– Дурны верыць у шчаслівы выпадак, – мовіў. – Мудры рыхтуецца да горшага.
– То лепей, значыць, быць дурнем, – буркліва адгукнуўся Лель. – Калі мудрацам усё роўна шчаслівых выпадкаў не свеціць.
На гэта лютніст адказаў прыдушаным смяшком.
– Паспрабуй, – параіў весела. – Раптам атрымаецца.
Неба паступова згасала над рабінамі, над зялёнымі шапкамі дубоў, і цені гусцелі, нахабна падкочваліся бліжэй і бліжэй. І цішыня гусцела таксама, налівалася варожасцю, ціснула на вушы, абляпляла твар, замінаючы дыхаць. Лель ледзь перастаўляў ногі, ідучы за Йураем, і часта аціраў пот з ілба, і ніяк не мог перавесці дыханне.
А пасля дубы расступіліся, і стала відаць светлыя хвалі возера, пафарбаваныя захадам. З узгорка, на якім яны прыпыніліся, ясна праступала ўнізе круглае азёрнае ложа, і скалісты астравок сярод хваляў, і пакатыя берагі ў касматай поўсці цёмнай травы. Далей паблісквала рака – тая самая, мусіць, што бегла, укрытая алешнікам, уздоўж закінутай дарогі. На дальнім беразе відаць было колькі счарнелых ад часу і сырасці, добра патрапаных непагаддзю будынкаў, верагодна, закінутых. Калі нехта і спрабаваў тут абжыцца, то досыць даўно сышоў.
Вецер прыносіў з азёрнай даліны шэпты трыснягоў і дробныя пырскі вады. Па чыстай вадзяной паверхні плылі адбіткі падсіненых хмараў, і ўсё вакол выглядала спакойным і заміраным. Толькі ад гэтай навакольнай заміранасці трывога разгаралася яшчэ мацней, і сэрца тахкала часта, быццам спрабавала выскачыць з грудзей.
На дубовым узгорку, гледзячы на возера, у якім згасала неба, яны прыселі адпачыць – ці, як удакладніў Йурай, прычакаць.
– Чаго прычакаць? – не ўцярпеў Лель.
Лютніст усміхнуўся. А пасля загаварыў.
– След параненай казулі цягнецца па пагорках, быццам зыркая барвовая ніць. Ваўчыным чуццём яе лёгка злавіць, і ясна: падранак, хістаючыся, ідзе да вады. Сонца сядзе, і на пах крыві пачнуць збірацца мясцовыя драпежнікі, меншыя і большыя. Не змогуць супрацьстаяць адвечнаму Голаду, выберуцца з берлагоў.
– І ты… збіраешся ўпаляваць іх? – у Леля перасохла ў горле, а сэрца ўпала ў гулкую пустку. Ён прыгадаў, што пры сабе не мае аніякай зброі, і пахаладзеў, і неспакойна закруціўся на месцы. Лелевы продкі не былі ваярамі, і змалку яго вучылі адно апрацоўваць зямлю ды вудзіць рыбу.
Йурай, аднак, пахітаў галавою.
– Я не паляўнічы, – мовіў. – Таму… лепш трымацца падалей ад драпежнікаў.
– Спадзяешся, што атрымаецца, каб падалей? – недаверліва звёў бровы Лель. Йурай паціснуў плячыма з зайздросным спакоем.
– Атрымаецца, – адказаў. – Прынамсі, да той пары, пакуль драпежнікі будуць занятыя лёгкай здабычай.
– Ну, давай верыць у шчаслівы выпадак, – падагульніў Лель, цяжка ўздыхнуўшы.
– Як апошнія дурні, – вельмі сур’ёзна паківаў лютніст. – І… на ўсялякі выпадак рыхтавацца да горшага.
Верачы і рыхтуючыся, бавілі час у траве пад дубамі: Йурай – сузіраючы мірнае возера ўнізе, Лель – трывожна прыглядаючыся да няспыннага, патаемнага руху ў зарасніках. Лелю думалася пра тое горшае, што можа прыдарыцца, і досыць жыва ўяўляліся незлічоныя пачвары, што выпаўзаюць з цёмных куткоў. Успыхнула, пакорлівае слову-без-гучання, пад рукою лютніста чароўнае полымя, і драпежныя цені з віскатам адхіснуліся, і злавесная цішыня раздалася ўбакі, зрабілася не такою густой.
Так, чакаючы, яны паспелі нават падсілкавацца, і травяны ўзвар з Йураевай біклагі разліваўся па ўсім целе пругкімі цёплымі хвалямі. Ад траваў у напоі ў стомленых руках і нагах ажывала прыхаваная сіла, марнеў люты голад – не чалавечы, а мядзведжы, – што патроху накатваў аднекуль знутры і настойліва прасіў выхаду. І ў Леля трохі святлела на сэрцы, нягледзячы на злавесную цішу, што душыла з усіх бакоў.
– Дык усё-такі, што – там? – спытаў Лель, ківаючы на возера.
– Прошча, – адказаў Йурай у сваёй звычайнай манеры.
– Гэта я разумею, – Лель пакасіўся на лютніста, які, выцягнуўшы лютню, цяпер важдаўся з ёю, нешта падкручваючы і спрабуючы галасы струн. – Што з тою прошчай?
– Знямела, – мовіў Йурай, і струны загулі неяк не так, як лютністу хацелася, бо ён незадаволена цыкнуў і зноў пачаў заклапочана нешта падкручваць.
– І гэта я разумею, – раздражнёна азваўся Лель. – Што… не пяе ды ўсё такое.
– То нашто пытаеш?
Лель толькі засоп, адкінуўся на спіну, у траву, і стаў змрочна глядзець у неба. Там паступова бляклі апошнія водбліскі захаду, і гусцела, становячыся бяздоннаю, сінь, і хмары плылі ў ёй, як чоўнікі па азёрнай гладзі. Лель заплюшчыў вочы – і раптам уявіў тое ж возера з трапяткімі белымі ветразямі над вадой. І ўскрыквалі чайкі, і скалы на востраве ў азёрным сэрцы падобныя былі да стромкіх вежаў над вадой.