Конныя, яны рынуліся па дарозе цераз пусткі, і прапахлыя мёдам верасовыя хвалі імкліва замільгалі абапал дарогі. Замільгалі – і патроху адкаціліся, засталіся за спінамі, за звівамі дарогі. Пабеглі частыя ўзгоркі, зарослыя маладымі асінкамі, і на іх Лелю час ад часу кідаліся ў вочы белыя камяні, што быццам бы вартавалі дарогу. За бярозавым гаем паказаўся, бліснуўшы срэбрам вады, вольны разлог рачной даліны – і таксама ў хуткім часе застаўся ўбаку. Йурай, скарачаючы шлях на захад, скіроўваў коней патаемнымі сцежкамі, што спавівалі надрэчныя ўзвышшы. Верасовыя скакуны віхурамі праносіліся праз сырыя асіннікі, праз светлыя бярэзнікі, без высілку, без стомы пераскокваючы цераз бураломы ды неглыбокія раўчукі, што беглі ў рачную даліну.
Яны ўварваліся пад шаты пушчы, пад покрыва старадаўніх хвояў. Па медных ствалах языкамі агню разбягаліся вавёркі, і цені асцярожных аленяў праносіліся ў зялёным паўзмроку, за сухімі маліннікамі. Хваёвыя вершаліны трапяталі і шапталіся пад ветрам, тут, пад лясным покрывам, амаль незаўважным. Частыя плямы сонечнага святла павольна паўзлі па меднай кары, быццам кроплі смалы, і гусцелі, бо сонца патроху апускалася ніжэй, а дзень каціўся да вечара.
Каляіны дарогі паўзлі па пяску, і з-пад капытоў няўрымслівых верасовых коней узляталі высока ўверх драбочкі жоўтага жвіру і зжоўклай ігліцы. А пушча цягнулася далей і далей, раскідвалася, распроствалася, бясконцая, старадаўняя, вечная. У мажных хвояў шырока разрасталіся кроны, і дрэвы нібы распраўлялі плечы, цягнучыся да неба. Лель, удыхаючы густы смалісты водар, глядзеў на гэтых волатаў у меднай лусцэ, што, мабыць, засталі яшчэ ягоных прашчураў, і думаў пра свет людзей, узгаданы лютністам як непазбежнасць. І ад гэтых думак чамусьці шчымела сэрца – няхай сам Лель быў, несумненна, часткаю таго новага, чалавечага свету.
Даўняя пушча, дарма што падавалася бясконцай, урэшце адступіла-такі. Спачатку рассеяўся зеленаваты паўзмрок, тады радзейшымі сталі дрэвы, пасля замест векавых волатаў дарогу абступілі іх унукі і праўнукі, таксама моцныя, але без той спрадвечнай велічнасці ды магутнасці. З узлеску, дзе густой сцяной стаялі, цягнучыся з кустоўя да сонца, тонкія сеянцы, было добра відаць рэдкія пагоркі, зарослыя дубровамі, а між імі – адваяваную ў пушчы зямлю, лугі і палеткі. Пасвіліся авечкі, перарывіста звінела жалейка, і рэдкія разложыстыя дубы ды хвоі, пакінутыя пасярод поля, глядзелі самотна, сіратліва.
Тут, сярод гэтых прыручаных, змененых працоўнымі рукамі абшараў у лепшую долю для людзей, у будучыню, толькі для іх прызначаную, верылася. Прынамсі, верылася значна болей, чым на дзікіх пустках, дзе з верасовых суквеццяў вырастаюць чароўныя коні, або ў вячыстай пушчы, чалавеку не падуладнай.
Над дубровамі пачынаў патроху налівацца барваю захад, а таму, крыху перавёўшы дыханне на ўзлессі, зрабіўшы па глытку з біклагі з травяным напоем, яны рушылі далей, несліся нястомна, быццам дзве верасовыя віхуры. Каляіны ацяжэлі, паглыбіліся, сама дарога заўважна раздалася ўшыркі і часта давала адгалінаванні. Тыя разыходзіліся то ўправа, то ўлева, беглі, кружляючы, цераз палі і лугі, цераз дубровы, і было бачна, як у аддаленні падымаюцца ў неба дымы ачагоў. Гэта быў абжыты чалавекам, досыць густа заселены кут, і Лелю тым больш дзіўным падавалася, што чары не-людзей могуць мець тут сілу, ды і ўвогуле – існаваць.
– О, нашыя чары паўсюль, – адказаў Йурай на Лелева нясмелае пытанне, калі яны прыпыніліся на адным з раздарожжаў. – Мы жывём тут вельмі даўно, чалавечае дзіця. І нашыя чары, і мы – частка гэтай зямлі.
– А як жа тыя «часы людзей»? – Лель перадаў лютністу яго біклагу і ацёр даланёю вусны. – Што ж тады будзе… з чарамі?
Ён хацеў спытаць – «з вамі», але язык неяк не павярнуўся.
– Аднойчы ўсё заканчваецца, – адгукнуўся Йурай, памаўчаўшы. – Старое мусіць сысці, каб прыйшло новае. Такі лад рэчаў у свеце пад месяцам, чалавечае дзіця.
– І… – Лель зябка павёў плячыма. Яму чамусьці да болю шкада стала чараў, нязвыклых і прыўкрасных, і змяіных звіваў ліній на камянях, і верасовага мора на дзікіх пустках. – Няўжо нічога нельга зрабіць?
Йурай усміхнуўся.
– Часам я задаю сабе такое ж пытанне, – адказаў ціха. – Але не ведаю адказу.
Верасовыя скакуны неслі іх далей і далей. У засені дубоў па пагорках часта бялелі стаячыя камяні, і тады ў вецер, апроч перашэптвання лісця, упляталіся ледзь заўважныя чалавечаму слыху зыкі. Лель, заплюшчваючы вочы, засяроджана прыслухоўваўся – і чуў, адрозніваў, як цягнуцца і трымцяць даўнім глыбінным спевам сярэбраныя ніці чараў, што сыходзілі з самой зямлі.
Што былі голасам гэтай зямлі.