На гербе Лепеля — Пагоня.
А яшчэ ў Лепелі ёсць чыгуначны тупік — канец дарогі.
Горад, дзе добра сустрэць старасць.
— Вы прыехалі, а Цмок у возер здох, аж да Полацку смярдзела, — распавяла бабуля ў Лепелі. — Быў, жыў, пакуль не здох.
***
Дзяўчына набывала крэйду. Адзін белы кавалак, каб пасвянціць яго на Свяце Трох Каралёў у касцёле Святога Казіміра і напісаць на дзвярах свайго новага дому С+М+В і год.
— Як вам яе... Як лепей даць? — прадавачка бярэ крэйду, як батон у краме — асцярожна, цэлафанам.
— А што?
— Вы яе есці не будзеце?
— Не.
— А ведаеце, бяруць есці.
— І шмат такіх?
— Хапае. Белую крэйду ў асноўным для гэтага і бяруць.
— Хто бярэ?
— Шмат хто. Дзецям бяруць. Жанчына адна прыходзіць сталага ўзросту. Кажа, што з дзяцінства спажывае.
— Так і кажа?
— Так, і просіць, каб не краналі крэйду рукамі. Бярэ скрынку за раз. І твар у яе белы, як крэйда.
***
А зараз сінопсіс: тэкст пра Мінск у часе паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі. Кароткі час. Разбураны Берлінскі мур, распалася і савецкая імперыя. Рухнула сістэма. Кватэры, якія савецкія спецслужбы выкарыстоўвалі для сустрэч куратараў з агентамі, пачалі часткова прадаваць. Кватэры месціліся звычайна альбо на першым павесе (першая ад уваходу), альбо на апошнім, каб можна было прайсці праз гарышча з іншага будынку. У адну такую кватэру трапляе гераіня. Кватэра на праспекце — на той час гэта праспект імя Францыска Скарыны. Рэшткі і сведчанні былой эпохі не адразу прыкметныя, яны губляюцца сярод пераробак пазнейшых часоў. Сталінскі ампір, пабудаваныя палоннымі дамы з цэглы, абпаленай вайной. Прывіды, трывожнае пачуццё.
***
— А яшчэ я магу распавесці гісторыю пра здраду, — сказала Дзяўчына.
— Здрады не існуе, — адказала Сяброўка, — ёсць няспраўджаныя чаканні.
Снежань 2014 — люты 2019 года