— Значыць, мы хутка пройдзем каля турмы, выйдзем на праспект каля крамы кружэлак. І пабачым твайго тату...
Яны рушылі да Валадаркі, прайшлі праз ачапленне. Іх моўчкі прапусцілі — людзі са шкарлупіннем на галаве.
Прайшлі ля белых турэмных муроў і па вуліцы імя Валадарскага выйшлі на праспект. Карціна была, як ў сне — з аднаго боку праспекту па ходніках ішлі людзі, як звычайна, а на другім баку амапаўцы змагаліся з дэманстрантамі — махалі дубінкамі.
— Дзе тата? — спытаў хлопчык.
— Там.
Было страшна і няясна, чым скончыцца. Каля ГУМу зноў ланцуг, зноў круглыя, бліскучыя галовы ў шлемах.
І дзяўчыну з хлопчыкам зноў прапусцілі, расступіліся перад імі. Моўчкі. Праз арку яны зайшлі ў двор, пасля ў пад’езд, дзе на першым паверсе жыла дзяўчына.
У кватэры дзяўчына ўключыла тэлевізар — паказвалі добра толькі дзве праграмы, так, што можна было глядзець: беларуская і расейская.
— Ёсць мульцікі, і ёсць навіны, што будзеш глядзець? — звярнулася яна да хлопчыка.
— Навіны.
Канал быў расійскі, але паказвалі навіны з Мінску.
«...черепно-мозговые травмы, по некоторым сведениям, есть убитые».
Забітыя!??
Хлопчык сядзеў на канапе з цёмна-бардовай абіўкай перад тэлевізарам. Канапу дапамагла выбраць і набыць сяброўка. Добра дапамагла, нібыта набывала для сябе. Разам ездзілі ў Дом мэблі на Камароўцы. Цёмна-бардовая канапа, абабітая матэрыялам, падобным на плюш, з выпуклымі хвалямі, у раскладзеным выглядзе вельмі нізкая — як матрац, які ляжыць на падлозе. Канапа дзяўчыне падабалася. За выбар канапы яна была сяброўцы ўдзячная.
З намі не можа адбыцца нічога такога, чаго няма ў нашай падсвядомасці. Але ці можа побач з намі існаваць нешта не нашае, нябачнае, ледзь адчувальнае і незразумелае, што не належыць нам, а прыцягвае здарэнні і людзей? Было ж такое, што адчувала ў гэтай кватэры дзяўчына рэзкі пах адэкалону, які невядома каму належаў. Пах моцнага тытуню. Не наш час, не нашыя пахі — рэзкія, выразныя, добра акрэсленыя. Суседзі падказалі, што ад часу пабудовы дома ў кватэры ніколі не жылі людзі. Тут была службовая кватэра, у якой супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў сустракаліся са сваімі пазаштатнымі агентамі. Вельмі зручна — зайшоў у арку, павярнуў направа, у пад’езд, першая кватэра на першым паверсе.
Хлопчык між тым глядзеў навіны па НТВ.
І ўжо па тэлевізары перадалі, што на акцыі ў Мінску ёсць параненыя і забітыя. Хлопчык паглядзеў на дзяўчыну.
— Пайду гатаваць вячэру, — сказала тая, — павячэраем разам, калі твой тата прыйдзе цябе забіраць. Твой тата ведае, дзе я жыву.
Па доўгім калідоры яна прайшла на кухню. Прадуктаў было зусім мала. Была недапітая бутэлька каньяку «Метакса», бульба, алей. Дзяўчына пачала гатаваць страву, якую іншая яе сяброўка называла «таранае-жаранае». Гэтую сяброўку дзяўчына вельмі паважала за тое, што тая скончыла сапраўдную беларускую школу ў вёсцы і ведала, як гучыць па-беларуску Ленінава азначэнне матэрыі: «аб’ектыўная рэчаіснасць, дадзеная нам у адчуваннях». Для сяброўкі беларуская мова была роднай, жывой, яна ведала шмат словаў, якія сапраўды жылі. У гэтым сэнсе дзяўчына вельмі ёй зайздросціла, бо самой давялося вывучаць беларускую мову толькі па кнігах, дзе не было нічога пра «таранае-жаранае». Мова мусіць быць жывой.
Страва прыгатавалася хутка, але хлопчык папрасіў пачакаць тату і не вячэраць без яго. Дзяўчына падышла да вакна, узялася зьнізу за шырокае, драўлянае, шмат разоў пафарбаванае і навобмацак няроўнае падваконне, стаяла і думала: чым усё скончыцца? Адказу не ведала, нават прыблізна.
Тэлефона ў кватэры не было. Дзяўчына пакінула хлопчыка аднаго і пайшла на вуліцу да тэлефона-аўтамата, на скрыжаванне вуліц Леніна і Карла Маркса, дзе крама «Каўбасы». Набрала тэлефон сядзібы руху, які арганізоўваў акцыю.
— Акцыя скончылася, ўсе разышліся, — паведамілі ёй.
— А дзе Алесь?
— Дома, відаць, ужо! — адказалі весела. Там смяяліся і нешта жавалі.
— Не, не дома...
Пасля яна набрала нумар той сяброўкі, якая скончыла беларускую школу, і спыталася: «Што рабіць?»
Сяброўка прапанавала сказаць, што тата заняты, што ён перадае сыну, каб той клаўся спаць, а зранку ён яго забярэ. Падманваць не хацелася, але што яшчэ можна было сказаць?
Калі яна скончыла размову і павярнулася да скрыжавання, то ўбачыла, што каля параднага пад’езда дома насупраць, музея Пятруся Броўкі, стаяць людзі ў цывільным: кураць і прыглядаюцца да яе. Перагаворваюцца.
Не хапала, каб яшчэ яе забралі. Яна хутка пабегла ў кватэру. Сказала хлопчыку тое, што параіла сяброўка. Хлопчык паверыў, ці не паверыў, але паслухаўся, папрасіў дазволу памыць ногі і лёг спаць на канапе.