Выбрать главу

Знайшла магчымасць завітаць познім вечарам, зазірнула з тортам «Мінскім».

Акно без фіранак ярка свяцілася ў цемры.

Абажур на кухні знялі.

Лямпачка, адна лямпачка давала зыркае неабароненае святло.

Зруйнаваны побыт. Перасунутыя са звыклых месцаў рэчы.

Торт з грыбочкамі на стол — адсунуты, перасунуты: на ім стаялі, калі здымалі абажур.

Дэмантавалі белую кухню «Хозяюшка», адключылі і вымылі лядоўню з выявамі матыляў і стрылатак.

Пачалі есці торт «Мінскі» з гарбатай. Апошні вечар у кватэры.

— Я распавяду вам гісторыю, — сказала Дзяўчына. — Гісторыю пра камяніцы, людзей і сяброўства. У горадзе быў доктар, ён жыў у двухпавярховым асабняку ў стылі мадэрн. Доктар меў маладую жонку, яе звалі Паліна Антонаўна. У 70-я гады Паліна Антонаўна хадзіла да маёй бабулі ў госці, дарыла мне дарэвалюцыйныя цацкі, цацачны посуд, цацачную мэблю і плюшавага Мішку, набітага пілавіннем. Вельмі вялікі і цяжкі Мішка. І цвёрды. Мы з сяброўкамі апраналі яго ў мае дзіцячыя апраткі — паўзуны, сукенкі, нагавіцы. Ён рабіўся падобны да дзіцяці. Лапы ў яго можна было прыводзіць у любы стан — ён мог і сядзець, і стаяць. Аднойчы, бліжэй да восені, калі Паліна Антонаўна была ў гасцях, прыйшлі да нас два сталыя мужчыны пілаваць дровы. А яна пазнала іх і сказала, што падчас акупацыі яны мелі папулярную кавярню ў цэнтры горада. Кампаньёны: разам асуджаныя пасля вайны, разам паехалі на поўнач валіць лес. У будынку, дзе была кавярня, зрабілі музей. Паліна Антонаўна часта прыходзіла, калі прасавалі ў доме пасцельную бялізну, а на вуліцы ліў дождж. Так і запомнілася — круглы стол, на якім бабуля прасуе бялізну, дождж за вакном, аповеды, якія слухаюцца так, каб пасля забыць. Пах гарачага праса, вільготны з адценнем пральнага парашку. І гісторыі, якія можна слухаць, а можна не.

Кухня з зыркай лямпачкай і цемрай у голым вакне выглядала, як сцэна.

— І вось яшчэ адна гісторыя, — сказала Дзяўчына. — Пра ўладу і партакрата. Гэта было даўно, у 50-я гады. Гісторыя апаведзеная чалавекам, бацька якога быў тады ў партыйным кіраўніцтве. Адзін з сакратароў гаркама партыі з выніку ўнутрыпартыйных гульняў быў паніжаны да больш дробнай пасады. А да гэтага, падчас дэманстрацый на пралетарскіх святах 7-га лістапада і 1-га траўня, ён стаяў на плошчы разам з іншым начальствам і вітаў працоўныя масы, якія праходзілі міма трыбуны. Пасля таго, як яго панізілі, яго ўжо не запрашалі стаяць на трыбуне. І давялося яму падчас дэманстрацыі прайсці ў калоне разам працоўнымі масамі. Пасля дэманстрацыі ён прыйшоў дадому і застрэліўся. Ён не застрэліўся тады, калі яго панізілі. А толькі пасля таго, як прайшоў у калоне міма трыбуны. Перамена ролі зрабілся для яго шокам. Адчуваў сябе наверсе, а раптам апынуўся там, дзе і тыя, кім ён кіраваў. А былыя калегі-і-кіраўнікі — па-ранейшаму на трыбуне! А ён у іншым месцы, скінуты з п’едэсталу. Відавочнасць: вось ён стаяў і яго віталі, а вось — ён ідзе ў калоне і сам махае рукой. Ён не эліта, ён — маса. Усё, канец жыцця.

Крэмавыя грыбочкі на торце «Мінскі» — не толькі прыгожыя, але і смачныя.

Кватэра, у якой жыла Дзяўчына, была ліквіднай — яе лёгка было прадаць. Там зрабілі кавярню «Утопія» — аформленую пад «савецкае настальжы». Партрэты Гагарына, выява першаня спадарожніка, газета «Правда».

Бутэлькі з густымі прывабнымі сіропамі розных колераў: мятны (зялёны), малінавы, лімонны, какосавы (белы), карамельны (брунатны), вішнёвы, шакаладны, дынны (жоўты).

—Ці можна з’есці ў вас марозіва?

— Неее, — у расцяжку адказала дзяўчын за стойкай, — у нас нічога нельга.

— ???

— Толькі кава і гарбата. Можна з сіропам.

Набярэжная Свіслачы. Граніт. Шэрая шурапатасць. Непразрыстая вада.

Ёсць такое слова — «лунуць».

Лунуць — знікнуць бяз следу.

Аднак след застаецца, і застаюцца цені на шэрых шурпатых сценах.

Перад дажджом моцна пахнуць кветкі на клумбах, а ў кватэрах абуджаюцца прывіды.

Дзяўчына пакінула горад і паехала да вялікай вады.

Але цень разгубленай Дзяўчыны не пакіне горад.

***

Лепель — горад з вялікім возерам ў самым цэнтры, якое так і называецца: Лепельскае.

Параходзік «Фартуна». Дамкі на беразе возера з прычаламі, на якіх навязананыя чаўны.

Касцёл святога Казіміра ў стылі класіцызму, набажэнствы аднавіліся ў 1993 годзе.

Драўляная царква 1844 года.

Гарадская забудова канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя, з чырвонай цэглы.

Надпісы па-беларуску: кнігарня і нават бюро рытуальных паслугаў аформлены на беларускай мове.

Вельмі прыгожыя людзі з блакітнымі празрыстымі вачыма.