Выбрать главу

***

Назад Бакас пайшоў спрытней. Міхал падумаў, што прычынай маруднасці каня стаўся той жа незразумелы жах, які адчуў ён сам на ўскрайку лесу. Неўзабаве граф наблізіўся да замка. Некалі трывалая абарончая пабудова, што здаўна належала роду Агінскіх, цяпер уяўляла з сябе сумнае відовішча. Сцены без догляду пачалі абсыпацца, закінутыя вежы, адкрытыя для непагоды, пакрыліся трэшчынамі і заімшэлі, роў абмялеў. Больш-менш дагледжанымі заставаліся толькі замкавы палац, дзе атабарыўся дзядзька з прыслугай, ды ўязная брама, на якой красаваўся родавы герб — святы Юры і агінец на чырвона-сінім шчыце.

Калісьці замак хацелі перабудаваць у сядзібу і разбіць побач парк. У свой час дзядзька нават паспеў узвесці аранжарэю і адрамантаваць стайні, але праз беды, што абрынуліся затым на дзяржаву, дый проста праз нястачу сродкаў, далейшае будаўніцтва давялося спыніць.

Міхал праехаў праз адчыненыя вароты ва ўнутраны дворык і гучна паклікаў конюха. Адказу не было. Агінскі моцна змерз за час паездкі, таму не стаў доўга чакаць і самастойна злез з каня. Граф узяў Бакаса за аброць і павёў у стойла. Дзверы стайні былі прыадчыненыя, і з глыбіні памяшкання даносіўся гучны дзядзькаў голас. Міхал правёў каня ўнутр і прыслухаўся. Стары граф сварыўся на конюха.

— Я цябе прасіў асцярожна перанесці ўсё ўніз, а ты, цямцюр гэткі, палову тут вывернуў, — лаяўся дзядзька. Конюх нешта мямліў у адказ, але Міхал яго не чуў. — Вот жа, рукі крывыя, — не сунімаўся гаспадар, — лепей пакінь усё як ёсць, толькі прыкрый больш ад марозу.

— Можа мне хто дапамагчы? — гучна прамовіў Агінскі. Дзядзька, які стаяў да яго спінай, страпянуўся і рэзка развярнуўся. Міхал паспеў заўважыць цень страху ў дзядзькавых вачах, які праз імгненне змяніўся радасцю пазнавання. Гаспадар махнуў рукой у бок Ерамея і з непрыхаванай злосцю ў голасе прагаварыў: — Гэты недарэка, Ярома, развярнуў бонду з зернем. А ў мяне яго не так шмат, каб раскідвацца! — Дзядзька павярнуўся да конюха: — Давай, дурыла, памажы Міхалу, што стаіш?

Хлопец падхапіўся, прыняў лейцы з рук графа і павёў каня ў стойла. Міхал заўважыў, што далоні Ерамея былі запэцканыя нечым чорным.

— Як прагулка, Міхале? — стары граф рашыў змяніць тэму.

— Добра, — схлусіў Міхал. Разам з дзядзькам яны накіраваліся да выхаду са стайні.

— У мяне для цябе цудоўная навіна, — усміхнуўся дзядзька, — Памятаеш, ты мне расказваў пра манахаў-трынітарыяў, што памагалі пагарэльцам у Маладэчне? Наколькі я памятаю, ты хацеў выказаць ім падзяку, ад імя... — былы інсургент запнуўся і апусціў вочы долу, — імператарскай улады.

Абодва Агінскія сталі на ганку замкавага палаца.

— Дык вось, Міхале, — працягнуў дзядзька, — плябан маладэчанскага кляштара брат Крыштоф прыняў маё запрашэнне на сённяшнюю вячэру.

— Выдатна. Такія людзі, як брат Крыштоф, вартыя бязмежнай павагі. Я падзякую яму як асабіста, так і ў афіцыйнай форме, — Міхал зрабіў асаблівы націск на апошніх двух словах.

Стары граф некалькі секунд стаяў моўчкі. Ён вагаўся, ці варта працягваць непрыемную тэму.

— Добра, Міхале, пайду я на кухню ўзгадняць стравы да вячэры, — няўпэўнена махнуўшы рукой, дзядзька адчыніў дзверы і зайшоў унутр палаца. Міхал пачакаў, пакуль дзядзькавы крокі сціхнуць у далечы калідора, і ўвайшоў следам.

***

Брат Крыштоф з’явіўся ў замку ў суправаджэнні двух манахаў. Служка, пастаўлены сачыць за прыходам гасцей, здалёк заўважыў тры фігуры ў чорных плашчах, яны марудна сунуліся занесеным снегам маладэчанскім трактам. Пакуль манахі адолелі рэшту дарогі, у замкавым палацы было ўсё гатова да іх сустрэчы. Слугі дапамаглі манахам распрануцца і правялі тых у гасцёўню. Ля дзвярэй іх прывітаў гаспадар. Міхал Клеафас і кашталян Юзаф стаялі воддаль, пры сервіраваным стале.

— Шаноўны браце, я рады бачыць вас у сценах майго сціплага жытла, — дзядзька схіліўся, каб пацалаваць руку святара.

— Вітаю паважаных гаспадароў, — плябан — ладны мужчына арыстакратычнага выгляду — апусціў галаву ў паклоне. — Жадаю, каб не абмінула вас ласка Божая. — Брат Крыштоф азірнуўся на сваё суправаджэнне. — Спадзяюся, прысутнасць брата Валянціна і брата Мікалая не прынясе вам дадатковага клопату. Часы ў нас цяпер неспакойныя, і кожная выправа за межы кляштара можа быць небяспечнай для адзінокага падарожніка.

— Ні ў якім разе. Нам вельмі прыемна прымаць вас усіх у нашым доме. Прашу, сядайце, — дзядзька жэстам паказаў манахам на месцы ў галаве стала.

Усе расселіся. Слугі прынеслі першую змену страваў і напоўнілі келіхі віном. Міхал, які сядзеў праваруч ад брата Крыштофа, падняў свой келіх і прамовіў: — Я хачу выпіць за самаадданасць вашага ордэна, што нават у самыя цяжкія часы не перастае рупіцца пра вернікаў. Днямі я наведаў мястэчка і пабачыў, як браты-трынітарыі дапамагалі маладэчанцам. Дазвольце мне выказаць вам словы падзякі ад мяне як жыхара тутэйшых мясцінаў, і ад мяне як сенатара — прадстаўніка імператарскай улады. Хай мне часцей даводзіцца бываць далёка адсюль, але сэрцам я адданы нашай зямлі, і мне вельмі прыемна ведаць, што яна знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Віват, трынітарыі!