Выбрать главу

– Дзіўныя, аднак, вы нелюдзі, – заўважыла Ружана стрымана. І дадала напаўголасу, пакасіўшыся на Леля: – Той хоць гожы, а гэты і ўвогуле быццам бы чалавек.

– А ён – чалавек, – сказаў Йурай вельмі сур’ёзна. – Быццам бы.

– Ну?.. – шчыра здзівілася Ружана.

Лель няўпэўнена пакруціў галавою, адчуваючы, як сонна варочаецца ў жылах звярыная сіла. Нечаму цёмнаму і касматаму было цесна ў ім, і косткі ламіла, быццам звер, заключаны ў Лелева цела, як у клетку, рваўся вонкі.

– Чалавек, – прагаварыў Лель упарта, нібыта сам сябе пераконваючы.

А змрок гусцеў, затапляючы навакольныя ўзгоркі і векавыя дубровы, ажно пакуль не выкацілася, рассыпаючы сярэбранае святло, бледная поўня.

І тады над возерам, па якім паплыла, гушкаючыся на хвалях, дарожка месяцовага святла, пранёсся крык, не звярыны і не чалавечы. Роспачны, вісклівы голас далёка раскатваўся над дубравамі, цяжэў, пераходзячы ледзь не ў хрып, і абрываўся. І ад гэтага вусцішнага, нечуванага зыку ажно кроў застывала ў жылах.

– Што гэта?.. – шэптам спытала Ружана, зірнуўшы на лютніста. Той толькі прыклаў палец да вуснаў – маўляў, сцішся.

А пагорак скалануўся – раз, другі, – як бы адгукаючыся на цяжкія крокі. Зялёны агонь задрыжаў і баязліва ачэз, прыпадаючы да зямлі. Йурай, бліскаючы вачыма, уважліва прыглядаўся да цемры ўнізе, засяроджаны, напяты. Ружана перарывіста выдыхнула і бязгучна сцягнула лук з-за плеч, паспрабавала пальцам цеціву, папляскала па калчане. Падміргнула зніякавеламу Лелю, які трывожна прыслухоўваўся да даўкай цішыні.

Далей ад возера чуваць было слабы, як бы прыдушаны цемраю крык казулі, і імклівы рагаты цень, кульгаючы, прамільгнуў унізе, на фоне светлай вады. Прамільгнуў – і знік дзесь убаку. І амаль адразу па азёрнай кромцы імкліва пранеслася нешта яшчэ, нешта вялізнае, падобнае да цёмнага стога, і зноў прагучаў такі самы крык, толькі куды як грамчэй. Ружана паморшчылася, прыкрываючы далонямі вушы, Йурай коратка кіўнуў Лелю над вогнішчам.

– Час, – прамовіў лютніст аднымі вуснамі.

Чароўны агонь тут жа цалкам сышоў у зямлю, быццам і не было яго тут. А Йурай пругка падхапіўся і пакрочыў уніз, у цемру, і Ружана з Лелем, пераглянуўшыся, рушылі следам, блытаючыся ў высокай траве. Спускаючыся па схіле, яны абачліва ўзялі трохі ўбок, каб абысці тое месца, дзе толькі што страшнае нешта заходзілася немым крыкам. Льсняныя драпежныя цені падымалі галовы, сычэлі па-змяінаму, заступалі шлях. І пелі – цяпер Лель нават мог разабраць гэты варожы спеў, поўны Голаду, падобнага да таго, што варушыўся і ў яго самога ўнутры.

Ружана, затрымаўшыся, злажылася і наўдачу стрэліла ў віраванне ценяў. Страла мільганула, прайшла наскрозь, не прыносячы ім асаблівай шкоды, і ўдарыла, выбіўшы трэскі, у дрэва. А тое разгневана загуло, быццам было выкавана з металу, і цені, большыя і меншыя, рвануліся скрозь зараснікі і травы, сюды, накінуліся, збілі Ружану з ног. Але тут жа ўспуджана адкаціліся: Йурай, азірнуўшыся, рэзка шпульнуў у драпежнікаў прыгаршчаю чароўных агеньчыкаў. Тыя паплылі, ціхутка пазвоньваючы і губляючы калючыя іскры, не дапускаючы драпежныя цені за колы святла. Лель дапамог Ружане падняцца, а тая круціла галавою і аддувалася, быццам толькі што вынырнула з-пад вады.

– Чаму… чаму іх зброя не бярэ? – спытала амаль з роспаччу.

– Бо яны не зусім тут і цяпер, – нягучна адказаў Йурай. Выкліканыя ім агеньчыкі, перагукаючыся ціхімі галасамі, танчылі вакол іх траіх, утваралі абарончае кола.

Цені віравалі і на азёрным беразе: пелі, сычэлі, хрыпелі. Шапталі пра жывую кроў, пра ахвяру, якая дастанецца ім сёння. У Леля ад тых шэптаў перасохла ў горле, і досыць ясна ўявіўся салоны смак на вуснах – ажно пацягнула на ваніты. Йурай нахіліўся над слядамі ў мокрым пяску – капытцамі казулі, сям-там пафарбаванымі барвай, і глыбокімі адбіткамі добрага тузіна агромністых лап. Вусцішны крык зноў разарваў змрок – але ў аддаленні, і рассыпаўся абрыўкамі рэха.

– Гэта не проста драпежнік, так? – прашаптала Ружана, крануўшы лютніста за рукаў. – Гэта…

– Пачвара, – працягнуў за яе Йурай. – Так. Стары Звер.

Ён падняўся на ногі, змешваючы на далонях акрываўлены пясок са следу казулі з азёрнаю вадой. Пасля, апусціўшы павекі і нахмурыўшыся, сціснуў рукі. Лелю, якому пах крыві туманіў галаву, ці то пабачылася, ці то здалася ўспышка зялёнага агню. А лютніст рэзка ўзмахнуў рукамі, як бы абтрасаючы вострыя рукавы – і з драбочкаў пяску і зялёных агеньчыкаў саткаліся паўпразрыстыя здані казуляў, якія з ціхім бляяннем сыпанулі ў розныя бакі.

– Гэтак мясцовым пачварам будзе чым заняцца, апроч нас.

Ружана толькі ахнула, праводзячы зданяў захопленымі вачыма. Льсняныя цені на беразе сапраўды рвануліся за паўпразрыстымі зданямі і болей не заміналі, не блыталіся пад нагамі. А Йурай выдыхнуў і зябка павёў плячыма. Аблічча ягонае ў святле поўні падалося Лелю хваравіта-бледным і стомленым.