Казіміравіча прывяло б і да канфлікту з Польшчаю. Нават у сувязі з выбарам апрычонага вялікага князя ў асобе Аляксандра Польшча тады пачала правакаваць сутычкі на літоўска-польскім узьмежжы ды, як і ў 1440-х гадох, нацкоўваць Мазавецкае княства. Згадаем хоць бы наступны факт. У 1493 годзе ў Маскве зьявілася пасольства мазавецкага князя Канрада, якое прапанавала Івану ІІІ хаўрус супраць нашай дзяржавы, тытулуючы адначасна маскоўскага князя «государем и царем всея Руси»[118], што ў перакладзе на дыпляматычную мову значыла прызнаньне правоў Маскоўшчыны на гэтак званыя «рускія землі» Вялікага Княства Літоўскага. Польшча, як бачым, проста ўсаджвала нож у сьпіну сваёй суседцы. Адначасна, як ведама, Польшча тады пачала дамагацца аднаўленьня Крэўска-Гарадзельскае вуніі ды, каб знутры паслабіць Княства, у 1495-1496 гадох высунула плян выдзяленьня на ўкраінскіх землях Кіеўскага княства перадачы яго Жыгімонту Казіміравічу, брату Аляксандра. Да нармалізацыі дачыненьняў з Польшчаю дайшло толькі ў 1499 годзе, калі між Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчаю быў падпісаны сяброўскі хаўрус, які яшчэ раз ануляваў Крэўска-Гарадзельскую палітычную вунію ды касаваў абавязковасьць выбару для абедзьвюх краінаў супольнага манарха й іхнага ўдзелу ў выбарах адпаведных манархаў, якія цяпер маглі паклікацца неабавязкова з аднае й тае ж дынастыі. Але да гэтага дайшло толькі пасьля вялікае паразы польскай арміі ў Малдавіі.
Адным словам, і гэтыя апошнія факты ня ўвязваюцца ў канцэпцыю Абэцэдарскага пра «змову польска-літоўскіх феадалаў» супраць «беларускіх феадалаў» і пра рэакцыю апошніх, якая нібыта выявілася ў іхных спробах «далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі па Беразіну».