Настрой змяняўся па некалькі разоў на дзень.
Балелі зубы. На працы параілі платную стаматалогію на праспекце Машэрава. Трэба паспець да адпачынку — ехаць за мяжу з зубным болем і анальгінам па ўсіх кішэнях не варта.
Першы раз лячыла зубы з анестэзіяй. Першы раз трапілася доктарка з лёгкай мяккай рукой. Першы раз спраўдзілася абяцанне, якое звычайна — хлусня: «Вы нічога не адчуеце!» Сапраўды, нічога не адчула.
— Як у вас так атрымлівецца? — запытала ў доктаркі.
— Я з дзяцінства марыла лячыць зубы людзям!
Адыходзіла «замарозка». Пасля анестэзіі трывожны сон: прыйшлі беларускія літаратары 20-х — 30-х гадоў, героі выставы «Покліч» з Музея Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.
Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост, з чорна-шэрага пластыліну. Рухаліся з цяжкасцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзенні, як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія пластылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць.
Зубы ўжо не балелі, але трывога нарастала.
Па вечарах прыходзіў Сябра-мастак, паказваў свае малюнкі — бясконцую серыю — секс з Сяброўкай. Інтымныя часткі цела — сінія і зялёныя — намаляваныя дасканала і падрабязна, але разам з тым абагульнена і ўмоўна, як знакі і сімвалы прынтоў для тканіны.
Разглядалі малюнкі пад ліхтарамі на вуліцы Леніна, на бульвары каля помніка лётчыку Сяргею Грыцаўцу — герою вайны ў Іспаніі і канфлікта на Халхін-Голе. 16 верасня ў 1939 года вінтом самалёта баявога таварыша лётчыку-герою адцяла галаву на вайсковым аэрадроме ў Балбасава. Трагедыя ў святле газавых ліхтароў і вогнішчаў, якія запалілі па пасадачнай паласе замест пражэктараў. Пахавалі лётчыка не на могілках, а каля аэрадрома. Герой загінуў знянацку.
Гісторыя пра лётчыкаў выглядае як біблейская — анёлы ляцелі па небе напачатку вялікай вайны, не было для іх нідзе перашкодаў. На зямлі гарэлі вогнішчы і газавыя ліхтары — святло здрадлівае, рухомае. Герой не робіць памылкі пры пасадцы, ён толькі хоча дапамагчы таварышу, але вінт самалёта адсякае яму галаву. 17-га верасня газеты паведамляюць не пра смерць героя, а пра ўз’яднане Беларусі — Усходняй і Заходняй.
Сіне-зялёныя малюнкі Сябра-мастак забраў з сабой — у тэчцы. У яго такіх шмат. Малюе ён і сябе, але чорным.
Пад раніцу прачнулася нібыта ад раптоўняга дакранання.
Ускочыла — нікога не было, толькі шпалеры спаўзлі яшчэ ў адным месцы, дзе да таго трымаліся моцна.
У пакоі адчуваўся пах тытуню.
Ключ ва ўваходных дзвярах хістаўся, быццам бы толькі што нехта выйшаў і зачыніў дзверы за сабой.
Нікога няма.
Зранку шкло ў гадзінніку «Луч» з сярэдзіны запацела — не зразумець, каторая гадзіна. Рушнікі мокрыя, усё, што трэба высушыць — не сохне.
Сабралася ў вандроўку.
Ключы ад кватэры аддала Сяброўцы з сіне-зялёных малюнкаў. А Сябар падараваў перад дарогай двухтомнік Томаса Мана «Іосіф і яго браты». З сабою ўзяла першы том на 10 дзён адпачыку.
Вандроўка ў Балгарыю, туды — цягніком, вяртацца — аўтобусам. У турагенцтве спыталі, дзе яна хоча жыць — у прыватным катэджы ў гаспадыні ці ў гатэлі са сняданкам. Абрала гатэль.
З Мінску ў балгарскае мястэчка Прыморска выехала група колькасьцю ў 8-м чалавек: жанчыны і адзін пяцігадовы хлопчык, сын гандляркі дзіцячым абуткам з «Дынама». Не сезон.
У мястэчка Прыморска толькі-толькі пачыналі ездзіць турысты, раней гэтая зона была забароненай. Побач — былая летняя рэзідэнцыя камуністычнага лідара Балгарыі Тодара Жыўкава.
Паўвыспа.
Левы бераг — глыбокая сіняя вада, хвалі з белай пенай. Выразны гул хваляў.
Правы бераг — вада блакітная, лагодная, — неглыбокая.
Гатэль толькі адзін — шматпавярховік з бледна-блакітным надпісам «Тишина».
У першы дзень адпачынку плавала ў халодным моры.
Холад хваляў даходзіў да сэрца, працінаў да костак, цёмная вада прадказвала балючыя змены.
Выходзіла на сняданак — была зусім адна ў вялікай рэстарацыі, у стылі 70-х — згадка пра краіны Варшаўскай дамовы. Сняданак — чорныя аліўкі, яйка, каўбаса, гарбата на зёлках. Супрацоўнікі гатэля назіралі збоку.
Больш людзей у гатэлі «Тишина» не было — адна.
Чытала на сёмым паверсе кнігу Тамаса Мана і час ад часу прыслухоўвалася — ці жывуць тут людзі. Не, не было.
Выправілася на шпацыр, з мястэчка пайшла па беразе мора да былой рэзідэнцыі «Перла» Тодара Жыўкава —на той частцы паўвыспы, дзе вада ў моры цёмна-сіняя, глыбокая, халодная.