А дзе ж у гэтым часе быў галоўны хаўрусьнік гэтае антымаскоўскае кааліцыі - Вялікае Княства Літоўскае, армія якога мелася нанесьці контрудар у цэнтры? А рэч у тым, што 17 чэрвеня 1501 году памёр бязьдзетны польскі кароль Ян Альбрэхт. І хоць у рэзэрве заставаўся яшчэ Жыгімонт Казіміравіч, кандыдатуру якога падтрымліваў чэскі й вугорскі кароль Уладзіслаў, Польшча ўхапілася за Аляксандра. Дарэчы, сам Аляксандар найбольш жадаў пераняць спадчыну свайго бацькі, тым болей што і ў Вялікім Княстве шмат хто спадзяваўся абраньнем Аляксандра польскім каралём атрымаць ад Польшчы патрэбную дапамогу. Адным словам, пад ціскам Польшчы, самога Аляксандра й марнае для Княства сытуацыі на ўсходзе дайшло да згоды на абраньне Аляксандра каралём Польшчы й да ўкладаньня акту гэтак званае Мельніцкае вуніі, што задіночвала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу «in unum et indivisum ac indifferens corpus, ut sit una gens, unus populus, una fraternitas, et communia consilia, eidemque corpori perpetuo unum caput, unus rex, unusque dominus». Наколькі быў вялікі ўзьніклы ў сувязі з гэтым хаос у краіне і нежаданьне ліцьвіноў ізноў зьвязаць сваю долю з Польшчай, якая дасюль амаль нічога не зрабіла для Княства, а была толькі тормазам, сьведчыць той факт, што ў канчатковым выніку акт Мельніцкай вуніі падпісалі толькі каля 30 паноў і князёў, у бальшыні выпадкаў другарадных, якія крыху пасьля таксама адмовіліся ад гэтае вуніі, а акт Мельніцкае вуніі зноў быў здадзены ў архіў, бо вунія аказалася няпраўная.
Усё гэта спрычынілася да таго, што ўлетку і ўвосені 1501 году армія фактычна бязьдзеіла. Яна нават не прыйшла на дапамогу ні хану Залатое Арды Шых-Ахмату, ні лівонскай арміі фон Плетэнбэрга, хоць гэтыя й закідалі Вільню адмысловымі пасольствамі. І толькі пасьля падпісаньня Мельніцкае вуніі, што адбылося 23 кастрычніка 1501 году, армія на чале з панам Астапам Дашковічам і князем Міхайлам Заслаўскім скіравала свой удар да цэнтру, дзе 4 лістапада дайшло да крывавае бітвы каля Амсьціслава, на полі якой склалі свае галовы каля 7 тысяч ліцьвіноў. Зразумела, не дачакаўшы ніякай падтрымкі, лівонская армія ўжо даўно адступіла ў Лівонію, дзе была зьнішчаная 24 лістапада ў выніку маскоўскага контрудару. Раней адступіла на Данец і армія Шых-Ахмата, якая там канчаткова здэмаралізавалася і дашчэнту была разьбітая крымскімі татарамі. Так што на пачатку чэрвеня 1502 году Залатая Арда наагул спыніла сваё існаваньне.
Вайсковая дапамога Польшчы, якую так «шчыра» абяцалі палякі пры абраньні Аляксандра польскім каралём і падрыхтоўцы Мельніцкае вуніі, зьвялася да аднаго невялікага адзьдзелу жаўнераў-наймітаў, што Аляксандар прывёў з сабой у Вялікае Княства ўлетку 1502 году ды які хутка зноў быў адкліканы ў Польшчу ў сувязі з чуткамі пра магчымае нападзеньне на Польшчу турэцкае арміі. Тым часам, як і ў 1501 годзе, маскоўскія галоўныя сілы працягвалі аблогу Смаленску, а орды крымскіх татараў пачалі сыстэматычныя й спусташальныя рабаўніцкія набегі на Вялікае Княства Літоўскае, даходзячы да Берасьця, Турава й нават Менску. Тое, што цяпер Аляксандар мог прапанаваць ураду краіны, гэта толькі «актыўны» ўдзел прадстаўнікоў Польшчы, Рыму, Чэхіі й Вугоршчыны ў перамовах зь Іванам ІІІ. Зь іхнай дапамогай у 1503 годзе дайшло да часовага замірэньня паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўшчынай. «Часова» за Маскоўшчынай засталіся таксама землі з гарадамі Рыльск, Пуціўль, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Трубчэўск, Бранск, Старадуб, Рослаў, Гомель, Любеч, Дарагабуж, Бельск (Белы) і Таропец, перададзеныя ёй тымі «рускімі князямі».