Выбрать главу

Мы вандравалі, выжывалі, рабавалі. Мы забівалі. Так, але толькі каб самім не быць забітымі. Мы знаходзілі сяброў: спачатку Кэры — мы з Раянам вызвалілі яе з палону, потым Фіша — ён напрасіўся да нас сам. Так мы сталі рэйдарамі — узброенымі пілігрымамі вялікай ядзернай пустэльні. Наймітамі, марадзёрамі, рабаўнікамі, ці проста шукальнікамі прыгод на сваю задніцу. Чорт вазьмі, ды мы былі, бадай, самай вядомай і ўдачлівай бандай на паўночным узбярэжжы.

Пакуль не спаткалі старога Эрыксана.

— Чырвоны матрычны ключ, — водбліскі паходнага вогнішча імкліва мянялі рысы твару суразмоўцы. — Мне патрэбны толькі чырвоны ключ, усё астатняе, што знойдзеце, можаце забраць сабе.

— Дзе? — Раян з дзяцінства не мог пахваліцца цярплівасцю.

— Гэты бункер уваходзіў у сістэму камандных бункераў сувязі. Знайсці яго даволі цяжка — раней да вайны рыхтаваліся добра, — але ў мяне ёсць мапа! — выцвілы пергамент дакумента быў таго ж колеру, што і скура старога.

— А адкуль вы ведаеце, што там ужо нікога няма? — Філ падыходзіў да пытанняў прагматычна.

— Ведаю, — вымавіў Эрыксан і заціх. Толькі начны вецер працягваў шапацець сярод муроў разбуранай царквы.

Тэма з бункерам нам вельмі спадабалася. У такіх месцах, асабліва калі іх ніхто не чапаў ажно з вайны, можна было здабыць шмат цікавых рэчаў. Мы пагадзіліся на ўмовы старога.

Насамрэч знайсці бункер было няцяжка — мапа Эрыксана была досыць дакладнай. Цяжка было забрацца ўсярэдзіну. Калі мы дакапаліся да ўваходу — а ён быў пахаваны пад метровым пластом пяску, — то пабачылі, што дзверы бункера зачыненыя намёртва. Прытым Эрыксан казаў, што з уваходам праблем не будзе.

Кэры — наша спецыялістка па выбухоўцы, — агледзеўшы металічныя створкі, толькі паціснула плячыма. Патрэбнага зараду ў нас не было. Дый наўрад ці ў каго ён быў.

— Тут мо толькі вадародка возьме, — Кэры сплюнула на зямлю.

Мы сталі лагерам ля бункера. Пасля неспакойнай ночы — недзе паблізу чуўся рык дзікіх жывёл — я, як ранішні вартавы, абыходзіў месца начоўкі. Праходзячы міма бункера, я заўважыў святло, што лілося з адчыненых дзвярэй. Цяжкія металічныя створкі былі рассунутыя. Стары не зманіў. Сябры, узрушаныя такой навіной, кінуліся збіраць рэчы — а раптам дзверы зачыняцца.

У бункер я ўваходзіў апошнім. Калі Раян знік у нетрах калідора, я на імгненне затрымаўся і азірнуўся. Над астылым пяском пустэльні ўзыходзіла барвовае сонца. У глыбіні свядомасці нарадзілася думка: а што, калі гэта мой апошні світанак? Тады я загнаў гэтую думку ў тыя ж глыбіні, адкуль яна ўзялася. І зрабіў крок у пастку.

Шэрыя бетонныя сцены, абшытыя пластыкавымі панэлямі, люмінісцэнтныя лямпы праз кожныя пяць крокаў, прахалода. Калідор вывеў нас да ліфтавой шахты. На дзіва, тут усё працавала. Ліфт умомант зрэагаваў на выклік, і мы хутка спусціліся да асноўных памяшканняў бункера.

Гэта была сапраўдная скарбніца. У першую чаргу мы наведалі склады. Харчы, зброя, амуніцыя. Усе замянілі свае старыя стрэльбы на аднолькавыя вінтоўкі армейскага ўзору. Напхалі заплечнікі патронамі, кансервамі, фільтрамі, лекамі. Карацей, бралі ўсё, што яшчэ не вычарпала тэрміну прыдатнасці. Сабе я нагледзеў шматфункцыянальны электронны гадзіннічак.

Да таго ж у бункеры была вада. Шмат вады. Нават працаваў душ. Для мяне з Раянам, як гарадскіх, душ не дзіва, але для Філа, каторы вырас у пустэльні, вада, што лілася з-пад столі і якую не трэба было ашчаджаць, была сапраўдным цудам. Мы стаялі пад гарачымі струменямі і гуляліся як дзеці, пырскаючы адзін у аднаго. Пасля мы пераапрануліся — на складзе быў вялікі запас тэхнічнага адзення. Чыстыя, прыбраныя ў яскравыя аранжавыя камбінезоны, мы сталі падобныя да людзей з даваенных карцінак.

Калі мы ўпершыню зайшлі ў харчовы блок, там нас ужо чакаў стол з чатырма гарачымі порцыямі абеда. Тады гэта нас не здзівіла. Ці мала якія тэхнічныя цуды захаваліся ў глыбінях сістэмы жыццезабеспячэння бункера.

— Ці мае хто нейкія думкі наконт чырвонага ключа? — спытаў Фіш, расправіўшыся з ежай.

— Вас прывёў чалавек па імені Эрыксан, — мы здранцвелі ад нечаканасці. Голас даносіўся з усіх бакоў адначасова.

— Хто тут? — Раян ашалела круціў галавой.

— Чалавек Эрыксан, я кахаў яго, чалавек, але ён здрадзіў мне, чалавек, я не магу прабачыць здрады, чалавек, — працягваў голас.

Кэры прыхапілася і выбегла з блока, але было ўжо позна. З калідора пачуўся шум — запрацавалі ўздымныя механізмы ліфта. Сістэма — а гэта была менавіта яна — перарэзала нам шляхі да адступлення.