Выбрать главу

- Вольна! - гыркнула трэнерка ўжо трохi прыязней.

Ўiнстан апусцiў рукi i павольна набраў у лёгкiя паветра. Яго думкi блукалi ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць i не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзiвасцi, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымлiваць два ўзаемавыключальныя меркаваннi, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, i верыць у абодва; абвяргаць логiку логiкай; адкiдаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая i што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыi; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калi будзе трэба, зноў успомнiць пра гэта, аднавiць забытае ў памяцi, а пасля зноў старанна забыцца; i перадусiм - выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём. У гэтым была найвялiкшая хiтрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю i рабiць выгляд, што не заўважыў толькi што праведзенага табою сеансу гiпнозу. Нават каб зразумець слова "двухдумства", трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала "смiрна". - А зараз ну-тка паглядзiм, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! - вымавiла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. - У поясе са-гнуцца! Раз - два! Раз - два!..

Ўiнстан ненавiдзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка i часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакiнулi ўсе хоць колькi прыемныя думкi. Мiнуўшчына, падумаў ён, не толькi мянялася, яна проста знiшчалася. Бо як можна было пацвердзiць нават самыя вiдавочныя факты, калi пра iх не было нiякай iнфармацыi, акрамя сваiх успамiнаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якiм годзе ён упершыню пачуў пра Вялiкага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гiсторыi, Вялiкi Брат выступаў як правадыр i вартавы Рэвалюцыi ад самых яе вытокаў. Яго подзвiгi паступова адсоўвалiся назад у часе, пакуль не дасягнулi мiфiчнага свету саракавых i трыццатых гадоў, калi капiталiсты ў сваiх дзiвосных цылiндрычных капелюшах яшчэ ездзiлi па вулiцах Лондана ў сваiх блiскучых аўтамабiлях або экiпажах з бакавымi вокнамi. Нiхто не ведаў, колькi ў гэтай легендзе было праўды, а колькi прыдуманага. Ўiнстан не мог нават прыгадаць, калi ўпершыню з'явiлася на свет сама Партыя. Яму здавалася, што да 1960 года ён нiколi не чуў слова "Ангсоц", але, магчыма, яно ўжывалася i раней у сваёй старамоўнай форме - "Ангельскi Сацыялiзм". Усё расплывалася ў тумане. Але часам можна было заўважыць вiдавочную хлусню. Напрыклад, было няпраўдай - хоць гэта i сцвярджалася ў падручнiках гiсторыi Партыi, - што Партыя вынайшла самалёты. Ён помнiў, што бачыў самалёты яшчэ ў далёкiм маленстве. Але давесцi гэта было немагчыма. Не было нiякiх доказаў. Толькi аднойчы ў сваiм жыццi ён трымаў у сваiх руках вiдавочны дакументальны доказ фальсiфiкацыi гiсторыi. Гэта было тады, калi...

- Смiт! - закрычаў ядавiты голас з тэлегляда. - 6079, Смiт У.! Так, вы! Нiжэй нахiляцца. Вы можаце рабiць значна лепей, чым робiце цяпер. Вы не стараецеся. Нiжэй, калi ласка! Так ужо лепей, таварыш Смiт. Вольна! Паглядзiце ўсе на мяне!

Па ўсiм целе Ўiнстана раптоўна выступiў цёплы пот. Твар яго заставаўся безуважны. Нiколi не выдаваць свайго незадавальнення! Нiколi не абурацца! Варта толькi здрыгануцца воку - i ён прапаў. Ён стаяў i ўважлiва глядзеў, як трэнерка падняла рукi над галавой i - не сказаць, каб грацыёзна, але з дзiўнай дакладнасцю i спрытам - нiзка нахiлiла тулава, дастаўшы пры гэтым рукамi пальцы на нагах.

- Вось так, таварышы. Вось так я хачу каб рабiлi i вы. Паглядзiце ўважлiва яшчэ раз. Мне трыццаць дзевяць гадоў, у мяне чацвёра дзяцей. А зараз глядзiце! - яна нахiлiлася яшчэ раз. - Бачыце, мае каленi не сагнулiся. I вы таксама здолееце, калi захочаце, - дадала яна, выпростваючыся. - Кожны чалавек да сарака пяцi гадоў абавязкова павiнен даставаць да пальцаў ног. Не ўсiм нам выпала шчасце змагацца на фронце, - працягвала яна, - але мы, прынамсi, павiнны заўсёды быць у добрай форме. Падумайце пра нашых хлопцаў на Малабарскiм фронце! I пра матросаў на Плывучых Крэпасцях! Падумайце толькi пра тое, колькi iм даводзiцца зносiць. А цяпер паспрабуйце яшчэ раз. Вось так ужо лепей, таварыш, так ужо значна лепей, - дадала яна, падбадзёрваючы, калi Ўiнстан рэзкiм рухам упершыню за многiя гады здолеў, не згiнаючы каленяў, дастаць пальцы ног.

