Кухня, стол. Над сталом лямачка ў чырвоным плафоне.... Яе можна паварочваць ва ўсе бакі — як зручна.
Дзяўчына на кухні за сталом. Бярэ з лядоўні лімон з цукрам. У лядоўні загараецца лямпачка.
Люты. Першы паверх. Грукнула ў шыбу. Вільготна ляснула і расцяклося. Цемра за вакном. толькі цьмяны ліхтарык зверху — ля ўваходу ў пад’езд.
Бліскучая слоць на шкле. Крышталікі снегу ў святле ліхтара над пад’ездам.
Дзяўчына зразумела — аб шыбу разбілася снежка. Лютаўскі снег траціў сваю зімовую структуру: быў яшчэ ў буйных крышталях, але неўзабаве мусіў ператварыцца ў слоць, пасля ў ваду, і потым — у туман. Знікне туман, застанецца празрыстая ўрачыстасць.
Сплывала снежка на шкле — разбіты срэбны шарык зімы.
У двары цёмна, на кухні светла, зразумець, хто там — цяжка. Шэрая постаць. Чалавек.
Пабачыў дзяўчыну, узрадваўся, пачаў махаць рукамі — паказваў, каб адчыніла пад’езд, бо там кодавы замок — трэба ведаць спалучэнне лічбаў.
Дзяўчына адчыніла. У яе быў сябра, які любіў спрачацца з мінскімі помнікамі пісьменнікам, асабліва з адным — падобным на Фантамаса. Але гэтым разам прыйшоў не ён. Прыйшоў іншы добры сябра, амаль сваяк, прынёс 50 даляраў. На гэтыя грошы трэба было набыць прадукты і рэчы, а пасля зрабіць перадачу чалавеку, які знаходзіўся ў Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Дзяўчына грошы ўзяла, але як рабіць перадачы — не ведала. Што адбываецца ў спратах Валадаркі — не ўяўляла. Гэта быў іншы свет, які не меў нічога супольнага з яе ўяўленнем пра жыццё і людзей.
Дзяўчына праводзіла свайго вечаровага госця. Выйшла з ім у двор. Друзлы снег... лютаўская слота.
Усё ў двары было пампезным: высокія аркі з брамамі — спалучэнне сталі і чугуна — стойкі, рамкі, сталёвыя дзіды, а аздабленне — завітушкі, чугуннае ліццё.
Дзяўчына падумала, што квадрат двара з брамамі пад уплывам злой волі мог ператварыцца і ў пастку ў цэнтры горада, у якую можна загнаць шмат людзей. Замкнуць браму і паставіць ахову. А з вуліцы — нічога не відаць.
У двары і без таго ставілі аўтобусы з АМАПам, — таксама не відаць звонку. АМАПаўцы ўжо зранку сядзелі ў аўтобусах і гулялі ў карты, чакаючы свайго часу.
Люты. 1997 год. Метамарфозы снегу і лёду.
Адліга. Плошча Свабоды. Лёд ператвараўся ў ваду, сплываў пад асфальтам па старым бруку з Верхняга гораду да Свіслачы.
Тое, што ўзімку было моцным, гладкім, коўзкім і цвёрдым, ператваралася ў ваду. Белае ператваралася ў шэрае, шэрае — у бясколерную празрыстасць. Халодная слоць уздымалася туманам.
Туман ахінуў Плошчу Свабоды. Дзяўчына пайшла паглядзець, як трэба рабіць перадачу ў спраты Валадаркі.
Людзі з вялікімі абшарпанымі торбамі зварочвалі з праспекта Францыска Скарыны на вуліцу Валадарскага. Неслі перадачы.
Чарга да вакенца.
Каля вакенца ў сцяне адбываецца дзея: жанчына сталага ўзросту перадае для сына вялікі цэлафанавы мех добрых цыгарэт, змацаваных гумкамі, каб не паламаліся, — у пачках перадаваць нельга. І яшчэ большы празрысты мех з ліставой гарбатай:
— Хай чыфірыць сабе на здароўя, — гаворыць яна і, задаволеная, сыходзіць. Не драматызуе.
Маладазіца ў вакенцы перадач усе рэчы перабірае, прадукты ўзважвае і закідвае ў адмысловыя мяхі, які пасля развязуць па камерах.
Адна жанчына з чаргі просіць, каб прынялі газет з красвордамі і анекдотамі.
— Вазьміце, калі ласка, красворды, дэградуюць жа там хлопцы.
— Не дэградуюць, — адказваюць з акенца, — будуць чытаць тое, што мы даем. У іх там тэлевізары стаяць.
Газеты з анекдотамі не прымаюць, не прымаюць і адзенне колеру «хакі» — гэта колер ахоўнікаў. Заношаная і рваная бялізна не прымаецца:
— Яны скажуць, што гэта не іхняе, маўляў, гэта мы падмянілі новае за старое.
Прымаюць перадачу ў старой жанчыны. Адзін батон аказаўся лішнім. Пераважыў 5 кілаграм.
— Батон, вазьміце батон, — нясецца над чаргой рэзкі крык з плачам, — хай паесць батону. У яго сёння дзень народзінаў!
— У іх дзень народзінаў 12 разоў на год, — адказваюць з вакенца. — Як бацькі прыйдуць, адразу дзень народзінаў.
Батон не прымаюць.
— У дзяцінстве батонамі трэба было карміць і казкі добрыя расказваць, — гаворыць нехта з чаргі, вельмі ціха, як бы сам сабе.
Чаканне.
Цяжка вытлумачальны стан ў тоўстых мурах.
Ціск.
Аб’ява пра тое, што дазвол на перадачы можна падпісаць ў начальніка ўстановы.
Гэты замак з вежамі і мурамі пасярод Мінску — установа? Установа, у якой ёсць начальнік? Валадар цемры і муроў. Як можа выглядаць начальнік установы? Як сатана, які ў душу? Чым ён там займаецца ў спратах Валадаркі? Дзе кабінет яго? У вежы? Паглядзець бы на яго.