Дзяўчына патушыла святло і прычыніла дзверы пакоя, потым патушыла святло і на калідоры. Сваю пасцель перанесла на кухню. Доўга стаяла каля вакна без святла. Спадзявалася, чакала. Нічога, нікога.
Лягла спаць на падлозе, прыслухоўваючыся да падземных гукаў. Недзе там, пад падлогай, была развілка метро, увесь час адбываліся таемныя рухі. Пад іх дзяўчына і заснула.
Пад раніцу задрыжэў паркет — пад зямлёй ажыло метро, цягнікі разыходзілся па розных адгалінаваннях.
Раніца не прынесла зменаў і навін. Ніхто не прыйшоў.
Дзяўчына збегала ў краму, набыла рыбных палачак, глазіраваных сыркоў. Паснедалі. Узялі ранец і пайшлі на працу ў Траецкае прадмесце.
Жанчыны на працы здзівіліся, калі пабачылі дзяўчыну з хлопчыкам.
— А дзе Алесь?
— Зараз мы возьмем батон і пойдзем карміць качак на Свіслач, — сказала дзяўчына. — А вы патэлефануйце... — і назвала сябра Алеся.
Узялі на працоўнай кухні батон, знялі ранец. Школа адмянілася. Пайшлі на Свіслач. Сонца. Красавіцкае сонца на хвалях. Качары і шэрыя качкі. Шмат маладых не па парах. Сонца блішчыць на зялёных шыях.
Дзяўчына вучыла хлопчыка адрозніваць самца ад самак.
— Самец заўсёды яркі, самка шэрая.
Качкі елі батон, да іх далучыліся драпежныя чайкі — хапалі белы хлеб у паветры.
А пасля хлопчыка забраў да сябе татаў сябра.
І дзяўчына з каляжанкамі пачалі тэлефанаваць паўсюль, куды тэлефануюць, калі чалавек знікае раптам з вуліцы і яго нідзе няма.
Знайшлі ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска. Пайшлі туды з сяброўкай, той самай, якая дапамагала выбіраць канапу.
І быў суд, і прысудзілі штраф.
Каля Мастацкага музея, пасавіўшы нагу на тумбу з вялікім каменным шарам, Алесь уцягнуў матузкі ў чаравікі. Матузкі забіралі пры затрыманні.
Яго ўзялі каля таго самага дому, дзе музей Пятруся Броўкі. Тыя самыя людзі ў цывільным.
Утраіх яны зайшлі да дзяўчыны, выпілі «Метаксы» за вызваленне.
А пасля тата паехаў забіраць хлопчыка.
Гісторыя скончылася.
У хуткім часе шмат людзей пачалі шукаць сваіх блізкіх, якія знікалі пасля мітынгаў. Але тое тычылася будучыні, якая толькі наступала. Тады ніхто не ведаў, што будзе далей.
Дзяўчына вярнулася ў кватэру.
На паркеце ля канапы ляжаў недапісаны ліст да сяброўкі ў Канаду:
«... думаю пра рэальнасць сноў. Цікава, што ў мяне няма і не было (можа, пару разоў у жыцці) кашмараў або сноў, у якіх на мяне нападаюць і мне трэба абараняцца. Але маю некалькі падобных паводле зместу, паўтаральных сноў. У першым я ў вялікім гатэлі і ведаю, што недзе ў ніжніх падземных частках гатэлю ёсць добрая сауна і басейн, я падыходжу да іх і гляджу — бачу людзей у вадзе. Мне ўсё падабаецца, а потым я іду ў нумар, каб пераапрануцца, але замест распраналак апынаюся ў анфіладзе брудных прыбіральняў і ў выніку так і не трапляю ў ваду. І тое ж самае пра мора: я пачынаю ісці да мора, але на дарозе натыкаюся на бетонные агароджы, калючы дрот, тупікі. Хаця ў сне пра мора я некалькі разоў была трапіла да вады, але тая аказалася пякуча халоднай».
Частка 3. Лядоўня ў кватэры № 0
Белая лядоўня літоўскай фірмы «Снайге».
Некалі, пад настрой, на ёй змясцілі пераводныя малюнкі — матылі, жукі, стрылаткі. З часам выявы інсектаў абляцелі — фрагментамі. Асабліва пацярпелі стрылаткі — іх тонкія лапкі ды тулавы амаль знікілі, засталіся пункцірныя кропкі на белай паверхні.
З 1985 года лядоўня стаяла ў кватэры, дзе дзяўчына жыла разам з сяброўкай. Сяброўка выйшла замуж. Дзяўчына выехала, а пасля даведалася, што лядоўню муж сяброўкі прадае. Купіла лядоўню з напаўсцёртымі матылямі, стрылаткамі ды жукамі. Купіла, бо не хацела, каб лядоўня, якая рытмічна гула па начах, перайшла ў чужыя рукі.
Дзяўчыне даводзілася спаць на кухні побач з лядоўняй, ёй падабаўся гул і гук, з якой лядоўня марозіла, уключалася і выключалася. Гук лядоўні супакойваў. Дзяўчына забрала лядоўню з сабой у новае жыццё. Як тое, што суцяшае.
Лядоўню перавозіў кіроўца з прозвішчам Бабло — не з мянушкай, а па пашпарце. Бабло дапамог не толькі перавезці, але і выгрузіць і зацягнуць лядоўню на першы паверх.
— Толькі не кажыце нікому, дзе я цяпер жыву, — папрасіла дзяўчына.
— Чаму? — запытаўся ён у дзвярах. І адразу ж супакоіў:
— Добра, не скажу.
Пры гэтым так загадкава ўсміхаўся, як усміхаюцца былыя вяскоўцы — не зразумела, што чалавек думае. А калі зразумеш, то ўсё — ужо позна.
Лядоўня пераехала на новае месца. Цяпер пад падлогай грукацела метро, а ў кватэры над метро — лядоўня «Снайге».