4

Ўiнстан глыбока ўздыхнуў, не зважаючы цяпер, на пачатку працоўнага дня, нават на блiзкасць тэлегляда, падсунуў да сябе мовапiс, здзьмухнуў пыл з мiкрафона i надзеў акуляры. Пасля ён разгарнуў i сашчапiў разам чатыры маленькiя скруткi паперы, што вылецелi з трубкi пнеўматычнай пошты справа ад яго стала.

У сценах кабiнета былi зроблены тры адтулiны. Справа ад мовапiса была маленькая трубка пнеўматычнай пошты для пiсьмовых паведамленняў, злева трошкi большая для газет; у бакавой сцяне, якраз пад рукой у Ўiнстана, была вялiкая выцягнутая шчылiна, закрытая драцянымi кратамi. Гэтая шчылiна замяняла сметнiк, гэткiя самыя шчылiны былi раскiданыя тысячамi цi нават дзесяткамi тысяч па ўсiм будынку, не толькi ў кожным кабiнеце, але праз кароткiя прамежкi нават у кожным калiдоры. Звалiся яны чамусьцi дзiрамi памяцi. Калi нейкi дакумент падлягаў знiшчэнню або недзе валяўся непатрэбны шматок паперы, любы службовец Мiнiстэрства аўтаматычным рухам адкiдаў краткi найблiжэйшай дзiры памяцi i кiдаў туды паперу, а далей павеў цёплага паветра нёс яе да вялiзных печаў, што былi схаваныя ў патаемных глыбiнях будынка.

Ўiнстан разгарнуў i прачытаў чатыры цыдулкi. У кожнай было кароткае паведамленне-iнструкцыя з аднаго цi двух радкоў на скарочаным жаргоне, якi ўжываўся ў Мiнiстэрстве ва ўнутраных мэтах i меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напiсана:

таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправiць

таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд

таймз 14.2.84 мiндаст шакалад памылцыт выправiць

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапiсаць угору перадархiў

Ўiнстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае i адказнае заданне, i ён вырашыў адкласцi яго на пасля. Тры астатнiя былi звычайнымi, хоць другое i патрабавала нуднага перагляду шматлiкiх лiчбаў.

Ўiнстан набраў на тэлеглядзе "Старыя нумары", замовiў "Таймз" за адпаведныя днi, i праз пару iмгненняў яны ўжо выпалi з трубкi пнеўматычнай пошты. Паведамленнi, што ён атрымаў, датычылi газетных артыкулаў i рэпартажаў, якiя з той або iншай прычыны было патрэбна выправiць цi, паводле афiцыйнай тэрмiналогii, удакладнiць. Так, напрыклад, з "Таймз" за 17 сакавiка вынiкала, што напярэдаднi Вялiкi Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-iндыйскiм фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразiйскi наступ. У сапраўднасцi, аднак, Эўразiйскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Iндыi, а ў Афрыцы панаваў спакой. Таму трэба было напiсаць новы варыянт прамовы Вялiкага Брата, якi б прадказваў тое, што адбылося на самай справе. У другiм выпадку "Таймз" за 19 снежня змясцiла афiцыйныя прагнозы вытворчасцi розных тавараў шырокага ўжытку на чацвёрты квартал 1983 года, якi адначасна быў шостым кварталам Дзевятай Трохгодкi. Сённяшнi выпуск змяшчаў справаздачу пра фактычны ўзровень прадукцыi, з якой вынiкала, што шмат у якiх галiнах прагнозы не спраўдзiлiся. Ўiнстанава задача палягала цяпер у тым, каб выправiць старыя лiчбы i прывесцi iх у адпаведнасць з новымi. Што да трэцяй паперкi, дык тут была простая памылка, якую можна выправiць за пару хвiлiн. Яшчэ ў лютым Мiнiстэрства Дастатку выступiла з абяцаннем (у афiцыйнай мове - "катэгарычнай гарантыяй"), што ў 1984 годзе не будзе нiякiх скарачэнняў нормы на шакалад. У сапраўднасцi, як ужо ведаў Ўiнстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаладу змяншалася з трыццацi да дваццацi грамаў. Заставалася толькi замест ранейшага абяцання падставiць папярэджанне, што, магчыма, будзе неабходна скарацiць норму на працягу красавiка.

Апрацаваўшы тры гэтыя паведамленнi, Ўiнстан прышпiлiў свае надыктаваныя на мовапiс папраўкi да адпаведных нумароў "Таймз" i паклаў iх у цылiндр пнеўматычнай пошты. Пасля ён амаль зусiм машынальна скамячыў усе свае нататкi i ўкiнуў iх у дзiру памяцi, аддаючы iх пажыральнаму полымю.