Уладзімір Садоўскі
1813
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Сродкі на выданне кнігі былі сабраны дзякуючы краўндфаўндынгавай кампаніі ULEJ.BY.
Праект завершаны дзякуючы 57 спонсарам.
Аўтар ілюстрацый — Раман Петрашка.
Садоўскі, Ул.
1813 / Уладзімір Садоўскі. — Мінск : ІП А.М. Янушкевіч, 2016. — Электрон. тэкст. дан. (1 Мб). — Лічбавае электрон. выд. — Загал. з тытул. экрана.
ISBN 978-985-7165-04-9.
У кнізе змешчана навэла «1813» і пяць апавяданняў.
Дзеянне навэлы адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаюцца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.
© Садоўскі Уладзімір, 2016
© Афармленне і распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
1813
Янка любіў зімовы лес.
Хлопцу падабалася шапаценне галінак над галавой. Падабалася назіраць, як ад раптоўнага парыву ветру белымі аблачынкамі сыплецца з дрэваў снег. Падабалася тое пачуццё спакою і адзінства з прыродай, якое абуджаў лес у хлапечай душы.
Але сёння ўсё было не так. Чым бліжэй Янка падыходзіў да ўзлеску, тым мацней у ягоным нутры распальвалася трывога. Хлопцу здавалася, што за сцяной цёмных, пакрытых шэранню ствалоў стаілася нешта небяспечнае. Гасцінны і шчодры лес падаваўся чужым і незнаёмым.
Яшчэ раніцой, атрымаўшы загад збірацца на паляванне, Янка ўзрадаваўся выправе за муры замка. Кашталян даў яму стрэльбу, з тузін набояў са шротам і паўжартам прыстрашыў без дзічыны не вяртацца. Учора ў госці да графа прыехаў пляменнік з Пецярбурга, і кашталян паабяцаў гаспадару разнастаіць стравы да вячэры. Янка апрануў кажух, нацягнуў аблавушку, пачапіў шырокі паляўнічы пас і выйшаў на двор. Там ён напаткаў пакаёўку Паліну, якая несла праз замкавы дворык ваду са студні. Янка зрабіў сур’ёзную міну, выпрастаўся, па-заліхвацку ўскінуў ружжо і, нібы жаўнер на муштры, прайшоў міма дзяўчыны, высока ўздымаючы ногі. Паліна пырснула са смеху. Юнак зірнуў у ейны бок і падміргнуў. Прыемны ўспамін ускалыхнуў ягонае сэрца. На дарогу да лесу Янка выйшаў з усмешкай на вуснах.
На бязвоблачным блакітным небе на ўсю моц прамянілася сонца. Не зважаючы на гэта, над наваколлем панаваў мароз. Але Янка не адчуваў холаду. Начная завіруха замяла ўсе дарогі, і хлопцу давялося самастойна пракладаць сабе дарогу праз снежныя гурбы. Кожны крок даваўся цяжка. Месцамі юнак правальваўся ў рыхлы снег па грудзі. Янка ўвесь сапрэў, пакуль дайшоў да ўзлеску, дзе нарэшце прыпыніўся адпачыць. Абапёршыся на стрэльбу, ён агледзеўся. Непадалёк ён заўважыў цёмныя плямы прыціснутага снегу. Свежы зайцаў след вёў у лясны гушчар.
— Вось і першая здабыча, — падумаў Янка, узняў зброю і зрабіў крок да лесу.
У гэты момант з галінаў бліжэйшых дрэваў з крыкам і гоманам узнялася ўгору чорная чарада варон. Янка замёр на месцы. Ад спуду ў яго перахапіла дых і шалёна закалацілася сэрца. Вылаяўшыся, юнак зняў з паса шротніцу і выцягнуў шомпал. Набіўшы стрэльбу, ён зірнуў на цёмную сцяну дрэваў, што грувасцілася за некалькі крокаў. Яго ахапіла няясная трывога.
Янка ўзняў стрэльбу і ўвайшоў у гушчар там, дзе перарываліся зайцавы сляды. У лесе панаваў паўзмрок. Зыркае сонца знікла за дрэвамі, і здавалася, што надышоў вечар. Янка з цяжкасцю прадзіраўся скрозь зарасці і паваленыя ствалы, але не губляў следу. Месцы, куды скакала жывёліна, на снезе былі добра бачныя. Хлопец ускінуў стрэльбу і стараўся ісці як мага цішэй. Неўзабаве пачалася прагаліна з паваленых ураганам дрэваў. Тут след зайца згубіўся. Янка доўга ўзіраўся ў зямлю, пакуль не заўважыў цёмную пляму на белым покрыве. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што на снезе ў лужы крыві ляжала адарваная заечая лапа. Страх зноў закраўся ў душу. Янка стаў азірацца і вадзіць стрэльбаю з боку ў бок. Сярод змрочных ялін прамільгнуў цень. Хлопец адступіў на крок. Яго ўсё больш не адпускала трывога. Янку захацелася як мага хутчэй пакінуць гэты негасцінны лес. Ён яшчэ раз азірнуўся і накіраваўся да таго месца, адкуль выйшаў на прагаліну. Страх падганяў. Янка не стаў болей цішыцца. Да ягонага слыху, апроч трэскату сухіх галін пад нагамі і грукату уласнага сэрца, з-за спіны даносіўся яшчэ адзін гук. Сухі працяглы стогн. Янка паднаціснуў і выбег з лесу. Па інерцыі ён прабег яшчэ колькі крокаў, пакуль не спыніўся і не азірнуўся. Узлесак быў пусты, за хлопцам ніхто не гнаўся. Сэрца яшчэ шалёна калацілася, а дыханне не сцішылася. Янка павярнуў да замка. Шаноўны госць застанецца без дзічыны.