— Пакажы мне сваю кватэру, — запатрабаваў Леанід.
І яна, як загіпнатызаваная, павяла яго за сабой, за імі пайшоў і стары чорны пудзель.
Не паспелі яны пераступіць парог, як ён рэзка схапіў яе і пацягнуў да сябе.
— Вы што?
Выкручвалася ад яго як магла.
— Ты яшчэ не ведаеш, хто я на самай справе, — казаў ён ёй.
— Якая мне розніца?
— Леанід! Леанід! — пачуўся з панадворку жаночы голас.
На кухні завыў, падаў голас чорны пудзель.
— Ідзіце, вас ужо жонка шукае.
— Я яшчэ адпомшчу табе, — паабяцаў ён і выйшаў за дзверы разам з пудзелем.
Напусціла глыбокую чыгунную ванну, залезла ў гарачую ваду і глядзела, як на руках і ўсім целе праяўляюцца сінякі. Пасля дайшла да канапы і правалілася ў сон. Быў вечар, яшчэ не позна, а яна заснула.
Абуджэнне было нечаканым, прачнулася ад таго, што адчула нейчую прысутнасць. Дакладней, не прысутнасць, а так — пах мужчынскай парфумы.
Рэзкі пах адэкалону, чужога, незнаёмага, але... Так пахла ад ветэранаў, якім яны ў школе на 9 Мая дарылі кветкі. І яшчэ пах тытуню. Пахла, быццам побач знаходзіўся чалавек. Яна падскочыла. Нікога не было. Зусім нікога. Адна ў кватэры.
Закруціўшыся ў халат, з ключамі ў руках — у стылы пад’езд і да суседкі.
Яе быццам чакалі ў гэтым невялікім пакоі з пустым акварыумам, з адшліфаванымі морам каменьчыкамі і сухой марской зоркай — дыскападобнае цела, да якога прымацаваныя пяць промняў-рук.
— Ад мужа застаўся акварыум... Ён вельмі любіў акварыумы. Гэта апошні, астатнія аддала ў дзіцячы дом. Ведаеце, да вайны я працавала ў дзіцячым доме, не тут, не ў Мінску, у Гомелі, мы паспелі эвакуявацца разам з дзецьмі. Калі збіралі дзіцячы эшалон, начальства казала, што прадукты браць не трэба, што ўсё дададуць «на месцы»... Яны яшчэ шмат чаго казалі і абяцалі, але сэнс усіх прамоваў быў у тым, што прадукты не трэба браць з сабой, што дзяржава паклапоціцца...
Я была маладая, але здолела дамагчыся таго, што ў наш вагон далі прадукты. Мы доўга ехалі, ні на якім «месцы» нам нічога не далі, і з нашага вагона карміўся ўвесь эшалон.
Я працавала з наймалодшымі дзецьмі. Мы іх вучылі па сістэме Фрыдрыха Фрэбеля.
— Па гэтай сістэме выхоўвала сваіх дзяцей Марыя Апанасаўна Багдановіч, маці паэта.
— Сістэма была моднай і да вайны, яе практыкавалі і ў нашым дзіцячым доме, а пасля... Усе сістэмы зніклі і засталася адна савецкая педагогіка.
— Я прыйшла, бо вы сказалі прыйсці, калі будзе страшна. Я сапраўды адчула нешта такое... Мне стала страшна. Чаму вы спыталі «ці жывуць тут людзі?», калі прыйшлі да мяне. Гэта кватэра нумар адзін, хіба ў ёй не жылі людзі?
— Што вы адчулі?
— Пахі... Пах мужчынскай парфумы, якога не павінна было быць. Рэзкі пах мужчынскага адэкалону і тытуню.
— Так, так, як раней казалі, мужчына мусіць быць чыста паголены і крыху п’яны.
— Наконт «п’яны» я не ўпэўненая. Але пах быў, быццам бы чалавек побач, а нікога не было.
Сухая марская зорка ў акварыуме на імгненне нагадала калядную зорку, але толькі на імгненне. І яна прыпомніла, што некаторыя віды марскіх зорак выварочваюць свой страўнік вонкі, каб ахутаць і пераварыць ахвяру-малюска.
— Гэтая кватэра... можна сказаць, што гэта кватэра нумар нуль, нумар адзін на ёй з’явіўся якраз перад тым, як вы з’явіліся ў гэтай кватэры.
— Кватэра нумар нуль?
— Так, былі такія кватэры... дзе людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ, сустракаліся са сваімі куратарамі.
— У кватэрах? Навошта?
— Для таго, каб ніхто не заўважыў. Чалавек сярод белага дня не заходзіць у будынак КДБ, а павярнуў у арку, забег у пад’езд і — шмыг у першыя ж дзверы. Ці мала хто да каго ідзе, можа ў госці, можа па справах.
— Так, па справах.
— І гэта кватэра была менавіта такая, пакуль не з’явіліся вы, і... ведаеце што, я зраблю вам падарунак.
— Ой, што вы, што вы, не турбуйцеся.
— А гэта і не зусім мае падарункі, гэта дарункі ад Фрыдрыха Фрэбеля. Для развіцця дзіцяці ў самым раннім веку Фрэбель прапанаваў шэсць «дарункаў». Першы з іх — мячыкі.