У слове СУМленне адчуваецца сум.
Адчуванне страты: у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Але ён жывы.
Мур. Паміж зняволенымі — і воляй.
«Няма нічога страшнейшага за сам страх», сцвярджаў Луцый Аней Сенека, рымскі філосаф-стоік. Страх мае адценні: ад самага слабага страху да жаху. Нават у старажытнагрэчаскай міфалогіі адрознівалі двух багоў: адзін — Фобас, бог Страху; другі — Дэймас, бог Жаху. А яшчэ быў бог лесу Пан, які мог наганяць на людзей невытлумачальны жах, калі чалавек уцякаў, не разбіраючы дарогі — адсюль «паніка». Напалоханымі людзьмі лягчэй кіраваць. Але ўлада, якая абапіраецца на страх, няўстойлівая, бо страх — пачуццё невыноснае.
Вяртанне ў кватэру.
Трывожны сон.
Трызненне праз сон.
Перад вакном хістаюцца цені — размытыя, нерэальныя. Не цень ад дрэва, а згустак. У вакне брунатныя згусткі, абрысы. Ад якіх сыходзіць пагроза. Як размытыя фарбы, але не на шкле, а ў паветры. Быццам нехта мазануў фарбай у паветры, а яно так і засталося ў паветры палоскай. І хістаюцца злёгку за вакном, у час світання.
Вісяць у вялікім старым вакне — займаюць усю прастору акна.
Страшнае, жудаснае, незразумелае, расплывістае. Без пэўнай формы.
Адчуванні жудасці.
Як у густым тумане на гары.
Ці ў тумане на Плошчы Свабоды, калі міліцыяты ў доўгіх плашчах цягнуць ў машыны маладых людзей, якія ўпіраюцца і не хочуць ісці.
Менавіта з гэтай сітуацыі вылучаецца формула: «Без падпарадкавання няма ўлады». «Ёсць падпарадкаванне — ёсць улада».
У зграях пацукоў, як і ў супольнасці людзей, дзейнічае выразная іерархія. У пацукоў ёсць важакі і тыя, хто падпарадкоўваецца. Калі важак падыходзіць да любога з пацукоў і прымае пагрозлівую паставу, то пацук мусіць прыняць позу падпарадкавання — прыпасці ўсім целам да зямлі. Пры гэтым у важака ўздымаецца поўсць на шыі — раздзімаецца «каўнер». Пераканаўшыся ў сваёй поўнай уладзе, важак адыходзіць, цалкам задаволены.
Пачуццё камфорту і бяспекі ў зграі наўпрост залежыць ад ступені блізкасці да важака зграі. Пацукі-прыстасаванцы люта б’юцца паміж сабой за права быць бліжэй да важака.
А можна і не баяцца.
Навукоўцы-этолагі, якія вывучаюць жыццё і паводзіны жывёл у прыродных умовах, заўважылі, што ў пацучыных зграях часам з’яўляюцца пацукі-дысідэнты. Яны не рэагуюць на позу пагрозы паставай падпарадкавання, як ні раздзьмувае важак свой «каўнер».
Калі ў зграі з’яўляецца шмат дысідэнтаў, то сэрца важака не вытрымлівае, і ён гіне ад інфаркту. Так адбываецца змена важака ў пацучынай зграі.
Пра гэта пісаў Конрад Лорэнц (1903 — 1989), нобелеўскі лаўэрэат, адзін з заснавальнікаў эталогіі — навукі пра паводзіны жывёлаў.
Частка 4. Гатэль «Цішыня»
Дні ўспамінаў — трапляеш то ў цемру, то ў туман.
З’яўляюцца размытыя абрысы-прывіды, набываюць форму, рэзкасць і яскравасць.
На старых фотаздымках пазнаеш сябе па адзенні, па адмысловых гузіках на паліто. І, як на эксгумацыі, — паводле абутку. Прасцей пазнаць іншых — не сябе. Прыкладам, па гальштуках палітыкаў на фотаздымках можна вызначыць год.
Чалавек не бачыць сябе збоку, адбітак у люстэрку ці ў вітрынах — гэта не тое.
«Валадарка» — не толькі турма ў Менску. Памяць — валадарка часу і лёсу, валадарка ракі, асфальту і гранітных берагоў.
Праца ў музеі дае эфект: перастаеш заўважаць свoй час. Жывеш у 1997 годзе, а выставу робіш пра 1917 — і знаходзішся там, не ў сваім часе.
Ні для сябе, ні для іншага. А для самоты, якая спалучае светлы сум і адзіноту.
Патанаеш у часе, і з гэтай мутнай цёмнай глыбіні выплывае рознае — бурбалкі паветра з дна, рэчы, фрагменты чагосьці ці кагосьці.
Фотаздымак: Свіслач у тумане, Траецкае прадмесце, вуліца Багдановіча, з аднаго боку АМАП у шлемах, насупраць людзі са сцягамі.
Качкі ў Свіслачы. Вясна ці восень? Красавік ці лістапад?
На асфальце расколіны, шчыліны, якія заварожваюць.
Травень, 1997 год — свежае лісце на дрэвах ў скверыку ля помніка лётчыку-герою Грыцаўцу і зялёна-смарагдавая трава на газонах.
Вільготна і ў горадзе, і ў кватэры на першым паверсе.
Уначы і пад раніцу выразна адчуваецца вібрацыя ад важкіх цягнікоў метро, якія грукочуць пад зямлёй.
Паклееныя напрыканцы восені шпалеры набрынялі і пачалі спаўзаць са сценаў.
Паўзлі, як цяжкія шэрыя вусені.
Шоргаты і гукі пры адліпанні, як пры ператрусе, быццам нехта нябачны халоднай рукою сцягвае долу волкія шпалеры са сцяны — шукае схаваныя таемныя запісы — сведчанні віны.
У гуках адліпання чуюцца сцішаныя начныя галасы — некалькі чалавек гавораць паміж сабой — знайшлі ці не знайшлі тое, што шукалі? Не разабраць словаў у гэтым шолаху-шэпце. Тым часам нябачныя суразмоўцы пераходзяць да наступнай палоскі шпалераў.